Праект партала
Тонус
14.04.2019 / 09:34
Як зрабіць перманентны макіяж і не пашкадаваць аб гэтым2

У сферы прыгажосці ўсё булькоча і бурліць, пастаянна развіваецца і не затрымліваецца ні на секунду. Перманентны макіяж — не выключэнне, з кожным днём ён становіцца ўсё больш папулярны, але і памылак, звязаных з ім, яшчэ вельмі шмат.

Краўніца студыі перманентнага макіяжу Лада Балакірава дапамагае разабрацца ў тым, што такое перманентны макіяж і адказвае на пытанне: ці сапраўды яно вам трэба?

Што такое перманентны макіяж?

З медыцынскага пункту гледжання, перманентны макіяж — гэта ўвядзенне фарбавальнага рэчыва ў скуру на глыбіню 0,3—0,8 міліметраў. Калі майстар зрабіў усё правільна, то перманент будзе насіцца ад года (перманентны макіяж броваў) да пяці гадоў (калі гаворка ідзе аб стрэлках).

Калі ўнесці пігмент бліжэй да паверхні скуры, перманентны макіяж знікне праз месяц па абнаўленні эпідэрмісу, калі больш глыбока — атрымаецца татуіроўка, якая ў хуткім часе набудзе непрыемнае адценне (блакітнаватае, зялёнае або чырвонае) і самастойна поўнасцю не знікне ніколі, спатрэбіцца доўгае і дарагое выдаленне пры дапамозе, напрыклад, медыцынскага лазера.

Таму не варта прасіць майстра зрабіць вам бровы на ўсё жыццё, гэта нерэальна, прыйдзецца выбіраць: або прыгожа, або навечна. Акрамя таго, для сучаснага перманенту выкарыстоўваюцца зусім іншыя апараты і пігменты, чым для тату, так што слова «татуаж», а з ім і жудасныя пластылінавыя бровы з 90-х вельмі хутка сыходзяць у мінулае, хоць дзе-нідзе, на жаль, яшчэ сустракаюцца.

Віды перманенту: іх усяго два 

Існуюць толькі два віды перманентнага макіяжу — апаратны, які выконваецца машынкай, і ручны — пры дапамозе маніпула з замацаваным на ім ляззом, які таксама носіць назву мікраблэйдынг.

Навучыцца мікраблэйдынгу і сабраць стартавы набор у разы танней і хутчэй, чым навучыцца апаратнаму перманенту.

Менавіта таму прасоўванне ручнога перманенту часам нават палохае сваёй агрэсіўнасцю.

На самай справе, гэта чысты маркетынг, бо з тэхнічнага боку і апаратны, і мануальны віды перманенту не адрозніваюцца абсалютна нічым, акрамя інструмента.

Калі чагосьці хочацца. Які перманент зрабіць сабе?

На сённяшні дзень найбольшай папулярнасцю карыстаецца перманент броваў.

Ён можа быць выкананы ў тэхніцы ценевай растушоўкі. Яна таксама можа называцца напыленнем, нананапыленнем, пудравымі бровамі. Можа быць у валасковай тэхніцы і змяшанай: растушоўка + валасок.

Пры выбары тэхнікі майстар будзе адштурхоўвацца не толькі ад вашых пажаданняў, але і ад тыпу скуры. Валасковая тэхніка падыходзіць не ўсім, у адрозненне ад растушоўкі.

Базавыя варыянты перманенту павек — гэта міжпавекавы, класічны і растушаваная стрэлка.

Звычайна для іх выбіраюць адносна нейтральныя адценні чорнага, шэрага і карычневага, каб не надакучылі, бо тэрмін нашэння стрэлак да абнаўлення даволі вялікі, ад двух да пяці гадоў.

Перманент вуснаў таксама абсалютна не абмежаваны ў колерах, таму вы можаце паказаць майстару колер улюбёнай памады, каб падабраць нешта падобнае.

Павялічваць вусны пры дапамозе перманентнага макіяжу або рабіць толькі контур не рэкамендуецца — гэта будзе вельмі заўважна.

Сярод іншых магчымасцяў перманенту: трыхапігментацыя (імітацыя валасінак там, дзе іх няма, напрыклад, у парадзелым праборы або нават какетлівая палосачка ў інтымных месцах), камуфляж шнараў і рубцоў, вяснушкі і мушкі, а таксама рэканструкцыя арэолы пасля мамапластыкі. 

Чым вы рызыкуеце, адважыўшыся на перманент?

У першую чаргу, гаворачы пра перавагі перманентнага макіяжу, звычайна называюць, уласна, яго стойкасць, непадуладнасць капрызам надвор'я, а таксама эканомію часу і сілы.

Перманент будзе вельмі карысны тым, хто не любіць, не ўмее ці не можа (напрыклад, з-за алергіі) карыстацца дэкаратыўнай касметыкай; тым, у каго ёсць выяўленая асіметрыя вуснаў ці броваў, якую хочацца выправіць; тым, хто перанёс траўму або аперацыю і хоча схаваць яе сляды.

Калі нічога з пералічанага да вас не адносіцца, але зрабіць перманент хочацца, калі ласка — але толькі пераканайцеся ў адсутнасці супрацьпаказанняў і абярыце добрага майстра.

Вы вельмі рызыкуеце, калі хочаце зэканоміць на працэдуры ці схадзіць да сяброўкі на дом, бо так можна нарвацца на нядобрасумленнага майстра з няцвёрдай рукой, сысці ад яго з сапсаваным тварам або, што самае страшнае, нечым заразіцца.

Як выбраць майстра?

Па-першае, добры перманент не можа быць танным. Якасныя пігменты, расходныя матэрыялы, абсталяванне і навучанне каштуе дорага, а досвед майстра — яшчэ даражэй.

У сярэднім за першую працэдуру ў Мінску прыйдзецца выкласці ад 200 да 300 рублёў, плюс карэкцыя, якая робіцца праз на паўтара-два месяцы.

Хай вас не бянтэжыць слова «карэкцыя» — гэта не выпраўленне памылак, а замацаванне выніку, бо за час гаення арганізм будзе спрабаваць пазбавіцца ад пігменту, які для яго, як ні круці, чужы; менавіта таму свежы перманент звычайна значна ярчэйшы, чым той, што ўжо зажыў.

 

Па-другое, прыйшоўшы на працэдуру, абавязкова пераканайцеся, што ў кабінеце чыста, выкарыстоўваюцца аднаразовыя расходныя матэрыялы, а ўсе паверхні, да якіх майстар патэнцыйна можа дакрануцца, абаронены сурвэткамі або плёнкай.

Па-трэцяе, перад сеансам ацаніце нанесены майстрам эскіз, праверце, ці сіметрычны ён, удакладніце, які колер атрымаецца ў выніку, у ідэале эскіз павінен выглядаць гэтак жа, як ваш перманент, калі той загоіцца.

Па-чацвёртае, вам не павінна быць балюча! Паколькі падчас працэдуры скура пашкоджваецца, магчымыя непрыемныя адчуванні, якія майстар павінен мінімізаваць пры дапамозе геля-анестэтыка, на ўколы не згаджайцеся, бо іх можа рабіць толькі доктар, ды і неабходнасці ў іх няма.

Што рабіць пасля?

Пасля працэдуры вам павінны падрабязна расказаць аб доглядзе зоны перманенту.

Усе майстры сыходзяцца ў тым, што скуру трэба пакінуць у спакоі на ўвесь перыяд гаення — не распарваць, не церці, не наносіць касметыку, трымаць у сухасці і чысціні.

Праз месяц пасля першай працэдуры вы разам з майстрам прымаеце рашэнне аб неабходнасці карэкцыі, а затым застаецца толькі насіць і радавацца.

Nina.nn.by

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура