Праект партала
Рост
12.04.2019 / 17:04
Проста пушка! Як выхавальніца дзіцячага садка з-пад Кіева стала галоўнай зоркай украінскага рэпа7

У кастрычніку мінулага года на ютубе з'явіўся дзіўны кліп, у якім дзяўчына плюс-сайз у купальніку рассякае на водным матацыкле і чытае рэп па-ўкраінску. 

Відэа хутка стала вірусным, набраўшы больш за паўтара мільёна праглядаў і тысячы ўхвальных каментароў. З таго часу у alyona alyona (творчы псеўданім 27-гадовай Алены Саўраненка) з'явілася яшчэ пяць кліпаў з агульнай колькасцю праглядаў больш за сем мільёнаў, а 8 красавіка быў прэзентаваны дэбютны альбом «Пушка» з кліпам на загалоўны трэк. 

Расказваем гісторыю жыцця і поспеху alyona alyona, а таксама прапануем пазнаёміцца бліжэй з галоўнай на сёння рэп-зоркай Украіны.

Пачатак

У 12 гадоў Алёна пачала пісаць вершы і складаць песні. Штуршком да хіп-хопа стаў прывезены бацькам з замежнай камандзіроўкі альбом The Eminem Show. Гэта перакуліла свет дзяўчыны і, як аказалася, вызначыла яе лёс — рэп дазваляў распавесці нашмат больш жыццёвых гісторый, чым звычайная поп-музыка.

Саўраненка пачала слухаць хіп-хоп і ствараць біты на камп'ютары. З дзвюма сяброўкамі ў яе было нешта кшталту гурту, але ў выніку Алёна засталася адна і яшчэ доўга не магла знайсці свой стыль.

Першы трэк быў запісаны прыкладна 10 гадоў таму па-ўкраінску і не быў успрыняты сябрамі, якія размаўлялі па-расейску і слухалі расійскую музыку. Некаторыя нават прапаноўвалі кінуць дурное і «варыць боршч». Як прызнаецца Алёна, ёй вельмі хацелася падабацца і ствараць вобраз суперрэперкі, таму яна пачала чытаць па-расейску і па-англійску пра тое, чаго не было ў яе жыцці: грошы, траўку і тусоўкі. Ужо тады яна стала вядомай у вузкіх колах, але да папулярнасці было далёка.

Пасля Еўрамайдану ва ўкраінцаў памянялася стаўленне да роднай мовы, і з той пары Саўраненка піша тэксты і чытае рэп выключна па-ўкраінску, бо назапасілася шмат словаў, якія ёй хацелася сказаць. Змяніўся і мэсэдж — цяпер гэта рэп пра жыццё дзяўчыны, яе родных і сяброў, пра тое, што хвалюе маладых украінцаў і што тыя знаходзяць такім блізкім у яе трэках.

Барышаўка і дзіцячы садок

Разынкай на торце лайф-сторы alyona alyona з'яўляецца яе жыццё ў мястэчку Барышоўка пад Кіевам, дзве вышэйшыя адукацыі і праца ў дзіцячым садку.

Наогул, працаваць дзяўчына пачала ў 15 гадоў — гандлявала абуткам і торбамі на рынку ў намёце кітайца, якому яна хлусіла пра свой узрост. Таксама прыходзілася зарабляць грошы касіркай, прадавачкай і нават прыбіральшчыцай у гандлёвым цэнтры.

Атрымаўшы адукацыю псіхолага, Саўраненка стала сацыяльным работнікам — аказвала псіхалагічную кансультацыю маладым мамам, алкаголікам, наркаманам, зэкам і іншым. Пасля ўладкавалася ў дзіцячы садок працаваць па спецыяльнасці, але ў садку не было вакансіі, таму дзяўчына стала выхавацелькай.

Месца псіхолага так і не з'явілася праз недахоп грошай, але Алёна так палюбіла працу з дзеткамі, што адвучылася на педагога і ў выніку забавілася ў садку ажно на пяць гадоў. Кінула сваю працу выхавальніца ўжо пасля таго, як стала вядомай і праз музычную кар'еру стала бракаваць часу. 

Развітанню з родным горадам і пераезду ў Кіеў alyona alyona прысвяціла цэлы кліп:

Вобраз

На ўсходзе не так шмат жанчын, што чытаюць рэп. І, у адрозненне ад заходніх рэперак, сярод якіх распаўсюджаны трэнд на маскуліннасць, сярод нашых дагэтуль пануе запыт на звышсэксуальнасць.

Саўраненка складана аднесці да вышэй згаданых тыпажоў — у яе свой стыль: красоўкі, легінсы і спартовае адзенне, якое збольшага набываецца ў сэканд-хэндах. Для дзяўчыны важна, каб ёй было камфортна, таму аніякіх абцасаў.

З кліпаў можна зрабіць выснову, што alyona alyona прапагандуе бодзіпазітыў, але яна катэгарычна абвяргае гэта.

«Я проста такая, якая ёсць. Я кажу, што я сябе прыняла, але я не прапагандую: ідзі, змагайся, бі ў твар тых, хто назаве цябе тлустай. Людзі, давайце глядзець праўдзе ў вочы», — так выказалася Алёна ў адным з інтэрв'ю.

Таксама Саўраненка хоча максімальна абстрагавацца ад украінскага палітычнага цемрашальства. У студзені яна была заўважаная на форуме Блока Пятра Парашэнкі, пасля якога патлумачыла, што апынулася на ім выпадкова і першапачаткова запрашалася на канферэнцыю, дзе мусіла абмяркоўвацца дабрачынная дапамога дзіцячаму садку, дзе яна працавала.

Рэперка дадае, што вельмі важным ёсць тое, як ты ставішся да сябе, і заклікае прасцей ставіцца да жыцця — тады ўсё навокал робіцца прыгажэйшым і класнейшым.

Піліп Каваленка

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура