Праект партала
Рост
29.03.2019 / 15:33
Айцішніца з Мінска стала «ценем на дзень» амбасадаркі Швецыі9

Як прайшоў працоўны дзень амбасадаркі Швецыі Крысціны Юханэсан і яе стажоркі на дзень Ірыны Прановіч — у нашым вялікім рэпартажы.

Ініцыятыва Job Shadow Day прыйшла сёлета ў Беларусь. Гэта ініцыятыва для дзяўчат, якія жывуць у Беларусі і якім ад 18 да 24 гадоў: амбасадары, а таксама бізнэс-лідары і кіраўнікі прадстаўніцтваў міжнародных арганізацый у Беларусі дамовіліся адзначыць сёлетні Міжнародны день салідарнасці жанчын, запрасіўшы дзяўчат, якія бачаць сябе лідарамі ў будучыні, на бліц-стажыроўкі.

Да ініцыятывы далучылася і пасольства Швецыі ў Беларусі.

Амбасадарку Крысціну Юханэсан цягам дня на ўсіх дзелавых і працоўных сустрэчах, на абедзе і падчас візітаў суправаджала 22-гадовая праграмістка Ірына Прановіч.

Ірына Прановіч і Крысціна Юханэсан, амбасадарка Швецыі.

Ірына была абраная амбасадай Швецыі з 400 прэтэндэнтак, якія падалі заяўку на гэты конкурс.

«Таму што я адразу шчыра прызналася ў эсэ, што хачу трапіць у пасольства Швецыі, — расказвае Ірына. — А любоў да краіны здарылася са мной мінулым летам. Я выпадкова трапіла на Дзень Швецыі, які праходзіў ля Ратушы. Там, сярод шматлікіх пляцовак, была і адукацыйная. Можна было даведацца пра праграмы навучання ў Швецыі. А паколькі я ўжо скончыла БДУІР, павучылася год у Будапешце і вярнулася ў Беларусь, то думала, дзе б мне працягнуць вучобу. І рашэнне прыйшло само. Чаму б не ў Швецыі?»

Зараз Ірына працуе ў адной з самых буйных ІТ-кампаній у Беларусі — ІВА Group.

«Працую праграмісткай, пішу скрыпты, шмат езджу ў замежныя камандзіроўкі, бо кампанія працуе па ўсім свеце, мы так можам бачыцца з калегамі з іншых краін, абмяркоўваць з імі супольныя праекты. На працы я адказваю і за карпаратыўны дух. Усе святы, карпаратывы — гэта мой абавязак. Паколькі ў мяне выдатны ўзровень англійскай мовы, то шмат суправаджаю розныя дэлегацыі. Але ўсё адно адчуваю ў сабе прагу да нечага новага, таму правесці цэлы дзень у якасці «ценю» пасла Швецыі было выдатнай ідэяй».

Ірына Прановіч не проста праводзіла дзень у якасці «ценю», але актыўна ўключалася ў размовы, прапаноўвала свае ідэі.

«О, я вельмі рада, што менавіта Ірына была маім «ценем», — прызнаецца пасля Крысціна Юханэсан. — Мы абавязкова будзем надалей звяртацца да яе, прасіць парадаў, напрыклад, як развіваць сацыяльныя сеткі пасольства».

Раніца. Шведская Fika і Карлсан

Раніца з паслом пачалася з вядомай шведскай традыцыі — кавапіцця з булачкамі, якія прыгатавала сама спадарыня пасол.

Ранішняя Fika з супрацоўнікамі амбасады.

Fika — гэта шведская традыцыя сабрацца разам за сталом, абмеркаваць планы на дзень або падзяліцца сваімі ўражаннямі, змяніць род дзейнасці, проста адпачыць. Fika ніколі не адбываецца ў адзіноце.

А паколькі з планамі на дзень ужо было вызначана, за сталом гаварылі пра… Карлсана.

«У Швецыі Карлсан — адмоўны персанаж. Ён шкодзіць, хлусіць, — расказвае Крысціна Юханэсан. — Мы, дарослыя шведы, наогул разважалі: ці нармальны ён? Дарослы мужчына, а прылятае і сябруе з маленькім хлопчыкам. Пакуль была жывая Астрыд Ліндгрэн, фігуркі Карлсана наогул нельга было купіць у Швецыі: аўтарка гэта забараняла. Толькі цяпер для турыстаў з былога Савецкага Саюза гэты сімпатычны чалавечак з прапелерам стаў з’яўляцца ў сувенірных крамках. Дарэчы, толькі пазнаёміўшыся з рускім перакладам, я зразумела, чаму Карлсана так любяць тут».

«Мінскі дыялог» і дыялог з калегамі

Пасля пасол Швецыі разам з Ірынай Прановіч бралі ўдзел у семінары «Мінскі дыялог».

«Тэма семінара вельмі сур’ёзная — «Пераасэнсаванне суверэнітэту ў сучасным свеце», — кажа Крысціна Юханэсан, — Будзе цікава і карысна паслухаць выступоўцаў».

«Я зразумела, што працу пасла можна параўнаць з маёй працай праграміста, — прызнаецца Ірына Прановіч, — Цягам дня табе трэба вырашаць абсалютна розныя задачы, быць у кантэксце ўсяго, што адбываецца, хутка пераключацца з аднаго віду дзейнасці на іншы».

З журналістам Арцёмам Шрайбманам падчас «Мінскага дыялогу».

Пасля афіцыйнага мерапрыемства — працоўная сустрэча разам з калегамі ў амбасадзе.

Да Дня Швецыі — 2019 застаецца два месяцы. Таму цяпер самы час абмеркаваць пытанні арганізацыі і правядзення свята.

Сёлета на Дні Швецыі будзе працаваць 15 розных пляцовак: дзіцячая і спартыўная, адукацыйная і экалагічная ды іншыя. Без конкурсаў, падарункаў і сюрпрызаў не абыдзецца. Але гэта праз два месяцы, а пакуль размеркаванне абавязкаў, абмеркаванне з паслом, чым такім здзівіць мінчан.

Год таму Дзень Швецыі наведала каля 60 000 чалавек — адказнасць сур’ёзная.

Што агульнага паміж беларускімі і шведскімі жанчынамі? Вікіпедыя

Нават за абедам пасол Швецыі і яе стажорка не адкладаюць працоўныя пытанні. За гэтую гадзіну трэба абмеркаваць ініцыятыву, якую распачала амбасада Швецыі па ўсім свеце — WikiGap.

На сустрэчу з паслом прыйшлі Андрэй Якаўлеў, спецыяліст па беларускай Вікіпедыі, і Вольга Янчук, старшыня Беларускай асацыяцыі маладых хрысціянскіх жанчын.

27 красавіка пасольства Швецыі разам з супольнасцю Вікімедыя Беларусь запрашаюць усіх зацікаўленых на майстар-клас па напісанні артыкулаў пра жанчын у Вікіпедыі. 

«На сёння ў Вікіпедыі артыкулаў пра мужчын у чатыры разы болей, чым пра жанчын, — расказвае Андрэй Якаўлеў, куратар майстар-класа, спецыяліст па беларускай Вікіпедыі. — Я пацікавіўся і заўважыў такую рэч, што ў беларускай версіі Вікіпедыі вельмі шмат выбітных жанчын-беларусак пазначаныя чырвонымі спасылкамі. Гэта значыць, што пра іх актыўных артыкулаў няма. Таму мы і паспрабуем гэта выправіць. А паколькі мерапрыемства ладзіцца супольна з пасольствам Швецыі, то мы вырашылі, што будзе справядлівым, калі ў беларускамоўнай версіі з’явяцца і артыкулы пра вядомых шведак».

Далучыцца да стварэння беларускай Вікіпедыі можа любы жадаючы, заяўкі яшчэ прымаюцца.

Шведскі бізнэс у Беларусі. Husqvarna як прыклад з 300-гадовай гісторыяй

Яшчэ адна сустрэча была прысвечаная шведскаму бізнэсу, які прадстаўлены ў Беларусі. У пасла Швецыі і яе стажоркі — візіт у прадстаўніцтва кампаніі Husqvarna ў Беларусі.

Экскурсія ў Husqvarna.

Гэта адзін з самых вядомых вытворцаў бензапіл і газонакасілак у свеце.

Сама кампанія Husqvarna сёлета адзначыць сваё 330-годдзе. Усё пачыналася з вырабу зброі, якая была вядомая і ў ВКЛ яшчэ ў пачатку 1700-х гадоў.

Кіраўнікі кампаніі Husqvarna ў Беларусі Канстанцін і Валянцін Людкоўскія прэзентавалі сваім гасцям цацачныя бензапілы.

Пасля прадпрыемства вырабляла і ровары, і матацыклы, і чыгунныя пліты, і швейныя машынкі.

«У маёй сям’і да сёння захоўваецца светла-зялёная швейная машынка бабулі. Яна дагэтуль спраўная, я вельмі люблю на ёй шыць, але ўсё ж купіла сабе новую, бо баюся, што рарытэтная рэч можа зламацца», — расказвае Крысціна Юханэсан.

«Інклюзіўны домік», або Свята абароны дзяцей для ўсіх без выключэння

Яшчэ адна сустрэча адбылася напрыканцы працоўнага дня. У амбасаду Швецыі завітала Вераніка Фаміна, стваральніца «Лямцавай батлейкі» і прадстаўніцы ініцыятывы «Домік інклюзіўны»: Дар’я Дудзіна і Наталля Даліда, мама дзіцяці з асаблівасцямі.

Злева направа: Вераніка Фаміна, Дар'я Дудзіна і Наталля Даліда.

Вераніка разам з калегамі сёлета будзе адказная за дзіцячую пляцоўку падчас Дня Швецыі. Святкаванне вырашылі зрабіць інклюзіўным, бо 1 чэрвеня адзначаецца Дзень абароны дзяцей.

Працоўная сустрэча была прысвечана арганізацыйным момантам: як зрабіць пад’езд да месца свята максімальна зручным і бяспечным, якімі мерапрыемствамі напоўніць пляцоўку, каб было цікава як непаседам, так і спакойным дзеткам.

Перад тым, як развітацца, Ірына Прановіч падсумавала:

«Я ведала, што ні на секунду не пашкадую пра тое, што правяла дзень разам з Крысцінай. Яна вельмі пазітыўная. Я шмат чаму навучылася і думаю, што ў мяне яшчэ будзе шанец працягнуць сяброўства».

«Пасля такіх дзён пачынаеш задумвацца, чым жа ты наогул займаешся. І пачынаеш разумець, што ты заняты настолькі рознымі рэчамі! — кажа амбасадарка Швецыі. — Гэты дзень не асабліва адрозніваўся ад астатніх маіх працоўных дзён. Мяне часта пытаюцца, якімі якасцямі павінна валодаць жанчына-лідар? Ведаеце, мяне бянтэжыць гэтае пытанне. У мужчыны б вы гэтага не пыталіся, так? Я вельмі хацела, каб мая сённяшняя госця Ірына адкрыла для сябе нешта новае, каб зразумела, што стыль лідарства і менеджменту можа быць абсалютна розным. Я спадзяюся, што так і было».

Госця не засталася без падарунка ад амбасадаркі.

Наталля Тур, фота Яўгеніі Налецкай

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура