Праект партала
Дома
09.03.2019 / 17:55
Хлеб з шынкай і яйкам 40

Амаль кожную сваю раніцу я пачынаю з бутэрбродаў. З аднаго боку, гэта даніна звычкі — маці вельмі часта рабіла нам лусцені з маслам і сырам на сняданак. З другога боку, гэта смачна! І не надакучыць, бо можна кожны раз рабіць розныя: з шынкай, яйкам, агароднінай.

А ўявіце сабе, што можна прыгатаваць такі хлеб, кожная луста якога ўжо будзе гатовым бутэрбродам. Вось такую страву мы з вамі сёння і прыгатуем — хлеб з начынкай з шынкі і яйка.

Нам спатрэбіцца:

  • 500 гр. мукі
  • 20 гр. свежых дражджэй
  • 250 мл цёплай вады
  • 1 ст. л. цукру
  • дробка солі
  • сухія італьянскія травы (чабор, базілік, арэгана)
  • 200 гр. шынкі, парэзанай тонкімі скрыльцамі
  • 100 гр. сыру
  • 5 звараных яек

Спачатку гатуем цеста. Дрожджы змешваем з вадой і цукрам, даём 5 хвілінак пастаяць. Замешваем цеста з вады і мукі, дадаём травы. Пакідаем цеста на гадзінку, каб паднялося. Пасля гэтага цеста абмінаем і раскатваем прастакутнік памерам 25х35.

У сярэдзіну выкладваем лустачкі шынкі, пасыпаем сырам, выкладваем яйкі ў адзін шэраг. Акуратна заварочваем цеста і фармуем бохан хлеба.

Выпякаем 40 хвілін пры 190 градусах. Калі скарынка будзе занадта цвёрдай, то пасля выпякання пакласці на бохан вільготны ручнік і пакінуць на некалькі хвілін у духоўцы.

Смачна есці!

Вольга Чарнова, фота аўтаркі

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура