Праект газеты
Трэнды У Беларусі адбыўся першы паказ адзення для інвалідаў ФОТЫ8

Дызайнер Кацярына Цікота прэзентавала свой новы сацыяльны праект — лінейку інклюзіўных штаноў і камбінезонаў пад агульнай назвай «Tikota inclusive».

Дызайнер Кацярына Цікота.

Безбар'ернае асяроддзе — гэта не толькі магчымасць нармальна перасоўвацца па краіне і за яе межамі, наведваць бальніцы, тэатры, вучыцца ва ўніверсітэтах, працаваць па спецыяльнасці і зарабляць грошы. Безбар'ернасць таксама складваецца з такой простай рэчы, як добрае, камфортнае адзенне, у якім ты можаш выглядаць на ўсе 100%. На жаль, амаль 20 тысяч людзей з парушэннямі апорна-рухальнай сістэмы вымушаны адмаўляць сабе нават у апошнім.

Наталля Астаніна.

Спіс захапленняў лідчанкі Наталлі Астанінай уражвае: яна танцуе, займаецца парашутным спортам і працуе педагогам у сферы інклюзіўнай адукацыі. На вазку яна з дзяцінства, і прызнаецца, як і любой дзяўчынцы, ёй заўсёды хацелася добра выглядаць. Аднак, калі ў цябе нестандартныя параметры, зрабіць гэта складана. «Калі нешта і падыходзіць па памеры, то гэта, як правіла, не модная рэч ці зусім мне не пасуе. Варта адзначыць, што з такой праблемай я сутыкалася як і ў крамах роднай Ліды, так і ў Маскве, калі 4 гады там вучылася», — дзеліцца Наталля.

Аляксандр Панкевіч.

Аляксандр Панкевіч жыве ў Дзятлаве, працуе фрылансерам у тэхпадтрымцы. «Нават з маімі мінімальнымі патрабаваннямі да адзення кожны раз яго пошукі і прымеркі падобныя да катастрофы. Добра, што маці добра шые і можа ўсё перакроіць пад асаблівасці майго цела. Мужчыны таксама хочуць выглядаць стыльна, гэта важна не толькі дзяўчынкам», — працягвае тэму хлопец.

Кіруючыся парадамі Рэспубліканскай асацыяцыі інвалідаў-вазочнікаў, Каця Цікота пастаралася стварыць спецыяльнае адзенне ў фармаце «inclusive clothing», якое б вырашыла праблемы, з якімі кожны дзень сутыкаюцца не толькі Аляксандр і Наталля, але і тысячы іншых людзей з інваліднасцю. Пасля чарады кансультацый ад людзей, для якіх гэта вопратка і ствараецца, прымерак і ўдакладненняў, дызайнер, нарэшце, прэзентавала сваю новую калекцыю ў Нацыянальным аэрапорце «Мінск».

У якасці мадэлей на паказе выступілі як самі вазочнікі, сярод якіх былі паралімпійскія чэмпіёны, актывісты, блогеры і студэнты, так і знакамітыя госці: тэлевядоўца Дзяніс Дудзінскі, спявачка Вольга Сацюк, «Міс Беларусь-2008» Вольга Хіжынкова і іншыя.

Вы спытаеце, чым адрозніваецца інклюзіўнае адзенне ад звычайнага? Яно павінна прадугледжваць завышаную талію, каб было зручна нахіляцца і перасаджвацца ў машыну, адсутнасць кішэняў і любых іншых элементаў на задняй частцы штаноў. Доўгая шырынка, пяцелькі для падцягвання, дадатковыя маланкі знізу для лёгкасці зняцця джынсаў — гэта далёка не поўны спіс патрабаванняў, якія значна палягчаюць жыццё людзей з інваліднасцю.

Пасля прэзентацыі дызайнер збіраецца дапрацоўваць і ўдасканальваць сваю калекцыю. Ці будзе гэтая ідэя ўвасоблена ў масавай вытворчасці, залежыць ад таго, наколькі зацікавяцца ёй прадстаўнікі лёгкай прамысловасці. «Было б цудоўна, каб інклюзіўнае адзенне выйшла далёка за рамкі аднаго паказу», — марыць Каця Цікота.

Кацярына Карпіцкая, фота Ірыны Арахоўскай

Каментары
Віталь / Адказаць 17.05.2017 / 19:17

Добрую справу робяць. Не трэба замоўчваць гэту праблему. Вазочнікам патрэбны пандусы !!

0
Вечерний дозор / Адказаць 17.05.2017 / 20:02

Хороший почин.

0
Кропкабай / Адказаць 17.05.2017 / 20:11

Добрае пачынанне. Я нават і не задумваўся, што гэта сапраўдная праблема для людзей з абмежаванымі магчымасцямі.

0
каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура