Праект партала
Гісторыі Выканаўца патрыятычнага рэпа «Я з вёскі» Ксенія Дзягелька расказала, як змянілася яе жыццё36
30.01.2020 / 11:19

21-гадовая Ксюша Дзягелька — толькі ўжо не Дзягелька, а Шамякова — цяпер замужняя жанчына і маці 10-месячнай дачкі Евы, але ў шафе яна ўсё яшчэ захоўвае піянерскі гальштук і той самы школьны касцюм, у якім у 14-гадовым узросце з песняй «Я з вёскі» ўзарвала беларускі інтэрнэт.

Мы сустрэліся з Ксюшай, каб спытаць у яе, чым займаецца цяпер тая дзяўчынка з пасёлка Акцябрскі і ці ёсць у планах паўтарыць свой падлеткавы поспех якім-небудзь кліпам.

«Бывае, сумую па тых днях, калі ў мяне разрываўся тэлефон, калі запрашалі на тэлебачанне, калі бралі інтэрв’ю, калі я нават выступала за каманду КВЗ «Азія Мікс», — смяецца Ксенія.

Калі ўбачыла каментары да відэа, раўла цэлы дзень

Ксенія расказвае, што з дзяцінства была вельмі актыўнай дзяўчынкай. «Тыповая піянерская актывістка», як скажа сама Ксенія.

«У пасёлку, дзе жыве каля 7000 чалавек, заняцца абсалютна няма чым. Моладзі там амаль няма, усе, хто больш-менш талковыя, з’ехалі ў буйнейшыя гарады, працы няма, заробкі таксама невялікія. А мне заўсёды было сумна проста хадзіць у школу. Я наведвала ўсе гурткі мясцовага Дома творчасці: і вязанне, і танцы, і спевы. Не хадзіла толькі на гурток шыцця мяккіх цацак. Я з дзяцінства перакананая, што хлопчыкі павінны дарыць дзяўчынкам мяккія цацкі, а не я буду іх шыць сама сабе», — зноў смяецца Ксенія.

Там жа, у Доме творчасці, і шукалі піянера, які прадставіў бы Акцябрскі на конкурсе «Лідар года». Блогер Андрэй Павук, які тады працаваў у Доме творчасці, прапанаваў выступаць Ксеніі. Ён жа і выклаў відэа з песняй «Я з вёскі» на свой ютуб-канал.

«Я памятаю, ён тэлефанаваў і прасіў дазволу зрабіць гэта. Я тады нават падумаць не магла, што гэта відэа стане такім вірусным!»

«Рабіла я гэта абсалютна шчыра, верыла ва ўсё, пра што спявала. Цяпер, вядома, таго рамантычнага настрою ў мяне няма».

«У першы дзень, калі відэа з’явілася ў сеціве, зайшла пачытаць каментары. Як я раўла ад таго, што прачытала! Як я крыўдзілася! Але мне мама тады сказала: «Што ты? Гэта папулярнасць. Калі словы незнаёмых людзей так моцна цябе крыўдзяць, не чытай іх». Такая пазіцыя ў мяне засталася і сёння. Я не чытаю і не пішу каментары ў інтэрнэце. Калі сварыцца, то лепш гэта рабіць у твар. Дарэчы, я магу назваць сябе скандалісткай, асабліва з выкладчыцамі спрачаюся ва ўніверсітэце», — расказвае Ксенія.

Ксенія сёлета заканчвае Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры па спецыяльнасці «культуролаг».

«Я да сёння не ведаю, кім стану, калі вырасту», — усміхаецца яна.

Мужу пра цяжарнасць сказала пры дапамозе кіндэр-сюрпрыза

Муж Ксеніі займаецца будаўніцтвам і абслугоўваннем басейнаў, таму дзяўчына не выключае, што, калі выйдзе з дэкрэтнага адпачынку, стане дапамагаць яму ў гэтым бізнэсе.

«Муж хоча спрабаваць сябе ў іншых відах дзейнасці, а мне ён гатовы даверыць гэты бізнэс. Я і цяпер дапамагаю яму рыхтавацца да нейкіх выстаў. Каб не засумаваць у дэкрэце, раблю з пап'е-машэ вялізныя кіндэр-сюрпрызы. Муж не раз прапаноўваў мне завесці свой блог, я думаю над гэтым», — усміхаецца Ксенія.

Муж Ксеніі Яўген старэйшы за Ксенію на 8 гадоў.

Чытайце таксама:
Выканаўца патрыятычнага рэпа «Я з вёскі» Ксюша Дзягелька выйшла замуж і чакае дзіця

«Калі муж прыйшоў да маіх бацькоў рабіць прапанову, мая мама села на крэсла і сказала адно слова: «Не», — кажа Ксенія.

«Мама прасіла Жэню падумаць, гаварыла, што я яшчэ дзіця, і гэта пры тым, што я была ўжо цяжарная».

Ксенія расказвае, што Ева не была нечаканасцю.

«Мы даўно сустракаліся, а за месяц да таго, як зацяжарыць, з’ехаліся. Калі я даведалася пра тое, што цяжарная, купіла кіндэр-сюрпрыз, цацку дастала, а ў яйка паклала запіску пра тое, што ён стане татам. Яўген тады кажа: «Так, спачатку паедзем да маіх бацькоў, я там набяруся смеласці і натхнення, пасля раскажам тваім». З маімі бацькамі смешна атрымалася», — кажа Ксенія.

«Калі мы прыехалі да маіх бацькоў, тата з мамай ставілі агуркі. Калі я сказала, што цяжарная, тата ўзяў слоік і перадаў Яўгену. «На, кажа, цяпер салёныя агуркі вам спатрэбяцца». І выйшаў за дзверы», — прыгадвае Ксенія.

А мама сказала: «Я так і знала, што Ксенія паспее ўсё. І ва ўніверсітэт паступіць, і замуж выскачыць, і дзіця нарадзіць», — смяецца Ксенія.

Я збегла з радзільні на паўдня

Ксенія расказвае, што з нараджэннем дачкі не адчула ні пасляродавай дэпрэсіі, ні змяненняў у сабе, цяжарнасць не адбілася нават на фігуры.

«Я зараз хаджу на фітнэс, але, хутчэй, не для фігуры, а каб проста змяніць абстаноўку. Да таго ж хачу на гадзінку пакідаць дачку сам-насам з мужам. Калі я побач, мне здаецца, што ён не так яе трымае, не так корміць. А я разумею, што тату важна быць са сваім дзіцём, гутарыць, гуляць з ёй, як хочацца яму», — тлумачыць Ксенія.

Зрэшты, яна прыгадала гісторыю, калі з ёй здарылася істэрыка яшчэ ў радзільні.

«Нас павінны былі выпісаць, але ў дачкі знайшлі нейкую інфекцыю, яе з палаты забралі. Гэта невыносны стан. Дагэтуль не разумею, навошта дактары так робяць? Чаму нельга пераводзіць маму з хворым дзіцём у асобную палату? Уявіце сабе: усе мамы ў палаце ляжаць са сваімі дзеткамі, а ты ўвесь час адна. І табе фізічна балюча ад таго, што зараз, магчыма, баліць твайму дзіцяці. Калі мяне прыйшоў праведаць мой муж, я папрасіла яго забраць мяне. Збегла з радзільні амаль на паўдня. Дактары ўжо пачалі званіць: «Мамаша, вы дзе, вярніцеся», — кажа Ксенія.

Ксенія расказвае, што пасля нараджэння дзіцяці, адносіны з мужам сталі яшчэ больш цёплымі.

«Тут заслуга нашых бабуль. Калі мы пачынаем сварыцца, калі сталі не высыпацца, нервавацца, мы просім маю ці маму Яўгена ўзяць Еву на выхадныя, а самі з’язджаем, напрыклад, у Львоў.

У мяне, дарэчы, ніколі не было шкадавання, што выйшла замуж рана, што не нагулялася. Я зараз гэта раблю са сваім каханым чалавекам. Сям’я, быт, дзеці — гэта не перашкода для таго, каб цікава праводзіць час.

У нас з Яўгенам ёсць свае сямейныя «фішачкі». Напрыклад, праводзім дні беларускай мовы. Проста выбіраем дзень і гутарым па-беларуску.

Я думаю часам, што гэты мой кліп трэба было запісваць па-беларуску ці на трасянцы якой. Было б больш праўдзіва.

А беларускую мову я абажаю. Заўважаю за сабой, што калі чую, як у метро гавораць па-беларуску, то заўсёды здымаю навушнікі і прыслухоўваюся. І вельмі хачу, каб Ева пайшла ў беларускамоўную школу», — кажа Ксенія Шамякова.

Наталля Тур, фота Надзеі Бужан

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні