Праект партала
Навокал
02.12.2020 / 23:18
Жонка футбаліста Вячаслава Глеба: Я зарабляю больш за мужа. А сваім учынкам у Курапатах ніколі не ганарылася

Вольга Глеб — бізнэсвумен і жонка футбаліста Вячаслава Глеба. Пра асабістае жыццё, свой брэнд адзення і стаўленне да сітуацыі ў краіне яна расказала ў інтэрв'ю праекту «В личку». Прыводзім самае цікавае.

Фота з інстаграма 

Пра статус жонкі футбаліста

«Быць жонкай футбаліста не лёгка, як многія думаюць, але, безумоўна, весела і цікава. Да 30 гадоў я жыла жыццём мужа. Толькі пасля гэтага ўзросту, калі мы вярнуліся ў Беларусь, магла штосьці рабіць для сябе, стала нейкай асобнай асобай. Я ўжо не проста жонка Вячаслава Глеба.

Усе пішуць, што мы страшныя, з вуснамі абколатымі, пераробленыя і ўсе лодаркі. Але людзі не задумваюцца: як я магла працаваць у Германіі ці Кітаі [калі муж гуляў там]? Я магла толькі забяспечваць утульнасць у сям’і — і ўсё. Яму было проста добра са мной жыць. Я не магла быць тут, калі ён там».

Пра ўласны бізнэс

«На гэты момант я зарабляю больш, чым мой муж. Ён нават смяецца з гэтага. У мяне свой уласны брэнд адзення. Першапачаткова мы проста прывозілі рэчы з Карэі, Кітая, а пасля гэта стала нецікава. Мы маглі б працягваць гэта рабіць, гэта нашмат прасцей, але вырашылі паспрабаваць сябе ва ўласнай вытворчасці.

Першы стартавы капітал быў 200 даляраў — у мяне, мамы і сястры. Мы склаліся па столькі і замовілі некалькі сукенак. Цяпер мы з мамай удвух брэндам займаемся. Другі капітал я ўзяла ў доўг у мужа. Канечне, ён мог бы проста даць мне гэтыя дзве тысячы. Але мне хацелася самой зарабляць, я яму вярнула гэтыя грошы на працягу паўгода дакладна».

Пра выпадак у Курапатах, калі паказала сярэдні палец

«Гэта была нейкая правакацыя. Мы проста прыехалі ў рэстаран «Паедзем паядзім», шчыра не ведалі, што там адбываецца. На нас накінуліся людзі, калі мы ўжо выязджалі. Спыняецца машына, яны ёй перагароджваюць шлях, стаіць чалавек з камерай, проста ў твар здымае, жанчына актыўная махае сцягам, раве: як вы наогул сюды прыехалі!

Мой муж выйшаў з імі пагаварыць, ён быў спакойны. А гэты чалавек з камерай здымае мяне праз акно — я ўзяла сурвэтку і кінула ў яго, каб адышоў. Не таму што хацела насмеціць ці штосьці зрабіць. Гэта была нейкая абарончая рэакцыя, я ні кроплі не ганаруся сваім тым учынкам. Але наколькі яны правакавалі нас, любы зрабіў бы так, можа і горш. Я вельмі тады ганарылася мужам, што ён стрымаўся».

Чытайце таксама: Футбаліст Вячаслаў Глеб разам з жонкай прыехаў у «Паедзем, паядзім». Вольга Глеб паказала людзям сярэдні палец ВІДЭА

Пра цяперашнюю сітуацыю ў краіне

«Я, як і ўсе нармальныя людзі, стаўлюся дрэнна да гвалту, які адбываецца супраць нашага народу. Гэта наогул ненармальна. Але я не хачу ў гэта ўсё ўнікаць, не хачу быць занадта актыўнай.

Вось шчыра, мне страшна страціць усё, што ў мяне ёсць, але ў той жа час у мяне баліць сэрца за наш народ. Я ніколі ў жыцці не меркавала, што мы можам кудысьці з’ехаць, я не хачу! Я не ўяўляю сябе ў іншай краіне. Але ў той жа час я ўпэўнена, што змагу працаваць пры любой уладзе і прыносіць грошы ў казну».

Nina.nn.by

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура