Праект партала
Накіпела
07.03.2019 / 16:46
«Гэта плявок у твар жаночаму руху». Феміністкі разважаюць, што не так са святам 8 Сакавіка27

Пакуль вуліцы тонуць у цюльпанах, а прадаўцы ў крамах не паспяваюць напаўняць паліцы новымі наборамі рафаэлак і тортамі з шампанскім для мужчынскай паловы пакупнікоў, пагутарылі з некалькімі феміністкамі пра тое, як яны адзначаюць гэты дзень і чаму тост «за свята вясны і прыгажосці» — гэта абраза для жанчын.

Ірына Альхоўка, кіраўніца арганізацыі «Гендарныя перспектывы»:

— 8 Сакавіка я лічу сваім прафесійным святам — днём, калі можна яшчэ раз прыцягнуць увагу шырокага кола людзей да таго, што ў беларускіх жанчын ёсць выклікі ў рэалізацыі сваіх правоў. І 8-га — гэта не пра «вясну, прыгожых жанчын, мімозы і гэтак далей». Мы павінны адзначаць дзень салідарнасці жанчын, згадаць, што часта яны незаслужана забываюцца ў гісторыі (паглядзіце на малую колькасць вуліц па ўсёй Беларусі, што названыя ў гонар жанчын). Мы ніякае не «ўпрыгожанне» грамадства, мы граем ў ім важную ролю нароўні з мужчынамі.

Самыя блізкія мужчыны ў курсе маіх поглядаў, таму для сям’і гэта не свята ў тым выглядзе, як яго падаюць навокал. Мужчыны з менш блізкага акружэння, асабліва старэйшае пакаленне, канечне, прытрымліваюцца традыцыйных поглядаў, але гэта не нагода іх ненавідзець. Я патлумачу ім сваю пазіцыю ў адказ на віншаванне і паралельна паспрабую адукаваць у гэтым пытанні.

Наста Захарэвіч, журналістка:

— Для мяне 8 Сакавіка — гэта заўжды нагода падвесці своеасаблівы вынік. Узгадаць паспяховыя жаночыя праекты апошняга года, пагаварыць пра ўдачы і правалы. У гэты дзень я заўжды нагадваю сваім паплечніцам і іншым жанчынам, як я ўдзячная ім за тое, што яны робяць, кажу, як яны натхняюць мяне. Я не святкую 8 Сакавіка ў застольным варыянце, не набываю кветак іншым і прашу не набываць іх для мяне. У гэты дзень я стараюся праяўляць яшчэ больш салідарнасці з жанчынамі, чым звычайна, абмяркоўваю з сяброўкамі планы на будучыя праекты, стараюся запасціся натхненнем і энергіяй на дзеянні.

Блізкія людзі ў курсе, што я кепска стаўлюся да «святочнага» фармату, які цяпер склаўся ў Беларусі. Некаторыя ігнаруюць мае словы і ўсё адно дасылаюць у месенджарах паштоўкі і вар'яцкія вершы, але я проста не адказваю. Ігнорам адказваю на ігнор, так бы мовіць. Кветкавая вакханалія навокал раздражняе, бо гэта простая падмена сутнасці дня і звядзенне яго да абсурду. Калі я бачу, як 8 сакавіка мужчыны жадаюць быць мілымі і клапатлівымі, гэта выклікае вельмі шмат эмоцый. Але я стараюся паводзіцца прыстойна.

З тым, як сёння святкуецца 8 Сакавіка, усё не так. Літаральна ўсё. Сутнасць дня цалкам падмененая: замест жаночай салідарнасці, у якой дзяўчаты былі б актыўнымі суб'ектамі, здольнымі змяняць навакольны свет, мы бачым тоны кветак і паўсюдную аб'ектывацыю. Фактычна абсалютная большасць пажаданняў зводзіцца да «я хачу, каб ты была зручнай для мяне».

Куды больш дарэчным у гэты дзень было б шэсце, зробленае жанчынамі для жанчын. Гэта быў бы добры спосаб аб'яднацца і выказаць сваю салідарнасць. Але ў Менску 8 сакавіка праводзіцца «Жаночы прыгожы забег», на фінішы якога ўдзельніцам даюць кветкі, а ў СМІ іх называюць не інакш як прыгажуні.

Калі грамадству так не хапае асобнага дня для святкавання прыгажосці, варта прызначыць для гэтага асобную дату. Рабіць гэта 8 сакавіка — проста здзек.

8 Сакавіка — не свята вясны і прыгажосці, а дзень салідарнасці. І не, гэтая салідарнасць не становіцца менш актуальнай з часам, як бы ні спрабавалі некаторыя асобы заяўляць, што ў нас ужо перамог фемінізм, а ў жанчын не засталося аніякіх праблем. У Беларусі дагэтуль актуальныя словы «на 8 Сакавіка я хацела, каб быў адменены спіс забароненых для жанчын прафесій, а атрымала цюльпаны».

Крысціна Грэкава, smm-спецыялістка:

— Мне прыемныя падарункі і ўвага ў любы дзень, незалежна ад таго, хто іх дорыць. 8 Сакавіка тут не выключэнне. Тым не менш я досыць чулліва рэагую на віншаванні ў стылі: «цудоўныя жанчыны, радуйце нас і далей». Мне прыемна, калі людзі гэта разумеюць і надаюць мне ўвагу як чалавеку, а не як ўпрыгожанню іх жыцця.

У Беларусі яшчэ хапае патрыярхальных стэрэатыпаў. Гендарныя ролі ўспрымаюцца архаічна. Гэта дае падставу думаць, што 23-га лютага — дзень абаронцы = мужчыны, а 8-е сакавіка — дзень прыгажосці/вясны = жанчына. Тым не менш гэтыя святы зусім пра іншае.

Мне здаецца, як і любое іншае свята, 8 Сакавіка павінна выклікаць пачуццё еднасці, радасці і ўрачыстасці. Для гэтага можна выкарыстоўваць нейкія выступы, парады, дзе кожная жанчына зможа адчуць сябе моцнай і важнай. Даць галасы людзям, якія па розных прычынах не могуць выказацца ў іншыя дні.

Але, наогул, хочацца, каб людзі проста паважалі і любілі іншых, незалежна ад дат.

Ніна Стужынская, гісторык:

— 8 Сакавіка «Беларуская жаночая ліга» адзначае ўскладаннем кветак да мемарыяльнай дошкі Алаізы Пашкевіч (Цёткі). Гэта для нас стала добрай традыцыяй. Пасля мы ідзём на піва.

Кветак і ўвагі, канечне, шмат не бывае. Аднак за гэтым страціўся асноўны сэнс свята, прытым што праблемы, актуальныя для жанчын, засталіся.

8 Сакавіка павінна мець палітычны складнік, інакш мы, жанчыны, ніколі не будзем мець адэкватнай ацэнкі нашай працы. Гэты дзень якраз падыходзіць, каб нагадаць пра свае заслугі перад грамадствам.

Марыя Андронава, стваральніца суполкі «Фемінізм. Беларусь»:

— Для мяне Восьмага сакавіка — дзень жаночай салідарнасці. Падстава нагадаць іншым жанчынам, што гэты дзень быў прапанаваны Кларай Цэткін як «міжнародны жаночы дзень» не проста так. Што ў нас ёсць праблемы, звязаныя з іх становішчам у грамадстве. Што гэта ўсё не мае ніякага дачынення да «свята кахання і прыгажосці». 

Я не адзначаю Восьмага сакавіка, але часам удзельнічаю ў звязаных з гэтым днём фемінісцкіх акцыях. На знакі ўвагі ад мужчын рэагую негатыўна. Віншаваць сябе ў стандартным ключы не дазваляю. Мяне віншуюць сяброўкі-феміністкі, да гэтага стаўлюся спакойна.

Прывяду гістарычную цытату на тэму Восьмага сакавіка:

«8 сакавіка 1857 года швачкі зладзілі дэманстрацыю і пікеты ў Нью-Ёрку, патрабуючы паляпшэння ўмоў працы, дзесяцігадзіннага працоўнага дня і роўных правоў для жанчын. Іх разагнала паліцыя. Праз пяцьдзясят адзін год, 8 сакавіка 1908 года, іх сёстры па швейнай справе выйшлі на дэманстрацыю зноў, у гонар падзей 1857 года, патрабуючы права голасу, забароны патагонных майстэрняў і дзіцячай працы. І на гэты раз з'явіліся паліцыя. У 1910 годзе на кангрэсе Другога Інтэрнацыяналу, міжнароднага аб'яднання сацыялістычных партый, нямецкая сацыялістка Клара Цэткін прапанавала абвесціць 8 сакавіка Міжнародным жаночы днём у памяць пра амерыканскія дэманстрацыі і ў гонар жанчын-рабочых па ўсім свеце».

Тое, што зрабілі са святам на постсавецкай (і не толькі) прасторы, — непавага да памяці нашых сясцёр. Зараз жанчын віншуюць кветкамі, жадаюць заставацца «ўпрыгожаннем калектыву», «добрай маці» і гэтак далей. Гэта нават побач не стаіць з першасным сэнсам гэтага дня.

8 Сакавіка ў тым выглядзе, у якім свята існуе зараз, — плявок у твар усяму жаночаму руху.

Гэты дзень павінен выступаць у ролі чагосьці, што нагадвае жанчынам: мы павінны трымацца разам. У прынцыпе, гэта тое, што зараз імкнуцца рабіць феміністкі па ўсім свеце. Мерапрыемствы, якія яны ладзяць, пакуль не могуць пераважыць павальнага «дня прыўкрасных дам», але гэта лепш, чым нічога.

Таццяна Кузняцова, актывістка:

— Для мяне 8 Сакавіка — вельмі класнае свята, калі мы святкуем парамогу фемінісцкага руху.

Сёння цяжка ўявіць, што яшчэ якіх сто год таму жанчыны не мелі права атрымліваць вышэйшую адукацыю, галасаваць. Перамогі феміністак мінулага стагоддзя вельмі значныя, і гэты дзень — нагода згадаць тых адважных жанчын, якія не шкадавалі свайго жыцця дзеля змен да лепшага.

З іншага боку, гэты дзень — добрая нагода пагаварыць, якія праблемы ды хібы ёсць у нашым грамадстве. На маю думку, на сёння самыя гарачыя праблемы — «шкляная столь» у кар'еры ды розніца ў заробках (да 30 адсоткаў), падвойная нагрузка (праца+хатнія справы — ці нават патройная, бо некаторыя кажуць пра дадатковую працу на «прыгажосць»), сэксуальная аб'ектывацыя, сямейны гвалт.

8 Сакавіка ўспрымаюць як свята прыўкрасных і прыгожых дам. Не тое, каб жанчыны не былі прыгожымі, але гэта змяншае ўнёсак жаночай працы і ўвогуле іх годнасці як людзей да функцыі ўпрыгожвання. Той функцыі, якую звычайна выконваюць рэчы, а не людзі.

Складваецца ўражанне, што ўсю працу робяць мужчыны, а жанчыны толькі «ўпрыгожваюць калектыў» — з'яўляюцца нечым такім, каб мужчынам было не сумна працаваць. Але гэта зусім не так.

Гутарылі Кацярына Карпіцкая, Наталля Тур, фота з архіваў гераінь

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура