Праект партала
Стасункі
02.03.2019 / 14:02
«Шмат разоў даводзілася бачыць, як жаніх плача». Вясельная рэгістратарка — пра форс-мажоры ў шлюбных цырымоніях2

«Нашай Ніне» вясельны рэгістратар Алена Пруцік адказала на самыя папулярныя пытанні, якія ёй даводзіцца чуць як ад маладзёнаў, так і іх гасцей, падзялілася выпадкамі, якія цяжка прадугледзець падчас нават самай прадуманай цырымоніі, і распавяла, што ж будзе модным у сезоне-2019. 

Мінчанцы Алене Пруцік 25 гадоў. Алена скончыла эканамічны факультэт і пяць гадоў адпрацавала па спецыяльнасці, падпарадкуючыся раскладу дня і строгаму дрэс-коду.

Але раптам у адзін дзень яна вырашыла, што сябе не падманеш і што кветкі, музыка, прыгажосць больш вабяць дзяўчыну, чым лічбы і дакументы.

«Па шчырасці прызнацца, з вяселлямі я была звязаная з дзяцінства. Тата іграў на вяселлях, мама была вядучай. Пасля я вывучылася на фларыста і займалася стварэннем вясельных букетаў. Але ўвесь час думала пра тое, што я займаюся не тым, пра што марыла. І неяк выпадкова трапіла на аб’яву пра тое, што запрашаюць на курсы вясельных рэгістратараў. Але вясельны рэгістратар — гэта не толькі свята, гэта вялікая і адказная праца».

І вось ужо год Алена праводзіць урачыстыя цырымоніі. За гэты час яна распісала каля 50 пар. Але вось якія пытанні перыядычна ўзнікаюць у новых і новых пар. 

«Нашто яшчэ раз рэгістраваць шлюб, калі ёсць ЗАГС?»

Даты ўрачыстай рэгістрацыі шлюбу і дата штампа ў пашпарце будуць адрознівацца. І многія не разумеюць, нашто ладзіць «паказуху», калі вы ўжо атрымалі запаветны дакумент.

У гэтым, сцвярджае Алена Пруцік, і ёсць розніца ў тым, што цырымонію праводзяць адмыслова падрыхтаваныя рэгістратары, а не «цётачка ў ЗАГСе», у якой такі ўрачысты момант пастаўлены на канвеер.

Алена расказвае, што з парай знаёміцца задоўга да ўрачыстасці. Паспявае пазнаёміцца, даведацца пра іх гісторыю, зразумець, чаго чакаюць ад цырымоніі маладзёны. Кожны момант распісваецца да падрабязнасцяў.

Акрамя таго, рэгістратар падбірае музыку і прадумвае тое, што будзе адбывацца падчас рэгістрацыі да драбязы: і парасоны на выпадак дажджу, і пледы на выпадак моцнага ветру, і скрыначкі для пярсцёнкаў, і тэчкі для словаў жаніха і нявесты.

«У мяне быў выпадак, калі падушачку з пярсцёнкамі з-за моцнага ветру проста зносіла. І каб не скрыначка, якую я нашу з сабой, момант быў бы безнадзейна сапсаваны, а так я хутка выправіла сітуацыю», — расказвае Алена.

Якія здараюцца форс-мажоры? І як выходзіць з непрадугледжанай сітуацыі?

Сітуацыя, якую цяжэй за ўсё спрагназаваць, вядома, звязаная з надвор’ем.

«Здаецца, і прагноз паглядзіш, а тут вецер ці проста холад сабачы. Што датычыцца людскога фактару, то бывае, што госці перад цырымоніяй паспяваюць выпіць лішняга. Вельмі не люблю такія моманты. Таму я прашу жаніха і нявесту не падаваць на фуршэт моцныя спіртныя напоі», — кажа Алена.

Здаралася ў практыцы рэгістратара і такое, што дзве пары проста адмянілі ўрачыстасць за некалькі дзён да яе. У першым выпадку пара вымушаная была адмяніць вяселле з-за хваробы сваяка. У другім выпадку — маладзёны зразумелі, што робяць памылку.

«Што за трызненне: нявесту забіраць з нумара гатэля? Сябровак апранаць у аднолькавае? Замаўляць аўтарскія торты?»

«Такія пытанні часцей за ўсё задаюць бацькі маладых, — расказвае рэгістратар, — у нас вельмі традыцыйныя мадэлі вяселляў, і ўсё тое, што выбіваецца з традыцыі, выклікае супраціў. Чамусьці мамы лічаць, што трэба, каб нявесту жаніх забіраў з дому. Але ж на памяць застануцца фотаздымкі з прыгожага месца, а не з пад’езда шматпавярхоўкі.

Многія да сёння не разумеюць, што выкуп нявесты — гэта перажытак мінулага, што гэта бянтэжыць жаніха і глядзіцца як мінімум недарэчна.

Мая задача, як рэгістратара, зрабіць усё магчымае, каб было прыгожа. Неабавязкова сябровак апранаць у аднолькавыя сукенкі, можна проста падабраць ім аксэсуар у адзіным стылі, — кажа Алена, — але калі яны не гарманіруюць з зонай рэгістрацыі, я проста прапаную пары быць каля зоны рэгістрацыі ўдваіх. Без сяброў. Сябры падтрымліваюць разам з астатнімі гасцямі. Плюс быў выпадак, калі сябар жаніха пастаянна гучна кашляў і адцягваў ўсіх гасцей — ён жа стаяў паміж мной і жаніхом».

«Хачу вяселле па-беларуску»

«Я б вельмі хацела правесці цырымонію па-беларуску. Тым больш што я рэгістратар, які спявае», — прызнаецца Алена Пруцік.

«Мужчыны не плачуць»?

Толькі не на вясельных цырымоніях.

«Мой любімы момант на ўсіх вяселлях — гэта момант з’яўлення нявесты. Тут эмоцыі зашкальваюць ва ўсіх. І ў першую чаргу ў жаніха. Шмат разоў даводзілася бачыць, як жаніх плача. І гаворка не пра скупую мужчынскую слязу. Хаця эмоцыі розныя. Мамы нявест, прызнацца па шчырасці, плачуць значна часцей, чым жаніхі. А будучыя мужы могуць і радавацца, і рассмяяцца. Усё вельмі індывідуальна».

«Што будзе модным у сезоне 2019?»

1. Вячэрняя цырымонія. Рэгістрацыя шлюбу пад зорамі і ліхтарамі.

2. Мінімалізм. Менш дзеянняў, больш душы і свабоды. Развітваемся з лішнімі дапаўненнямі. ⠀

3. Жывы гук. Асаблівы дзень з асаблівай музыкай.

4. Вясельныя канцэпцыі ў цёмных танах. Цырымонія становіцца смялейшай, адкрываецца новаму. Такія вяселлі маюць свой шарм і стыль.

5. Камернасць. Калі далёкія сваякі з Магадана пачакаюць. Гэты трэнд толькі ўзмацняецца з кожным годам. Толькі самыя блізкія, а часам свята наогул для дваіх.

6. Экалагічнасць. Толькі жывыя кветкі, максімальная набліжанасць да прыроды, магчымасць выкарыстання прыроды ў якасці найлепшых дэкарацый. ⠀

7. Індывідуальнасць. Не так, як у «Машы з бухгалтэрыі». Больш унікальнасці на цырымоніі, аддаленне ад рамак шлюбу. Развітваемся з актамі, уручэннем пасведчанняў, адмаўляемся ад подпісаў сведак.⠀

8. Індустрыяльныя цырымоніі. Незвычайныя рашэнні для пляцовак, стыльныя лофты, дахі дамоў і мноства іншых варыянтаў для цырымоній у горадзе — нуль перажыванняў за надвор'е, максімум магчымасцяў.

Наталля Тур, фота з архіва гераіні 

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура