Праект партала
Дома
15.02.2020 / 10:54
Булачкі па-ўсходняму: бао, прыгатаваныя ў параварцы16

Усе мы добра ведаем канцэпцыю бутэрброда: бяром хлеб і штосьці на яго кладзём. І цікава, што гэта спалучэнне амаль ва ўсіх краінах свету добра вядомае і знаёмае людзям. І калі з бургерамі і сэндвічамі нам ужо ўсё зразумела, бо знайсці іх можна на кожным кроку, то самы час паглядзець на Усход. І мы пабачым там булачкі бао — так, таксама хлеб, але спосаб яго прыгатавання мяне вельмі зацікавіў.

Не схлушу, калі скажу, што набыла параварку, менавіта каб паспрабаваць зрабіць гэтыя булачкі. І яно было таго варта: смак і структура бао неверагодныя. Да таго ж, булачкі бао — гэта база, да якой можна дадаваць свае ўлюбёныя смакі. Бяром асноўную начынку (курыца, крэветкі, сыр і г.д.), дадаём соус і гародніну — і ідэальная закуска гатовая. У мяне гэтым разам была свініна, кісла-салодкі соус, агуркі і морква. Так што ўключаем фантазію — і наперад!

На 8 булачак:

  • 120 мл цёплай вады
  • 1 ст.л. цукру
  • 14 гр. свежых дражджэй
  • 220 гр. мукі
  • ¼ ч.л. солі
  • ¼ ч.л. разрыхляльніку
  • 1 ст.л. алею + для шмаравання.

У цёплую ваду дадаём цукар і дрожджы, размешваем. Чакаем першых бурбалак.

Тым часам змешваем муку з соллю і разрыхляльнікам, паступова ўліваем ваду з дражджамі, дадаём лыжку алею. Замешваем цеста — яно павінна быць гладкім і няліпкім.

Пакідаем цеста на 1,5 гадзіны ў цёплым месцы, каб яно вырасла амаль у два разы.

Цеста абмінаем і раскачваем на паверхні, якую трохі прысыпаем мукой. Шклянкай выразаем кружкі. Іх можа быць ад 6 да 10 у залежнасці ад дыяметру вашай шклянкі. Кожны кружок змазваем алеем і складваем напалову. Булачкі накрываем ручніком і пакідаем яшчэ на 10—15 хвілін — яны павінны трошачкі падняцца. 

У гэты час рыхтуем параварку. Кладзём булачкі на паверхню параваркі, гатуем 10—12 хвілін.

Булачкі бао гатовыя! Дадавайце начынку і смакуйце.

Вольга Чарнова, фота аўтаркі

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура