Праект газеты
Дом Беларускі расказваюць, дзе лепш жыць: у ЗША, Канадзе, Польшчы ці Расіі14

Амерыканскі сайт U.S. News & World Report апублікаваў рэйтынг краін, для жанчынам жыць найбольш камфортна. На першым месцы апынулася Швецыя, а Беларусь заняла ганаровае (?) 36-е месца.

У даследаванні ўлічваліся такія паказчыкі як эканамічны дабрабыт, правы жанчын, гендарная роўнасць і бяспека.

Нашы краіны-суседкі размясціліся ў рэйтынгу наступным чынам: Польшча на 21-м, Латвія на 28-м, Расія на 30-м, Украіна на 52-м месцах. Акрамя Швецыі, у дзясятку найлепшых трапілі Данія, Нарвегія, Нідэрланды, Канада, Фінляндыя, Швейцарыя, Аўстралія, Аўстрыя і Новая Зеландыя.

У большасці выпадкаў розныя рэйтынгі — даволі суб’ектыўная з’ява, таму мы папрасілі беларусак, якія не першы год жывуць за мяжой, параўнаць узровень жыцця тут і там.

Расія: Наталля Марцішка, дызайнер упрыгожванняў

Магу адзначыць, што ў Расіі нашмат больш перспектыў для творчых людзей. Тут ёсць дзе разгарнуцца: больш конкурсаў, школ і разумення аўдыторыі. У Беларусі ж існуе мяжа, якой ты як дызайнер дасягаеш вельмі хутка.

Наш творчы асяродак нагадваў мне цёплае балота, дзе вельмі ўтульна, але радыкальных прапаноў ці выклікаў амаль не здараецца.

Плюс да Беларусі ўсе сусветныя трэнды чамусьці даходзяць праз два-тры гады, як адшумяць на сусветных подыумах. Для дызайнераў гэта вельмі дрэнна: нават калі ты геній і апярэджваеш час, можаш памерці, пакуль гэта нехта паспее ацаніць.

З чым я сутыкалася ў Расіі ў негатыўным плане — гэта медыцына.

Тры гады таму, калі я толькі пераехала ў Маскву, вельмі здзівілася, што тут існуюць полісы абавязковага медыцынскага страхавання (АМС). Яны выдаюцца толькі грамадзянам Расіі ці тым, хто атрымаў від на жыхарства. Тых, хто не мае АМС, замацоўваюць за паліклінікамі па месцу рэгістрацыі: ты маеш права на бясплатнае медыцынскае абслугоўванне, але яно тут у некалькі разоў горшае за самае горшае, якое ёсць у Беларусі. Чэргі шалёныя, спецыялістаў не хапае. Зубы я да гэтага часу езджу лячыць у Беларусь, бо тут іх могуць сапсаваць на раз-два. Большасць рускіх жанчын набывае вядзенне родаў і самі роды, бо калі нараджаеш бясплатна, дактарам на цябе пляваць.

Сем’і і размеркаванне роляў у іх традыцыйныя: дзесьці лідарам з'яўляецца мужчына, дзесьці — жанчына. Па-рознаму. Але ўзровень жыцця тут іншы: калі ў маім родным Брэсце той, хто зарабляе 500 даляраў, амаль што кароль, то тут гэта толькі стартавая сума, даволі нізкая.

Бяспека залежыць ад раёна горада. Існуюць месцы, дзе і днём могуць прычапіцца: асабліва ля апошніх станцый метро, дзе кватэры здаюцца вельмі танна.

Калі параўноўваць з тым жа Брэстам, то дома я спакойна магла гуляць усю ноч, да самай раніцы, але гэта таму, што горад невялікі. Ды і не такая ў нас мульцінацыянальная краіна, дзе побач ўжываецца шмат тэмпераментаў.

З плюсаў жыцця ў Маскве магу адзначыць цудоўна развітую анлайн-дастаўку: любая рэч з любой крамы, прадукты ці вячэра будуць у цябе дома ў патрэбны час.

Людзям прыходзіцца шмат працаваць, таму на хатнія справы амаль не застаецца часу. Паслугі клінінгавых кампаній, няняў ці нават гасцініца для хатніх жывёл — усяго гэтага тут шмат і па даступных цэнах, бо канкурэнцыя вялікая.

Украіна: Валянціна Кніга, медыцынскі работнік

Што б ні дэманстраваў рэйтынг, ва Украіне, мне здаецца, ва ўсім больш выбару: пачынаючы ад кубачка кавы і заканчваючы выбарамі палітычнымі. І калі ты хочаш працаваць, то тут зможаш зарабіць любыя грошы. У Беларусі я такога не назіраю.

На пол на працы дакладна ніхто не глядзіць: тут вельмі шмат бізнэс-вумэн, імі захапляюцца, яны ладзяць трэнінгі. Ва Украіне ў прынцыпе не так звяртаюць увагу на знешні выгляд: галоўнае — хто ты і што можаш даць. Астатняе — другаснае.

Больш бяспечна я сябе адчуваю, канешне, у Беларусі. Але ў нас гэты спакой скаваны: людзі напужаныя і баяцца зрабіць крок улева ці крок управа, таму ад іх сыходзіць менш дзеянняў. Банальны прыклад з паркоўкай: у нас усе паркуюцца, як хочуць, і ніхто нічога не робіць. Украінцы нярэдка бяруць і проста пераносяць аўтамабіль хама на іншае месца.

Што ў Беларусі працуе лепш — дык гэта сістэма аховы здароўя. Ва Украіне амаль усе вымушаныя хадзіць у прыватныя клінікі, у нас жа сацыяльная медыцына хаця б на мінімальным узроўні, але падтрымліваецца.

ЗША: Вольга Арахоўская, інжынер

Трэба пачаць з таго, што ў Штатах існуюць федэральныя і законы штатаў, таму мой каментар будзе абагульненым.

У ЗША адсутнічае паняцце аплаты дэкрэтнага адпачынку. Самі кампаніі могуць выплачваць нейкія грошы, але такое здараецца вельмі рэдка. Жанчына ў ЗША атрымлівае тры месяцы адпачынку, які не аплочваецца. У гэты час ёй проста гарантуецца працоўнае месца. Сярод маіх знаёмых і сяброў даволі распаўсюджаная практыка вяртацца на працу ўжо праз два тыдні пасля родаў, таму што працадаўцы настойвалі на гэтым ці нават пагражалі.

Хоць у апошні час сітуацыя для амерыканак змянілася ў лепшы бок, але ўсё адно існуе розніца ў аплаце працы жанчын і мужчын: мужчына зарабляе даляр, жанчына — 79 цэнтаў. Я працую інжынерам на дзяржаўную кампанію і ведаю, што мужчыны на гэткай самай пасадзе зарабляюць больш за мяне.

У белых жанчын у ЗША больш магчымасцяў, чым у Беларусі. Але афраамерыканкі і лацінаамерыканкі зарабляюць нашмат менш.

Калі казаць пра нейкую гендарную роўнасць, то амерыканкі разумеюць мяне лепш. Славянскія жанчыны не лічаць сябе прыгнечанымі і мяркуюць, што няроўнасць палоў — гэта норма.

ЗША: Яўгенія Аднаворава, клерк у шпіталі

Амерыка вельмі розная, я магу казаць толькі пра Нью-Ёрк. Праблема гендарнай няроўнасці тут прызнаецца, але я бачу барацьбу на кожным кроку. Як і ўсюды, тут прысутнічае разбежка ў колькасці спецыялістаў у сферы навукі і тэхнікі. Я збіраюся паступаць на тэхнічную спецыяльнасць. Калі я абірала, куды паступаць, аказалася, што менавіта для жанчын у гэтай сферы існуе мноства грантаў, аж да поўнай аплаты навучання. У прагрэсіўных IT-кампаніях перавагу часта аддаюць жанчыне-спецыялісту.

Хачу адзначыць, што ў Штатах ты можаш выглядаць і апранацца як табе падабаецца, няма такога ціску, як у Беларусі. Можаш займацца, чым хочаш: сядзець дома з дзецьмі, прысвяціць жыццё кар’еры, рэлігіі ці вандраванню, даследаваць свет сэксу…

Пальцам у твой бок ніхто тыкаць не будзе: тут ёсць выразнае ўсведамленне, што гэта тваё жыццё, і пражываеш яго менавіта ты, а не грамадства.

У шлюбе абавязкі размяркоўваюцца прыкладна аднолькава. Прыбрацца ў доме, прыгатаваць, памыць посуд, пагуляць з дзецьмі, дапамагчы ім зрабіць хатняе заданне ці адвесці на прышчэпкі лёгка можа і мужчына, і жанчына.

І яшчэ маё назіранне. Жанчыны тут шчыра падтрымліваюць адна адну ва ўсім. Адкрытага жаночага суперніцтва ці параўноўвання сябе з іншымі я не заўважыла. Тут жаночае сяброўства — нармальная з’ява, не такое, як у песнях Алегравай.

Асабліва мне падабаецца культура ментарства: калі жанчына, якая дасягнула поспеху ў жыцці, з добрых памкненняў бярэ пад сваё крыло маладую ці менш паспяховую і дапамагае парадамі і сувязямі.

Канада: Алена Лявончанка, навуковец у фармакарпарацыі

Пры ўмове добрага ведання англійскай мовы і наяўнасці еўрапейскага дыплому тут нашмат прасцей знайсці працу. На сваю я ўладкавалася самастойна, без дапамогі сяброў ці знаёмых.

Зарабіць грошы тут таксама прасцей. Статыстыка, канешне, сцвярджае, што сярэдні заробак жанчын меншы за заробак мужчын. Але калі ёсць жаданне і здольнасці — усе дзверы адчыненыя. Існуюць таксама дзяржаўныя праграмы падтрымкі для навучання і малога бізнэсу.

Калі жанчына адзінокая і мае дзяцей, ёй гарантавана сацыяльнае жытло і грашовая падтрымка ад дзяржавы, пакуль яна не працуе. У адрозненні ад Беларусі, на гэтыя сродкі рэальна пражыць.

Мне падабаецца, што канадскія медычныя ўстановы мінімальна ўлазяць у жыццё грамадзян. Няма флюараграфіі, аналізаў для паступлення дзяцей у садок або школу, санкніжак, вас не пакладуць у бальніцу проста дзеля прафілактыкі, бо гэта вельмі дорага абыходзіцца дзяржаве. Праўда, патрапіць на прыём да спецыялістаў кшталту оталарынголага або неўрапатолага тут таксама няпроста, бо папярэдне варта атрымаць накіраванне ад сямейнага доктара. У Канадзе амаль няма платнай медыцыны, таму можна пару месяцаў чакаць сваю чаргу на МРТ або нескладаную аперацыю.

Аплатны дэкрэтны адпачынак прадугледжаны ажно на год. Гэта фантастыка ў параўнанні з суседнімі штатамі, але даволі сціпла на фоне Беларусі.

Праўда, плаціць вам будуць толькі тады, калі вы адпрацавалі каля шасці месяцаў цягам года да выхаду ў дэкрэт. Расходы падзяляюцца паміж працадаўцам і дзяржавай: пералічваюць каля 80% ад вашага заробку. Няма пытанняў з дэкрэтным адпачынкам і для татаў: год можна падзяліць у любых прапорцыях паміж маці і бацькам.

Канадкі маюць права выглядаць так, як ім хочацца. Тут можна ўбачыць нашмат больш спартовага стылю, нікога не шакуе адсутнасць макіяжу. Вядома, існаванне гламурных выданняў, ціск мадэльных стандартаў, манікюрных і спа-салонаў, што на кожным кроку, не адмяняюцца. Але ўвогуле мясцовыя жанчыны выглядаюць больш натуральна: баявы раскрас пасярод белага дня — дурны тон.

Жанчыны тут масава ходзяць у спартзалы. Дзяўчынкі гуляюць у хакей і футбол, і, крый божа, камандзе хлопцаў аддадуць лепшы час на катку — падымецца вэрхал.

Мужчыны ўдзельнічаюць у цяжарнасці, родах і гадаванні дзяцей нароўні з жанчынамі. Калі муж адмовіцца знаходзіцца з вамі ў радзільні, персанал будзе вельмі здзіўлены. Таты гуляюць з вазочкамі, носяць дзяцей у кенгурухах, водзяць у школы, паркі — сапраўдная роўнасць.

Наконт бяспекі. Мусіць, тут лепш на дарогах і ў грамадскіх месцах для дзяцей. Паліцыі на вуліцах, у параўнанні з Беларуссю, мала. Летам паліцыянты патрулююць горад на роварах і на конях, гэта ўспрымаецца як атракцыён. На вуліцы не пабачыш п'яных, але пах марыхуаны адчуць можна паўсюль, незалежна ад раёну. Боек, агрэсіўных паводзінаў на вуліцы я не прыгадаю за ўсе дзевяць гадоў пражывання. У метро, здараецца, страляюць раз-два на год. За маю бытнасць у Таронта былі параненыя некалькі чалавек і, здаецца, аднаго забілі. У школах таксама бывае панажоўшчына або стрэлы, але не так шмат, як у ЗША.

Польшча: Алеся Чонг, фрылансер

У цэлым усе паказчыкі, пра якія вядзецца ў даследаванні, горшыя для ўсяго насельніцтва Беларусі, не толькі для жанчын. Таму і вынікі такія, мне здаецца.

Калі казаць пра Польшчу, то тут нельга ўявіць, каб цябе абражаў медычны персанал. Тут у прынцыпе куды больш арганізацый, якія займаюцца правамі жанчын, больш магчымасцяў даказаць злачынства ахвярам сямейнага гвалту.

Сістэма дапамогі ахвярам наладжаная на ўсіх дзяржаўных узроўнях.

Калі кабетам нешта не падабаецца, яны адразу ж масава выходзяць на вуліцы. Узгадайце шматтысячныя дэманстрацыі супраць забароны абортаў у 2016 годзе.

Польскія кабеты лёгка змяняюць працу, калі ім нешта не падабаецца, і часцяком падаюць у суд на сваіх працадаўцаў. У нас будуць цярпець да апошняга.

Беларускі не маюць упэўненасці, што знойдуць нешта іншае праз эканамічны крызіс, свой узрост і гэтак далей.

Кацярына Карпіцкая, ілюстрацыі Салі Ніксан

Каментары
rbb / Адказаць 18.09.2017 / 19:41

"Навуковец" у фармкампаніі парауноувае марыхуану з алкаголем? Па сацыяльнай рызыцы, шкоднасці для здароуя ці што? Хай пабмед адкрые які. Ці ен у Канадзе забаронены?

9
Dr. Leper / Адказаць 18.09.2017 / 20:01

rbb , они не курили, но осуждают! ;-D

3
Кропкабай / Адказаць 18.09.2017 / 20:51

Пытанне да Алесі Чонг. Ці можна ўявіць у Польшчы, каб пацыент абразіў медперсанал?

3
каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура