Праект партала
Рост
17.05.2021 / 16:07
У якіх міжнародных конкурсах перамагалі беларускія прыгажуні?

У свеце з'яўляецца ўсё больш унікальных конкурсаў прыгажосці, дзе няма ніякіх стандартаў, эталонаў, параметраў. Узрост, фігура, рост, вага адыходзяць на другі план. Межы «ідэальнага» пашыраюцца, а часам і зусім знікаюць. І ў многіх такіх конкурсах беларускам няма роўных.

Таццяна Брэдзелева і Аляксандра Чычыкава

Напрыклад, самай прыгожай замужняй жанчынай планеты Mrs. Globe-2017 стала «Міс Беларусь-1998» Святлана Кузняцова (у дзявоцтве — Крук) — мама траіх дзяцей, настаўніца матэматыкі. Да гэтага ў 2013-м яна перамагла ў конкурсе «Місіс Сусвет», давёўшы, што мацярынства мяняе жанчыну толькі ў лепшы бок.

Пасля гэтага беларускі гучна заявілі пра сябе на міжнародным конкурсе прыгажосці сярод дзяўчат на інвалідных вазках, які ўпершыню прайшоў у Польшчы ў 2017 годзе. 23-гадовая студэнтка педуніверсітэта Аляксандра Чычыкава заваявала галоўную карону Miss Wheelchair World, хоць у такім конкурсе кожная з удзельніц была неверагодным прыкладам прыгажосці, мужнасці і сілы духу.

«Усе нашы страхі і абмежаванні толькі ў галаве, — запэўнівае Аляксандра. — Усё залежыць толькі ад чалавека, яго характару, успрымання свету і самога сябе. Ёсць у мяне такая рыса: вочы баяцца, а рукі робяць. Я спачатку спрабую, а потым ужо раблю высновы. Бываюць дні, калі ўсё, з чым мы сутыкаемся, гэта суцэльныя бар'еры, якія перашкаджаюць рухацца наперад. У такія моманты нашы мары здаюцца настолькі недасягальнымі, што хочацца ўсё кінуць. Гэта значыць здацца? Менавіта гэта галоўная памылка. Спрабуйце, нават калі страшна».

Арганізатары планавалі паўтарыць гэты праект летась, але праз пандэмію ўсе сусветныя конкурсы былі перанесены на 2021 і 2022 гады. Таму Аляксандра пакуль адзіная і непаўторная «Міс свету на калясцы».

У канцы мінулага года свет даведаўся імя яшчэ адной беларускі: 57-гадовая Таццяна Брэдзелева перамагла на міжнародным конкурсе прыгажосці для жанчын ва ўзросце 46+ — Mrs. Top of the World Classic 2020.

Ён таксама праводзіўся ўпершыню і арганізатары вырашылі не адмяняць яго, а правялі ў анлайн-фармаце. Фінал доўжыўся тры дні. Карону пераможцы імкнуліся атрымаць канкурсанткі з дзясятка краін, у тым ліку Бельгіі, Латвіі, Расіі і нават Сурынама.

Адным з этапаў конкурсу было прадстаўленне відэавізітоўкі, у якой Таццяна распавяла пра Беларусь, пра тое, якімі жанчынамі ганарыцца наша краіна. Відэавізітоўку здымалі ў музеі Сула, а таксама ў любімай установе Мінска — інклюзіўнай кавярні. Грамадства роўных магчымасцяў — вось тое, аб чым марыць Таццяна.

І сёлета праект будзе мець працяг. Ужо можна сказаць, мяркуючы па цікавасці іншых краін, удзельніц будзе значна больш. Таццяна, як першая каралева конкурсу, запісала для будучых канкурсантак прамову.

«Конкурс» Ms Top of the World Classic « — гэта самае спантаннае рашэнне ў маім жыцці, пра якое я ніводнай хвіліны не шкадавала, — прызнаецца Таццяна. — Пабываць у ролі каралевы часам хочацца кожнай. Нават калі вам 55+. І гэта не толькі эмоцыі і вонкавыя змены. Гэта вялікая ўнутраная праца над сабой. Бо справа не ў кароне, не ў шыкоўнай сукенцы і дарагіх туфлях.

Неабавязкова насіць карону, каб быць каралевай… Можна і капялюш, калі несці яго па-каралеўску! Я хацела паказаць, што беларускія жанчыны прыгожыя ў любым узросце, росце і вазе, што прыгажосць не вяне з узростам, што грамадства роўных магчымасцяў для ўсіх — гэта не проста словы. Унутры кожнай дзяўчыны жыве каралева. Трэба толькі не забываць пра гэта, пра каралеўскую паставу, погляд, хаду. Кожная жанчына прыгожая настолькі, наколькі яна ўпэўненая ў сабе!»

Гэтыя праекты былі арганізаваны з адной толькі мэтай — змяніць уяўленне аб прыгажосці толькі як аб знешняй абалонцы, разбурыць бар'еры ў свядомасці людзей ва ўсім свеце. Паказаць, што няма ніякіх абмежаванняў — ні фізічных, ні узроставых — для таго, каб працягваць весці актыўны лад жыцця, захоўваць прыгажосць, уражваць талентамі, ісці да сваёй мары, нягледзячы на абставіны. І ў беларускіх прыгажунь вялікі патэнцыял.

Nina.nn.by

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура