Праект партала
Навокал
28.03.2019 / 16:40
Беларуска жыве ў Партугаліі, спявае беларускі фольк і збірае поўныя залы ВІДЭА4

Прапануем чытачам пачаць знаёмства з творчасцю гурта Mova Dreva з кліпа на песню «Красна сонца».

Усе кампазіцыі «Mova dreva» нараджаюцца з беларускага фальклору. Сам праект паўстаў пяць год таму ў Лісабоне. Мясцовых музыкаў згуртавала кампазітарка Кацярына Льдокава, беларуска, якая атрымала ў Партугаліі музычную адукацыю і жыве тут, піша tuzinfm.by. 

Фота з суполкі гурта ў фэйсбуку. 

Яна імкнецца надаць беларускім народным спевам новае гучанне і новы сэнс пад натхненнем ад розных культураў і традыцыяў. Адсюль і назва. Кацярына кажа, што метафара «мова дрэва» адсылае ў свет жывой прыроды, у свет легендаў і паданняў, якія напісаныя на адзінай для ўсіх мове.

Тэкст «Красна сонца» спявачка ўзяла з матэрыялаў экспедыцыі Зінаіды Мажэйкі. Аўтарская музыка да яе паўстала летась увесну. А неўзабаве рэжысёр Бруну Суарэш зняў відэа. Кацярына напісала музыку для ягонага кароткаметражнага фільма, а ён на знак падзякі зрабіў відэакліп на «Красна сонца».

Здымалі непадалёк ад Лісабона — ля закінутага маёнтка. «Некалі тут цвілі сады і жылі людзі, а пасля нічога не засталося. Гэты сюжэт перагукваецца з гісторыяй песень: большасць зь іх таксама ўжо нідзе не жыве», — заўважае спявачка і дадае, што яна зачараваная добрымі, сардэчнымі ды адначасова простымі ды шматграннымі беларускімі спевамі. І гэтае сваё захапленне яна хоча перадаць у першым альбоме «Mova Dreva», які цяпер рыхтуецца да выдання.

tuzinfm.by

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура