Праект партала
Гісторыі
21.03.2019 / 10:12
«Нам і без хлопцаў весела». Рэпартаж з адзінай у Беларусі жаночай гімназіі ФОТЫ11

Толькі ў гэтай школе ў калідоры можна лёгка сустрэць дзяўчыну, якая без комплексаў падцягвае калготкі. Тут свабодна абмяркоўваюць пытанні асабістай гігіены, а пра станікі з пуш-апам можна і не думаць. Бацькі, якія аддаюць сюды сваіх дачок, кажуць, што такім чынам хочуць засцерагчы іх ад магчымага падлеткавага гвалту.

Але чым, акрамя таго, што яна адзіная, унікальная жодзінская жаночая гімназія? Наведаліся ў горад БелАЗаў, каб на свае вочы пабачыць, як тут ужо больш за 25 год рэалізоўваецца асобнае навучанне.

Жаночая гімназія ў Жодзіне з’явілася ў 1992 годзе па ініцыятыве тагачаснага мэра горада Лідзіі Печань. Разам з першай дырэктаркай Аленай Нясон яны верылі ў тое, што змогуць адрадзіць найлепшыя традыцыі жаночай адукацыі дарэвалюцыйных часоў. Акрамя звычайнай праграмы, стаўку рабілі на замежныя мовы і шматбаковае развіццё: дзяўчаты з першага дня паглыбляліся ў тонкасці этыкету і харэаграфіі, спявалі, знаёміліся з мастацкай культурай. Быў тут прапісаны і курс на выхаванне добрых жонак, пра што сведчыла існаванне заняткаў па кулінарыі, вышыўцы, сям’і і макіяжы.

Праз амаль 27 год у праграме засталіся толькі этыкет, харэаграфія, працоўнае навучанне, дзе можна засвоіць выпяканне блінцоў, маляванне, мастацкая культура. Дзяўчат, як і раней, вучаць спяваць. Пра сям’ю і здароўе таксама размаўляюць, але па большай частцы на перапынках і класных занятках. Хаця сітуацыя павінна змяніцца ўжо ў наступным навучальным годзе з увядзеннем новага факультатыва ад Мінадукацыі «Асновы сямейнага жыцця».

У будынак на Савецкай вуліцы, што знаходзіцца на ўскрайку горада і мяжуе з не самымі рамантычнымі суседзямі — СІЗА №8 і вайсковай часткай, гімназісткі пераехалі ў 2007 годзе. Месца для тых, хто жыве ў цэнтры, не зусім блізкае, але школа зарэкамендавала сябе як установа, дзе працуюць адны з найлепшых педагогаў у горадзе, таму дзяцей сюды прывозяць здалёк.

З 205 вучаніц ёсць і тыя, хто прапісаны ў Барысаве, Смалявічах і Мінску.

«Згодна з новымі метадычнымі рэкамендацыямі, мы прымаем у гімназію ўсіх ахвотных, але аддаём перавагу тэрытарыяльнаму прынцыпу: у першую чаргу залічваем тых, хто жыве ў нашым мікрараёне ці замацаваны за гэтай школай. Але калі мы жаночая ўстанова, жорсткіх геаграфічных абмежаванняў нам не даводзяць», — расказвае дырэктарка Алеся Салаган.

Алеся Салаган.

На пытанне, ці не сказалася адсутнасць конкурсу на агульным узроўні вучаніц, Алеся Васільеўна, кажа, што не: «Усё роўна ў галаве людзей ёсць разуменне, што гімназія — гэта крыху іншыя патрабаванні і ўзровень. Той жа матэматыкі і замежнай мовы больш гадзін. Мы даём шанец усім, а потым глядзім, спраўляецца дзіця ці не».

Алеся Салаган стала дырэктаркай у маі 2018 года, да гэтага працавала тут настаўніцай рускай мовы і літаратуры, а яшчэ раней — рабіла ў звычайнай змешанай школе ў Барысаўскім раёне. Калі ёй прапанавалі перайсці ў жаночую гімназію, доўга думала. «Было страшна: ці змагу я адпавядаць моцнаму ўзроўню?»

Дырэктарка ў элементах формы гімназістак, якія ўвялі з гэтага года: абавязковыя гальштукі, а таксама камізэлькі, спадніцы і сарафаны на выбар. Не ўсе гімназісткі спраўна носяць форму. Бывае, забываюць гальштукі. Але пасля напаміну зноў стараюцца падтрымліваюць калектыўны дух. Была тут і дзяўчына з яркімі валасамі і тунэлямі ў вушах, але настаўнікі стараюцца давесці, што эксперыментаваць са знешнасцю лепш на канікулах. Прыходзіць не ў форме дазваляецца яшчэ на святы: напрыклад, перад 8 Сакавіка.

Сёння ў жанчыны тут вучыцца 10-гадовая дачка, і яна лёгка апісвае, у чым бачыць розніцу паміж зборнай школай і жаночай гімназіяй:

«Па-першае, у нас тут асаблівая лёгкасць у камунікацыі і эмацыйнасць: шмат абдымашак на перапынках, асабістых размоў. Не трэба думаць, што гэта пачуюць хлопчыкі, зразумеюць не так і будуць смяяцца. Я лёгка магу падняць на лінейцы тэму асабістай гігіены, патлумачыць дзяўчатам правілы паводзінаў у «асаблівай» сітуацыі. І магу быць упэўненая, што мяне зразумеюць. А яшчэ, у параўнанні са змешанымі класамі, тут пануе куды лепшая дысцыпліна. Думаю, спрацоўвае момант: няма перад кім красавацца, каб звярнуць на сябе ўвагу».

Так што кнопкі настаўнікам тут ніхто не падкладае, максімум, што бывае — славесныя лаянкі-дуэлі, як з настаўнікамі, так і паміж сабой.

Дырэктарка расказвае, што «гендарны» падыход яны выкарыстоўваюць і на занятках:

«Нашы настаўнікі ведаюць, што дзяўчатам лепш некалькі разоў паўтарыць новы матэрыял, падключыць іх вобразнае мысленне, фантазію. Калі мы праходзім на літаратуры тэму Вялікай Айчыннай вайны, то, хутчэй, прапануем пачытаць «А золкі тут ціхія» Барыса Васільева, дзе апісваюцца жанчыны на вайне, іх лёс і перажыванні, чым «Забіты пад Масквой» Канстанціна Вараб’ёва з ваеннымі дзеяннямі. Так дзяўчаты глыбей прасякнуцца тэмай».

Але пры гэтым нікому не навязваецца стэрэатыпнае «ты ж дзяўчынка!».

Тут адкрытая зала з сілавымі трэнажорамі, рыхтуюць спартсменак-дзюдаістак, гандбалістак. Добра развітая тэма турызму: у спартовай зале перыядычна можна пабачыць нацягнутыя вяроўкі з карабінамі.

Традыцыйнымі профілямі для гімназіі заўсёды былі лінгвістычны і хіміка-біялагічны, але ў наступным годзе з’явіцца і матэматычны, бо ў дзяўчат ёсць на тое патрэба.

Алеся Салаган прызнаецца, што да фемінізму ставіцца насцярожана, бо ён для яе — пра адмаўленне мужчынскай дапамогі і сілы:

«Я не за тое, каб дзяліць на мужчынскае і жаночае. Я за тое, каб былі ўзаемапавага і ўзаемадапамога. У сучасным грамадстве нельга разважаць: я жанчына — значыць, я гатую і займаюся хатнімі справамі, а ты мужчына — ідзі рамантуй і зарабляй грошы. І гэтае разуменне, мне здаецца, ідзе з сям’і. Я вось многаму навучылася ў бацькі, і калі дома ідзе рамонт, я ведаю, што шпалеры паклею лепш за мужа, і плінтус прыклею, і арку прыб’ю. Затое муж, калі я затрымліваюся на працы, без праблем памые санвузел і пакорміць дзяцей. Але браць на сябе ўсё жанчынам не варта, мне здаецца. Можна ўсё ўмець, але не ўсё дэманстраваць, каб не забіраць у мужчын хлеб і іх зону адказнасці».

Гімназія, вядома, не закрытая для супрацьлеглага полу. Па-першае, тут працуе шэсць настаўнікаў-мужчын, што досыць шмат для невялікага калектыву. Некаторыя нават бяруць на сябе класнае кіраўніцтва. Па-другое, хлопцаў дазволена запрашаць на дыскатэкі і ў якасці пары на выпускны: праўда, прыйдзецца адпавядаць гімназісткам — ніякіх джынсаў і красовак.

Раней у гімназіі ўвогуле існавала традыцыя: спачатку да дзяўчат на танцы прыязджалі кадэты, а потым — яны да іх. У сучасных умовах гэта досыць праблематычна ў фінансавым і арганізацыйным плане, але дырэктарка не страчвае надзеі аднавіць нешта падобнае, хай і ў іншым фармаце: напрыклад, запрашаць на вечарыны хлопцаў з суседняй 9-й школы, у якой іх — большая колькасць. Пытанне ў тым, ці ўсім гімназісткам гэта трэба.

«Намесніца па выхаваўчай рабоце расказала мне, што калі рыхтавалася навагодняя дыскатэка, сямікласніцам прапанавалі запрасіць на свята сваіх сяброў-хлопчыкаў, на што тыя адказалі: «Вольга Анатольеўна, навошта? Мы самі хочам адарвацца і падурэць, ні на каго не азіраючыся», — расказвае Алеся Салаган.

Дырэктарка кажа, што наконт мэтазгоднасці існавання такой школы часта спрачаюцца: маўляў, як жа дзяўчыны пасля адаптуюцца ў грамадстве? Але яна перакананая: «Колькі назіраю нашых вучаніц і выпускніц, ні ў кога з іх няма праблем з камунікацыяй ні з хлопцамі, ні яшчэ з кім.

Сказаць «давайце ўсю краіну перавядзём на такую ж сістэму, як у нас» таксама не магу. Але мы адстойваем сваё права быць.

Як мінімум таму, што набор у гімназію апошнія гады павялічваецца, а значыць, гэта камусьці трэба».

Пра што мараць вучаніцы Жодзінскай жаночай гімназіі?

Ірына Траян, 16 год:

— Самае папулярнае пытанне, якое нам задаюць: як мы вучымся камунікаваць з хлопцамі. Але ніякай розніцы няма: мы, можа, спачатку крыху больш сціплыя, але варта толькі разгаварыцца — і ўвесь дыскамфорт знікае.

У плане навучання тое, што тут адны дзяўчаты, вельмі дапамагае: ты не адхіляешся, заўсёды знойдзеш падтрымку і агульныя тэмы для размоў. Тут вельмі весела і крута, нават не скажаш, што патрэбныя яшчэ і хлопцы.

Некаторыя лічаць, што жаночыя калектывы — суцэльныя плёткі. Канечне, ад абмеркаванняў нікуды не дзецца. Але мы стараемся гэтага пазбягаць. Напрыклад, у нас вельмі моцная канкурэнцыя за адзнакі, і для мяне тое, што побач са мной моцныя аднакласніцы, — не нагода ім зайздросціць, а стымул самой быць лепшай.

Я абрала філалагічны профіль, бо мэтанакіравана хачу паступіць у Мінскі лінгвістычны ўніверсітэт на перакладчыцу. Але для падстрахоўкі здам чацвёртае ЦТ, каб мець магчымасць падаць дакументы і ў БДЭУ на эканамістку, пасля таксама можна быць перакладчыцай-рэферэнтам.

Настаўнікі вучаць нас: замужжа — гэта добра, але спачатку і самой нечага трэба ў жыцці дасягнуць. Для мяне добры муж — таксама мэта, але на першым месцы стаяць самаразвіццё і кар’ера.

Я меламанка і не магу не ехаць у аўтобусе без музыкі і навушнікаў — мне тады сумна. Часцей слухаю поп і R'n'B, магу пераключыцца і на лёгкі рок накшталт Imagine Dragons.

Многія школьніцы чыталі «Вайну і мір» у кароткім пераказе, а я на канікулах адолела кніжку цалкам — яна мяне моцна ўразіла, хаця, канечне, паэзію я люблю больш.

Нядаўна на класнай гадзіне мы абмяркоўвалі нашы мары. І ў мяне яна супала з той, што агучыла сяброўка: злятаць аднойчы ў Нью-Ёрк — гэта неверагодны горад, чаго вартая адна архітэктура і іх жоўтае таксі! Як толькі заробім грошы, паляцім туды разам.

Ганна Кабанчук, 14 год:

— Чатыры класы я вучылася ў звычайнай школе. Вельмі любіла матэматыку і англійскую мову, і калі бацькі даведаліся, што тут прадметы выкладаюць глыбей, мяне вырашылі перавесці.

Я ў 8-м класе і ўжо задумваюся пра будучыню: інстытутаў шмат, але пакуль мая душа схіляецца да прафесіі архітэктара. Праўда, я пакуль да канца не ўпэўненая, што гэта маё.

Я абажаю фантастыку: часам хочацца з рэальнасці трапіць у казку.

У будучыні я б вельмі хацела вандраваць па розных краінах. Толькі не там, дзе пляжы і горача, а з халодным кліматам, гарамі. Мне падаецца вельмі прыгожай не кранутая чалавекам прырода.

Карына Юшкевіч, 14 год:

— Цікава, што мы хоць і з’яўляемся прадстаўніцамі жаночай гімназіі, нас вучаць прыбіраць і гатаваць, але пры гэтым амаль ва ўсіх вучаніц фарміруецца пункт гледжання пра роўнасць мужчын і жанчын.

Асабіста я не хацела б сядзець дома і гатаваць, сачыць за дзецьмі. Гэта мінулае стагоддзе — мая бабуля жыла так.

Акрамя асноўных моў, у нас ёсць факультатыў па іспанскай — гэта вельмі цікава. Класна, што, акрамя англійскай мовы, я буду ведаць хоць нейкую базу іспанскай.

Я не люблю серыялы, бо на іх сыходзіць шмат часу, фільмы глядзець зручней. Люблю камедыі, нешта, каб можна было расслабіцца. Ці наадварот — вынесці нейкія новыя думкі, як пасля прагляду «1+1», «500 дзён лета» ці «Зялёнай кнігі».

Я не рвуся замуж. Мне хацелася б проста сустрэць таго, з кім можна было б дзяліцца сваімі планамі і адчуваць, што гэта той чалавек, якога табе не хапала. І гэта не абавязкова пра шлюб.

Я б не хацела заставацца ў Жодзіне: тут вельмі маленькі горад, дзе складана рэалізавацца. Класна вярнуцца сюды ў старасці па спакой. Пакуль жа я вельмі мару знайсці справу, якой буду гарэць. Каб гэта была не проста праца ў імя высокага заробку, руціна, а рамесніцтва, якое будзе натхняць мяне цягам усяго жыцця.

Саша Затулівецер, 14 год:

— У нас вельмі моцны клас з асобамі, у кожнага ёсць сваё меркаванне, таму часта мы сварымся, калі трэба падрыхтаваць нейкія нумары на святы. Але ў гэтых спрэчках нараджаецца найлепшае рашэнне.

Сама я вельмі люблю спяваць і не выключаю, што з гэтым будзе звязаная мая будучыня. У любым выпадку я — чысты гуманітарый.

Здаецца, калі б мяне зараз накіравалі ў звычайную школу, спатрэбіліся б тыдні на адаптацыю.

У гэтых сценах мы паводзім сябе вельмі разняволена: дзяўчаты ў малодшым класе ідуць па калідоры і падцягваюць на хаду калготкі, бо разумеюць, што няма каго саромецца, тут усе свае. У звычайнай школе падобныя жаданні прыйшлося б стрымліваць.

У інтэрнэце я сачу за блогерамі: Дзімай Ермузевічам, Юляй Гадуновай. А яшчэ за стылістамі, якія паказваюць, як можна класна камбінаваць адзенне.

Калі падрасту, абавязкова зраблю сабе татуіроўку. Канечне, не проста дэльфінчыка ці матылька, а нешта, што будзе мець сэнс.

Я нікога не асуджаю, але не разумею людзей, якія адразу пасля школы выходзяць замуж, прытым што не маюць ні заробку, ні жытла.

Я для сябе даўно вырашыла: замуж выйду пасля 25, а да гэтага буду будаваць кар’еру.

Я мару, што на маім дарослым шляху сустрэнуцца людзі, якія мне не здрадзяць і будуць побач, бо мне складана без сяброў і падтрымкі.

Наста Жукоўская, 15 год:

— Спачатку я вучылася ў іншай школе, але мне захацелася нешта змяніць, і маці аддала мяне ў жаночую гімназію. У мяне такі характар: падабаецца эксперыментаваць — разам з гэтым ты мяняешся сам.

Мая няўрымслівасць праяўляецца і ў спорце — я гуляла і ў футбол, і танчыла. Я люблю рух. Што тычыцца будучай прафесіі, то пакуль я вызначаюся паміж журналістыкай, акцёрствам і стаматалогіяй.

Для мяне няма розніцы — хлопчыкі перада мной ці дзяўчынкі. Я з усімі паводжу сябе аднолькава: які сэнс прыкідвацца, каб чалавеку спадабалася тая, кім я на самай справе не з’яўляюся?

Мой бацька працуе сталяром: на замову стварае сталы, лесвіцы. Часам я дапамагаю яму. Нам папулярызуюць стэрэатып, што жанчына павінна быць за мужчынам як за каменнай сцяной, але не выключаныя сітуацыі, калі яна застанецца адна, і яна павінна быць гатовая да гэтага.

Кожныя выхадныя да мяне прыязджае сяброўка з Мінска, разам мы глядзім відэа і гатуем пірагі — гэта самае любімае з таго, чаму нас вучылі на працоўным навучанні.

Я з дзяцінства мару адкрыць свой гадавальнік для жывёл, немагчыма праходзіць міма котак і сабак з вуліцы і не дапамагчы ім. Дома ў нас жывуць і сабака, і два каты.

Кацярына Карпіцкая, фоты Сяргея Гудзіліна

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура