Праект партала
Накіпела
13.07.2019 / 18:08
«Мне 31 год, я белы мужчына, і грамадства не верыць у мяне ў якасці бацькі». Мінскі тата — пра дыскрымінацыю26

Мінчанін Дзмітрый Халімончык паўтара месяца таму стаў татам. І сутыкнуўся з тым, што грамадства не гатова ўспрымаць мужчыну як паўнапраўнага бацьку. У твітары малады тата падзяліўся іранічнымі назіраннямі пра дыскрымінацыю. Дзмітрый заўважае: ён не скардзіцца на жанчын, «якія адабралі ў яго права на бацькоўства». Гэта пра перакос сітуацыі наогул.

«Мне 31 год, я белы мужчына, і грамадства не верыць у мяне ў якасці бацькі.

Месцамі дзяржава, проста вельмі шмат людзей, у тым ліку і многія, хто нараджаў, лічаць, што бацькі — гэта мама, якая аддае ўвесь час дзіцяці, і мужык, які прыносіць шарыкі да радзільні. Хутчэй за ўсё — крыху нападпітку, «бо сын!».

Крыху шок-кантэнту: адразу пасля родаў мама можа адацца дзіцяці хіба што маральна. Фізічна сіл у яе няма. У якасці доказу выкарыстоўваем геаметрыю. Вымяраем ахоп дзіцяці, глядзім на жанчыну і ўсведамляем, што яна яго нарадзіла. Ёй бы адляжацца тыдзень. І кефірчык.

Але радзільня кажа, што спраўляцца неяк трэба, з татам сустрэнецеся на выпісцы, а пакуль (ад трох дзён і больш) усміхаемся і павольна ідзём на спавіванне.

У звычайную палату мужчыне трапіць нельга. Скажаце: санітарыя. Не, у суседнюю за сценкай у тым жа калідоры, толькі платную — можна. І вось тут, напэўна, разам з упэўненасцю ў сваіх сілах у жанчыны зараджаецца стэрэатып, што тата — гэта пра «дапамагаць», бо ён з дзіцём абыходзіцца не ўмее. Хоць яшчэ тры дні таму з малым абыходзіцца не ўмеў з вас дваіх роўна ніхто.

Ну і калі так думае нават мама, чаго мы чакаем ад астатніх? За паўтара з невялікім месяца бацькоўства я сутыкнуўся наўпрост ці ўскосна з шэрагам выпадкаў «узаконенай» у свядомасці суграмадзян дыскрымінацыі.

Так, мяне яшчэ ніхто не гнаў анучамі ніадкуль, але будзем шчырыя, я маю нядрэнныя шанцы выклікаць здзіўленне, калі на працягу пяці хвілін побач са мной і немаўля не з’явіцца яго мама.

Ок, гэта будзе хутчэй нават замілаванае здзіўленне: «О! Як цудоўна». Але гэта не цудоўна, гэта крыху жахліва і наогул сэксізм.

Да прыкладаў. З вялікай доляй верагоднасці, калі я збяруся ў дэкрэт, гэта выкліча сур’ёзнае неразуменне на рабоце. То-бок па законе я, канечне, магу. Але захаваць умовы працы атрымаецца наўрад ці.

Мужчынскі дэкрэт успрымаецца беларускім наймальнікам як здрада, горш чым пераход да канкурэнта. Бо сяброў на бабу не мяняюць. І на бабу з дзіцём таксама.

Далей — наўпрост з карцінкамі. Індустрыя дзіцячых тавараў уся за рэдкім выключэннем заточана на жанчыну і не верыць у існаванне бацькаў. А ў адзінарогаў верыць.

З простага:

Так, ёсць і іншае адзенне, але статыстыка бессардэчная, калі цікава — прагуляйцеся па дзіцячай краме. Нам застаецца толькі Дарт Вэйдэр з нятленкай пра бацьку.

Ведаеце, што гэта? Сумка? Не. Гэта сумка для мамы. Бо з вазком. Тату — машына, маме — пральная. І сумка. Стэрэатыпы мае, стэрэатыпы.

Класіка фатаграфіі. Знайдзіце фота з мужчынскімі рукамі. Хто яго ведае, можа цэнзура не прапускае, раскамнагляд ці УУС Першамайскага раёна г. Мінска. Ну ці прызнаем ужо нарэшце: падгузак — вельмі складана для мужчыны. Няхай займаюцца лёгкімі рэчамі і не лезуць у тонкія матэрыі.

У кучы публікацый у інтэрнэце ў прынцыпе размова пра маму як адзіную разумную істоту: «Мама можа зрабіць так, можа зрабіць тое». І размова не пра грудное выкормліванне — бытавуха тыпу ўмывання ці даставання сопляў з неакрэплага дзіцячага арганізму. Інтэрнэт у нас не верыць.

У мяне верыць толькі барбершоп з комплекснай стрыжкай «тата+сын». І тое толькі з сынам, дачку мне таксама цырульні не давяраюць.

Музыка таксама не для дарослых мужчын. Толькі для тых, якія прыйшлі з мамай. Не ведаю, можа, ёсць адмысловыя ноты, якія чуюць толькі жанчыны.

«Алё, Дзіма, што ты баламуціш? Доглядам і выхаваннем дзяцей займаюцца ж менавіта мамы!» — скажа шаноўны чытач. «Дык а што, шаноўны чытач, ім застаецца рабіць?» — скажа Дзіма. Калі нават дурацкі падгузак праграмуе, што патрэбны жаночыя рукі? Так, канечне, ён не жахне токам мужчыну, які да яго датыкнецца. Але і асацыяцый не выклікае.

Інфармацыйная прастора мае няхілы патэнцыял і можа зрушыць з месца гэту гару ціхага смутку, але замест гэтага працягвае фарміраваць аднабокую мадэль. Лягчэй жа паклікаць у рэкламу пару мужчын, каб падаць прыклад і стварыць патэрн, а не чакаць, пакуль гэтыя мужчыны праявяць ініцыятыву і ўжо потым прадаваць ім адрасна падгузкі.

Я ні разу не ўшчэмлены ў правах, мне ніхто не забараняе займацца дзіцём, і я не скарджуся. Мяне, магчыма, нават цешыць павышаная станоўчая ўвага. Але мая логіка гаворыць, што гэта не тая ўвага, якой варта ганарыцца.

Так, у працоўны час я не дома, але пасля работы я такі ж бацька, а мама таксама адпрацавала сваю змену за дзень. Усім, хто сумняваецца, прапаную пасядзець дзянёк удвух з немаўля.

Маё адзінае адрозненне ад маці — я не магу пакарміць сына на гэтым этапе яго жыцця. У астатнім мы норм.

Таму я хачу, каб роля «бацька» стала такой жа звычайнай, як і роля «мама». Дажылі, карацей: я хачу даказаць інтэрнэту сваё існаванне».

Nina.nn.by

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура