(не)жаночая работа
Гісторыя жанчыны, якая 30 гадоў працуе токаркай на заводзе
«Цяжка за станком, дзяўчаты. Тыя, хто сыходзіць, не шкадуюць», — прызнаецца Ірына Пяткевіч. Яна працуе токаркай-рэвальвершчыцай на Мінскім заводзе колавых цягачоў — вырабляе дэталі для вайсковай тэхнікі. Пра сябе расказваць не прывыкла. «Люблю работу рабіць сваю, а гаварыць не ўмею», — сціпла ўсміхаецца жанчына, якая больш за 30 гадоў стаіць за станком.
__________

Наш цыкл «(не)Жаночая работа» — пра беларусак, якія працуюць у нестандартных для жанчын прафесіях. Чаму? Яны раскажуць самі.

_________
«Мы, як вясковыя дзяўчаты, прыехалі зарабляць»
Ірына з простай вясковай сям'і. Бацька ўсё жыццё прарабіў кіроўцам у калгасе, маці — паляводам. У вёсцы Козевічы Іўеўскага раёна ў сям'і была вялікая гаспадарка і агароды. Плюс у калгасе выдавалі дзялкі буракоў і бульбы — па 30—50 сотак. Таму да працы Ірына і яе старэйшыя сёстры былі прызвычаеныя з дзяцінства.

— Бывала, што ўрокі не паспявалі зрабіць, а дапамагчы трэба было, — успамінае жанчына.
Ірына (у цэнтры) разам з маці і сёстрамі.
Пасля 8 класаў школы Ірына планавала паехаць вучыцца ў Гродна на швачку. Але сястра сагітавала паступіць у Воранаўскае прафтэхвучылішча — на лабарантку: маўляў, і ад дому блізка, і работа чыстая, будзеш у беленькім халаціку хадзіць. Ірына і паслухала. Атрымала дыплом, уладкавалася лабаранткай на гароднінасушыльны завод у Навагрудку. Год там адпрацавала. А потым захацелася большага.

— Сяброўка, якая таксама працавала ў Навагрудку, кажа: давай паспрабуем у Мінск. А я якраз была ў адпачынку. Так і паехалі. Мы ведалі толькі два вялікія заводы — трактарны і аўтамабільны. Але першы раз нас не ўзялі: не знайшлося месца, бо мы былі без прапіскі. Праз тыдзень прыехалі зноў, звярнуліся на МАЗ (завод колавых цягачоў тады быў адным з яго бюро. — Nina) — і аддзел кадраў нас аформіў.

Прафесію прапаноўвалі або лёгкую і з меншым заробкам, або цяжкую і больш грашовую. Мы, як вясковыя дзяўчаты, якія прыехалі зарабляць, сказалі: нам тую, дзе болей грошай. Вось так з 1988 года тут і працую.
Такарны станок Ірына асвойвала на месцы. Спачатку было нязвыкла, цяжка і нават страшна. Але жанчына хутка налаўчылася. Пасля трох месяцаў вучобы атрымала другі разрад.

Аб тым, што пераехала ў сталіцу, не шкадавала, але спробы адшукаць лягчэйшую работу былі.

— У тэхнічны цэх хацела перайсці — там узімку цёпла, і на акладзе сядзіш, а тут здзелка: колькі накруціш, сколькі і атрымаеш. Але кіраўніцтва ўгаварыла застацца.
«Бацькі былі не ў захапленні, што дачка стала токарам»
У цэху стаіць гул. Побач са станкамі — кантэйнеры з гарамі металічнай стружкі, па шырокіх праходах-вуліцах ездзіць тэхніка.

— Бацькі былі не ў захапленні, што дачка стала токарам, — не хавае Ірына. — Бо самі ўсё жыццё працавалі ў калгасе і, канечне, хацелі, каб дзеці нейкую лёгкую работу знайшлі. Вось прафесію лабаранта лічылі нармальнай — не ў мазуце сядзець. Але куды дзявацца? Прынялі як ёсць.
У тыя гады прафесія токара сярод дзяўчат лічылася непрэстыжнай.

— Я першы час нават саромелася сказаць, кім працую. Калі сустракала некага з аднакласнікаў, то замоўчвала. Прэстыжна было ісці на завод кантралёрам, тэхнолагам, планіроўшчыцай — чыстая работа, ты з манікюрам заўсёды. Але цяпер я, канечне, не саромеюся сваёй прафесіі.
Ірына адну за адной выточвае дэталі для цягачоў. Перш чым пачаць наразаць утулкі і штуцэры, сама ўстаўляе ў станок металічныя пруткі вагой да 15—20 кілаграмаў.

— Не ведаю, якім бы было маё здароўе на іншай працы, але па восем гадзін за станком, канечне, адбіваецца. Амаль у кожнага ёсць праблемы і са спінай, і з суставамі.
У цэху з Ірынай працуе яшчэ 13 чалавек. Дзіўна, але з іх толькі адзін хлопец. Токарка паціскае плячыма: сама не ведае, чаму так атрымалася. У іншых цэхах мужчынскі калектыў.
— Гэтыя такарныя станкі старэнькія ж, 70-га года. Іх шмат апошнім часам спісалі, з двух участкаў зрабілі адзін. Калі прайшла мадэрнізацыя, закупілі камп'ютарныя станкі і заказы ўжо перадаюць туды. На іх працуюць у асноўным хлопцы з вышэйшай адукацыяй. Я не пайшла б, нават калі б прапанавалі — не ў мае гады з камп'ютарным кіраваннем разбірацца, — адмахваецца Ірына.

Вышэйшую адукацыю яна не атрымлівала. Жартуе, што лянівай была, каб угаварыць сябе пасля вучылішча зноў сесці за канспекты. Хоць, адматай цяпер час назад, напэўна, пайшла б на завочку.
На дварэ перад будынкам завода — алея гонару. Ірынін партрэт вісеў тут у мінулым годзе.

— Адзін раз?

— Ну і хопіць, у нас жа вунь колькі людзей на заводзе (на МЗКЦ каля 5 тысяч супрацоўнікаў. — Nina), — смяецца токарка.
«У жыцці не думала, што змагу мора ўбачыць!»
Муж Ірыны працуе на МАЗе наладчыкам кантрольна-вымяральных прыбораў і аўтаматыкі — рамантуе станкі. Пазнаёміліся яны на вяселлі сяброў. Тады Ірына насіла доўгія валасы да плеч і рабіла модную хімічную завіўку.

— У 27 ці 28 гадоў іх абрэзала. Муж сказаў, што мне будзе добра з кароткай стрыжкай, — расказвае жанчына, гартаючы фотаальбом. Мы сядзім на прасторнай кухні ў яе дома, дзе пасля завода надзвычай светла і ціха.
Спачатку сям'я жыла ў інтэрнаце, потым здымала кватэру. Калі нарэшце пабудавалі сваю, былі думкі звольніцца, прызнаецца Ірына. На заводзе тады было цяжкае становішча: заказаў стала мала, расцэнкі панізіліся. Каб зарабляць і сплачваць крэдыт за жыллё, даводзілася працаваць па паўтары змены. Жанчына проста не знайшла часу, каб схадзіць на сумоўе на іншае прадпрыемства.

— Але я пра гэта не шкадую, бо потым наадварот на тым заводзе стала дрэнна, а ў нас сітуацыя палепшылася, — аптымістычна глядзіць на ўсё токарка. — За гэтыя 30 гадоў былі, канечне, розныя моманты: і калі працы зусім не было, і калі вельмі добры заробак плацілі.

Цяпер токары ў яе цэху атрымліваюць у сярэднім 800—900 рублёў.

Старонка з кнігі, выдадзенай да юбілею завода.
Сыну Ірыны 27 гадоў. Ён скончыў аўтамеханічны каледж і займаецца рамонтам машын на СТА.

— Адразу сказаў: «На завод не пайду!» Нават на практыцы там не быў, — гаворыць Ірына.

У выхадныя токарка любіць схадзіць у тэатр. Але куды часцей прападае ў вёсцы: там застаўся дом ад бацькоў, на гародзе чакае бульба, агуркі і памідоры, таму з вясны да позняй восені не да спектакляў.

А тры гады таму Ірына ўпершыню апынулася на моры.

— У жыцці не думала, што змагу мора ўбачыць! Раней, відаць, таму што я з вёскі, было страшнавата ў іншую краіну паехаць. Я нават не задумвалася пра гэта. Дый у маладыя гады не было сродкаў, каб дазволіць сабе такі адпачынак. А цяпер кватэру ўжо пабудавалі, сын працуе на сябе — можна з'ездзіць.

— Жанчын часта называюць слабым полам. Як вам падаецца, гэта так ці не?

— Я б сказала, гледзячы ў якіх выпадках. Бывае, што жанчыны мацнейшыя за мужчын. Яны больш вынослівыя. Іншым разам гляджу: мужчыны папрацавалі, стаміліся і ўсё, адпачываюць, а жанчыны працуюць і праз сябе, калі трэба. Я і па сваіх калегах гэта заўважаю.
Аўтар: Наталля Лубнеўская
Фота і відэа: Воля Афіцэрава