Праект партала
Гісторыі
21.09.2019 / 12:20
Гродзенка Дар'я Ёдзель стала чэмпіёнкай свету ў макіяжы — і расказала сакрэты зорнай прафесіі3

«Я залезла ў даўгі, каб паехаць у Аўстрыю на чэмпіянат свету па макіяжы», — прызнаецца Дар’я Ёдзель. Адзіная беларуская візажыстка, якая змагла заваяваць прызнанне ў Еўропе і ЗША, жыве ў Гродне. І ў часы, калі сфера красы бачыцца лёгкім хлебам, Дар’я ператварае візаж у мастацтва. Гродзенка не ідзе па пратаптаных сцяжынках, а творчасцю кідае смелы выклік. Яна рэвалюцыянер у сваёй прафесіі, сама пракладвае шлях, якім ніхто не хадзіў, і вядзе многіх-многіх вучаніц.

Спецыяльна для «Звязды» Дар’я Ёдзель расказала пра сваю работу на тыдні моды ў Нью-Ёрку, як паслугі фокусніка дапамаглі ёй здзівіць зорнае журы на чэмпіянаце свету, раскрыла сакрэты макіяжу, які за лічаныя хвіліны робіць любую жанчыну шчаслівай.

«Wоrld Bоdураіntіng Fеstіvаl» і тыдзень моды ў Нью-Ёрку

Штогод у ліпені аўстрыйскі гарадок Клагенфурт становіцца эпіцэнтрам модных падзей сусветнага маштабу. Пад «Wоrld Bоdураіntіng Fеstіvаl» аддаюць цэлы востраў. Гэта свята мастацтва бодзіарт, дзе і выбіраюць чэмпіёна свету ў макіяжы. Беларусы ніколі не падымаліся вышэй за трынаццатае месца — і тут з’явілася Дар’я Ёдзель. Гродзенка заваявала гучны тытул з першай спробы.

«У фестывалі ўдзельнічалі 50 краін свету. У маёй намінацыі змагаліся 40 сапернікаў, — успамінае Дар’я. — Я люблю абсалютны палёт фантазіі, таму крэатыўны макіяж лічу роднай стыхіяй, дзе адчуваю сябе нібыта рыба ў вадзе. Мне блізкія фрыкавыя рэчы, тым не менш крэатыў павінен адбывацца ў межах строгіх законаў прапорцый, колеру. Люблю гэты кірунак макіяжу за мажлівасць сказаць сваё слова, праявіць сябе як мастак, а не проста добры візажыст. Так, я змагалася ў намінацыі макіяжу для рэкламных і модных праектаў. Ці замаўляюць кліенты такую паслугу для рэальнага жыцця? Канешне, не! Але элементы крэатыўнага макіяжу з подыума, як і вопратка з паказаў высокай моды, з часам выходзяць на вуліцы. Напрыклад, раней чырвоная памада ўдзень не гаварыла пра жанчыну нічога добрага, цяпер жа, наадварот, выдае густ, падкрэслівае стыль. І каляровыя бровы, вейкі, валасы ўжо не дзікунства».

Трэба сказаць, нават для рызыковай, смелай Дар’і стварэнне вобразу для чэмпіянату свету стала сапраўднай авантурай. І справа не ў тым, што заяўленая тэма «Дзівы эпохі нямога кіно» мела на ўвазе вобраз не для паходаў па хлеб. Гродзенка марыла выклікаць ваў-эфект у зорнага журы, дадаўшы ў крэатыўны макіяж сапраўдную магію.

«Я хацела закрыць вочы і вусны мадэлі дэкаратыўнымі лінзамі. Стварыць эфект драматычнай маскі. І каб падчас прэзентацыі вобразу элементы пачалі рухацца, лінзы расчыніліся і адкрыўся твар. У Маскве знайшла таленавітага фокусніка, здольнага сканструяваць адпаведны механізм, — дзеліцца гродзенка. — Самы просты элемент прыстасавання каштаваў бы тысячу долараў. Для мяне такая сума была гіганцкай. А яшчэ сукенка, перавоз мадэлі, яе падрыхтоўка, касметыка — каля 5 тысяч. Для дзяўчыны, якая не мае фінансавай падтрымкі звонку — гэта велізарная рызыка. А гарантый перамогі не было. Я ацаніла свае даўгі як зерне, без якога не будзе новай будучыні».

Дзякуючы яе тытулу чэмпіёнкі свету ў крэатыўным макіяжы, Дар’ю запрасілі ў каманду «ІNGLОT» на тыдні моды ў Нью-Ёрку. Але спыняцца на адным кірунку дзейнасці гродзенка не збіраецца. Разам з маладым брэндам Bеrnоvісh яна выпусціла аўтарскую палітру ценяў. На беларускім рынку дэкаратыўнай касметыкі такая калабарацыя стала першай.

Любоў і працоўны фанатызм

«Цяпер вы гаспадыня студыі макіяжу і крамы касметыкі. Назавіце канкрэтную суму, якую трэба мець на руках, каб навічку ўліцца ў сферу красы, пабудаваць бізнес?» — пытаю дзяўчыну.

«Сума грашовых уліванняў залежыць выключна ад сегмента касметыкі, на якой вырашае працаваць майстар. А гэта ў сваю чаргу вызначаецца кліентам, — адказвае Дар’я Ёдзель, пасля дадае: — Хочаш прэміум-сегмент — давядзецца адвучыцца на добрых курсах, купіць адпаведныя матэрыялы і, думаю, зразумела, што гэта дорага. Магу сказаць, што на сённяшні момант, прадаўшы касметыку, якая знаходзіцца ў нашай студыі, можна было б купіць кватэру і добрую норкавую шубу».

Захапляльны свет з вокладак модных часопісаў, які многім дзяўчатам бачыцца праз ружовыя акуляры… Але якія падводныя камяні на сваім шляху сустрэла Дар’я Ёдзель?

«Элементарна стаяць па 10—12 гадзін на нагах, сагнуўшы спіну, цяжка фізічна. Драконаўская канкурэнцыя і шалёны рытм, да якіх не кожны гатовы. Толькі пастаянныя майстар-класы, курсы, выезды на замежныя конкурсы, праекты дазваляюць трымаць сябе годна ў прафесіі візажыста. Матэрыялы патрабуюць закупкі з каласальнай хуткасцю. Каб увайсці ў сферу красы на топ-узроўні, прафесіянал павінен круціцца вакол восі без выхадных, пад ляжачы камень вада не бяжыць, — упэўнена Дар’я. — Якасны візаж не існуе і без эмацыянальных укладанняў. І на перспектыву развіцця гэтай прафесіі ў Беларусі магу сказаць, што не за гарамі час, калі галоўную ролю будуць адыгрываць менавіта рэкамендацыі ад візажыстаў з гучнымі імёнамі. У Еўропу і ЗША такая сістэма прыйшла даўно. У Гродне ж пакуль распаўсюджана самарэклама. Ты яшчэ нічога не дасягнуў, але нагаварыў, які ты класны, надзеў фальшывую карону, — табе паверылі».

Рэцэпт поспеху ад Дар’і Ёдзель заключаецца ў безумоўнай любові да сваёй справы і фанатычнай працы. І аніякія фізічныя цяжкасці, канкурэнцыя, адсутнасць грошай не стануць на шляху ў чалавека, які цвёрда вырашыў дасягнуць найвышэйшага пілатажу ў прафесіі. Такіх людзей, смелых, ідэйных, перанасычаны рынак сферы красы, канешне, прыме.

Не толькі пэндзлі і фарбы

«Я люблю працаваць з рознымі тыпажамі. Калі шукаю мадэль, цаню нестандартнасць, іскрынку. Тут амаль як у каханні, галоўнае «хімія», каб чалавек падабаўся, — усміхаецца дзяўчына. — Я люблю людзей, таму з усімі працую з задавальненнем. Жаночая краса — гармонія, а не ідэальныя невядома кім прыдуманыя крытэрыі. Так, макіяж можа кардынальна мяняць твар! Аднак я супраць таго, каб «забіваць» прыродныя даныя жанчыны. Толькі карэкцыя і падкрэсліванне. Макіяж не тэатральны грым. І сёння тэндэнцыі дыктуюць стаўку на натуральнасць. Таму галоўнае з увагай ставіцца да броваў і тону скуры. Першыя сёння ператварыліся ў супертрэнд, ледзь не ў самую важную частку аблічча. Астатняе мае факультатыўны характар».

«Я прапагандую той момант, што знешнасць у жыцці кожнай жанчыны ролю адыгрывае вялікую. У нас не будзе другога шанцу зрабіць першае ўражанне. Тым больш ёсць моманты, дзе знешнасць можа дапамагчы дасягнуць мэты, — кажа Дар’я, маючы на ўвазе не толькі спатканні. — Здаецца, вы вопытны работнік, акула сваёй справы, але вы толькі зайшлі на рабочае сумоўе, пакуль і рота адкрыць не паспелі, а ўжо зрабілі 40 % ад першага ўражання».

Туш, алоўкі, памада, румяны, модны сёння хайлайтар — гэта не проста жаночыя штучкі. У сітуацыі, калі на табе гара абавязкаў, няма вольнага часу, не ладзіцца асабістае жыццё і на рабоце цяжкасці, гэты банальны набор з касметычкі ператвараецца ў адзіную зброю, здольную падтрымаць, стварыць добры настрой. Добры макіяж — самы лёгкі шлях да шчасця.

Калі гутарка заходзіць пра шчасце, Дар’я ажыўляецца. Жыццё часта ставіла для яе пытанне рубам. Чэмпіёнка заўжды выбірала прафесію як крыніцу сэнсу. Асабліва, калі ёсць мажлівасць дапамагаць, аддаваць.

«У Лондане праходзіць дабрачыннае шоу, куды з’язджаюцца выдатныя стылісты ад кожнага брэнда, — успамінае Дар’я. — Энергетыка мерапрыемства дорыць ні на што не падобныя адчуванні. Выручаныя сродкі ідуць у дзіцячы фонд па барацьбе з лейкеміяй. 250—300 тысяч фунтаў — грошы збіраюцца немаленькія. І калі ў канцы шоу выходзіць дзіця і выносіць імправізаваны чэк з гэтай сумай, вось тады разумееш, што жывеш не дарма, і што праца твая не проста пэндзлі і яркія фарбы».

Маргарыта Садоўская, «Звязда»

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура