Праект газеты
Каханне Чарговае вяселле ў нацыянальным стылі, якое ўразіла гасцей з Расіі ФОТЫ29

Два гады таму Андрусь Клачкевіч і Яніна Перажогіна пазнаёміліся на вяселлі яе траюраднай сястры, а сёлета ўжо зладзілі сваё свята кахання.

Андрусь і Яніна.

Калі паўстала пытанне, якім будзе гэты дзень, ніякіх іншых варыянтаў, акрамя як рабіць яго ў нацыянальным стылі, ім у галаву не прыйшло. Яніна тлумачыць гэта проста: «Дзіўна было б не любіць тое, што звязана з тваёй роднай краінай». Маладыя цікавяцца нацыянальнай гісторыяй, чытаюць творы айчынных пісьменнікаў і стараюцца ўжываць мову ў сваім беларускамоўным асяроддзі.

Партнёры дамовіліся, што, як мінімум, смс-кі адзін аднаму будуць заўсёды пісаць па-беларуску.

Яніна — будучы доктар, Андрэй працуе інжынерам-праекціроўшчыкам. З моманту прапановы да даты вяселля заставалася ўсяго сем месяцаў, таму яны аб’ядналі намаганні і пачалі ўвасабляць свой сцэнар у жыццё. Жаніх прыдумляў варыянты запрашэнняў з арнаментам, разам збіралі шышкі ў лесе для дэкору. Мятлік для Андрэя замовілі ў рамеснікаў Машарскіх, якія працуюць над брэндам Batlosco, а пояс з арнаментам для сукенкі стварыла дызайнерка Анастасія Фальковіч.

Смачнейшыя ж пернікі, якія потым прэзентавалі гасцям у якасці падарункаў, у бел-чырвона-белыя колеры размалёўвала каманда кавярні-майстэрні «Да».

Адной з самых складаных задачак сталі пошукі беларускамоўнага вядучага: некаторым прафесіяналам правесці вяселле на мове было не пад сілу, адзінкі пагаджаліся, але без энтузіязму, але маладыя шукалі менавіта таго, хто сам атрымліваў бы асалоду ад працы на мове. У рэшце рэшт яны знайшлі тое, што шукалі ў Віцебску ў асобе Максіма Панчанкі.

З вядучым Максімам Панчанкам.

Вянчанне ў касцёле.

Акрамя праграмы вядучага, у рэстаране, куды ўсе госці перайшлі адразу пасля вянчання ў Чырвоным касцёле, атмасферу на свяце стварала тэатр-студыя «Варгін», акцёры якой ладзяць відовішчныя шоў на аснове традыцыйных гульняў і спеваў. Разам з імі запрошаныя танчылі «Лявоніху» і спявалі «Цячэ вада ў ярок».

Дарэчы, нявеста таксама падрыхтавала класны музычны нумар: Яніна цягам 9 гадоў вучылася граць на цымбалах і на ўласным вяселлі ўзгадала школьныя веды, выканаўшы папуры з такіх хітоў, як «Касіў Ясь канюшыну» і «Ах, гэта вяселле» і іншых.

Свой талент у новаспечанай сям’і ёсць і ў мужа: раней Андрэй займаўся бальнымі танцамі, так што номер маладых не выклікаў у іх складанасцяў. За тыдзень яны самі прыдумалі ўсе рухі пад беларускую песню Юзары «Мора».

Цікава, што на такім вяселлі нават тыя госці, якія не размаўляюць па-беларуску, уключыліся ў агульную тэматыку і віншавалі маладых на мове.

У захапленні ад нацыянальнага свята былі і госці з Расіі, якія не ўсё сказанае зразумелі, але агульны настрой ім дужа спадабаўся.

Кацярына Карпіцкая, фоты Яўгена Лазарчука

Каментары
Марыська / Адказаць 15.09.2017 / 06:40

Малайцы. Шчасця і здароўя маладым. А таксама шмат дзетак і нязгаснага кахання.

А зайздроснікі могуць памаўчаць і не пісаць каментары ў стылі - "хіба гэта беларускія строі", "як дасталі з беларускасцю" і г.д.

Пара сапраўды зладзіла прыгожае і стылёвае вяселле. Паболей бы такіх.

1
Русафоб непамяркоуны, Змагар, Свядомы, Пан, Беларус-туркабандэравец / Адказаць 15.09.2017 / 07:27

Крута! Малайцы! Шчасця!

1
Чытач / Адказаць 15.09.2017 / 08:15

Рэд. Дзякуй. Выправілі.

0
каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура