Праект партала
Дома
13.04.2019 / 11:56
Гатуем рыбу па-новаму — у паніроўцы з грэцкімі арэхамі8

Канечне, усе мы чулі, што рыба і морапрадукты надзвычай карысныя і трэба як мага больш дадаваць іх у свой рацыён. Але мора свайго ў нас няма, а беларускія крэветкі — гэта толькі нагода пажартаваць. Вось нам і застаецца выкарыстоўваць з большага адны і тыя ж віды рыбы. І таму кожны раз, гатуючы яе, хочацца дадаць пэўнага насычанага смаку.

Для сённяшняга рэцэпту вы можаце ўзяць не толькі траску, але і любую «мясістую» белую рыбу. Пажадана філе, каб за сталом ні пра што не хвалявацца, а толькі атрымліваць асалоду ад смаку.

Нам спатрэбіцца:

  • 500 гр. філе траскі;
  • 60 гр. масла;
  • 50 гр. грэцкіх арэхаў;
  • 50 гр. паніровачных сухароў;
  • 50 гр. пармезану;
  • цэдра 1 лімона;
  • соль, перац;
  • алей.

На соус:

  • 100 мл нятлустай смятаны;
  • 100 мл вады;
  • 1 ст.л. каперсаў;
  • некалькі галінак пятрушкі.

Філе прамакнуць папяровым рушніком і выкласці на процівень, змазаны алеем. Філе солім і перчым.

Гатуем пасыпку. Мелем арэхі, тром пармезан на дробнай тарцы, змешваем разам з сухарамі і цэдрай, дадаем мяккае масла і добра змешваем. Атрыманую пасту выкладаем на рыбнае філе.

Запякаем рыбу пры 180 градусах прыкладна 20-25 хвілін.

Тым часам прыгатуем соус. Смятану змешваем з вадой і, пастаянна памешваючы, падаграем, не даводзячы да кіпення. Дадаем соль, перац, дробна нарэзаныя каперсы і пятрушку. Паліваем соусам рыбу. Можна яшчэ трохі апырскаць лімонным сокам.

Смачна есці!

Вольга Чарнова, фота аўтаркі

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура