Праект партала
Гісторыі
21.02.2019 / 12:26
Вольга Барабаншчыкава расказала пра мужа, які жыве ў іншай краіне, бізнэс і сабак. І пра тое, як першы раз стаць мамай у 39 гадоў7

Спявачка і былая тэнісістка Вольга Барабаншчыкава расказвае пра тое, чаму не баіцца, калі пяць сабак ляжаць у адным ложку з дачкой Аэлітай, пра тое, дзе браць сілы, каб наведваць дзетак-інвалідаў, пра дзяцінства і тату, пра тое, як знайсці сябе пасля вялікага спорту і жыць у гармоніі з сабой і навакольным светам.

Аказалася, што сустрэцца з Вольгай — гэта толькі палова справы. Самае складанае — гэта пачаць размову. Працоўны дзень ва ўласнай краме адзення Candy Lady для Вольгі сапраўды працоўны. Званкі, візіты, людзі і сабакі. 

З парога брэша бігль Круці, Вольга яго супакойвае. Пасля прапаноўвае каву, ушчувае супрацоўніц, што доўга вярталіся з абеду. Нарэшце, садзіцца і пачынае:

«Мой працоўны дзень размеркаваны такім чынам, што калі я выбіраюся ў горад, то імкнуся зрабіць як мага больш спраў. Хаця жыццёвыя прыярытэты расстаўленыя такім чынам, што ў першую чаргу я — мама».

Аэліта — самае зацалаванае дзіця ў свеце

39-гадовая Вольга Барабаншчыкава ўпершыню стала мамай сем месяцаў таму.

«Да нараджэння Аэліты я думала, што свабодная, таму шчаслівая. А калі з’явілася яна, я па-сапраўднаму зразумела, што дзіця — гэта шчасце абсалютна іншага ўзроўню, нараджэнне Аэліты запоўніла мяне цалкам. Гэта я цяпер супакоілася і не здымаю на тэлефон кожны момант жыцця Літусі. Хаця гэта вар’яцкі цікава назіраць, як яна расце, як мяняецца. Першыя гукі, першыя ўставанні, першыя зубкі — гэта ўсё так кранальна. Да слёз», — прызнаецца яна.

У Вольгі сапраўды на вачах блішчаць слёзы.

«Я вельмі люблю хатнія дні, калі не трэба нікуды спяшацца, калі мы з дачушкай можам цэлы дзень поўзаць, гуляць, спаць, абдымацца. Я, як, напэўна, усе мамачкі, лічу, што Аэліта — самае зацалаванае дзіця ў свеце», — працягвае былая тэнісістка.

Самыя пацешныя фота і відэа з Аэлітай Вольга выкладвае на сваю старонку ў інстаграме. Акрамя Аэліты, на фотаздымках фігуруюць і пяць сабак Вольгі: два біглі і тры вялікія беспародныя сабакі.

Еду дадому і малюся, каб па дарозе не сустрэць бадзяжнага сабаку: я ж не змагу праехаць міма

«Я цяпер хутчэй аберагаю сабак ад Літусі, чым наадварот. Тое, што мае сабакі ляжаць побач з сямімесячнай дачкой, у сеціве выклікала неадназначную рэакцыю мамачак. Гэта зразумела, сабака ёсць сабака. Але я ў сваіх «дзяўчатах» настолькі ўпэўненая, што мне не бывае страшна, што яны могуць неяк нашкодзіць дзіцяці», — пераконвае Вольга.

Асабліва, кажа Вольга, здзіўляюць сваімі паводзінамі бігль Рада, якая дазваляе Аэліце рабіць з сабой абсалютна ўсё, і дварняжка Чарнічка, якая наогул паводзіць сябе, быццам Аэліта — гэта яе дачка. Апякае яе, хвалюецца.

Вольгу сабакі любяць. І гэта, прызнаецца спявачка, узаемна.

Перад нашай сустрэчай Вольга наведвала прытулак на Гурскага.

«Я не магу сказаць, што я там часта бываю, для мяне гэта вельмі цяжка маральна. Але заўсёды імкнуся дапамагчы і сабакам на Гурскага, і іншым няшчасным жывёлам, якія пацярпелі ад здрады і абыякавасці чалавека. Раблю гэта праз сваю старонку ў інстаграме. І я паверыла ў моц інтэрнэту, калі літаральна за некалькі гадзін абсалютна незнаёмыя, але ўсе без выключэння добрыя людзі, адгукаюцца на просьбы дапамагчы коўдрамі для прытулку, кормам або прыстроіць сабаку», — кажа яна.

Вольга прыгадвае, як у яе ў адзін вечар замест двух сабак сталі жыць трынаццаць:

«Мы ратавалі двух сабак, якія жылі ў лесе. Іх збіраліся адстрэліць. Калі адну забіралі з нары, аказалася, што там яшчэ дзевяць шчанюкоў, гэта для нас саміх стала сюрпрызам. Мяне тады вельмі падтрымаў мой муж. Я патэлефанавала яму, пытаюся, што рабіць. Ён адразу сказаў: «Забірай! Дзе адна, там і дзве, дзе тры, там і чатыры!»

Большасць шчанюкоў раздалі літаральна на наступны дзень, некаторыя «завіслі» на пару месяцаў, аднаго з іх забраў тата Вольгі. 

«Мне так балюча ад таго, наколькі ў нас безадказныя людзі. Некаторыя дагэтуль лічаць, што стэрылізацыя жывёлы — гэта негуманна. А выкідваць на ўзбочыны каробкі з кацянятамі і шчанюкамі ­— гуманна? Я ў машыне заўжды важу з сабой корм, каб можна было б хаця б пакарміць сустрэчнага сабаку. Хаця я еду дадому і малюся, каб па дарозе не сустрэць бадзяжнага сабаку: я ж не змагу праехаць міма», — расказвае Вольга. Яе вочы зноў напаўняюцца слязьмі.

У сабакі адняліся заднія лапы, і ён поўзаў па вёсцы на пярэдніх

Не змагла прайсці Вольга міма гісторыі сабакі з Пухавіцкага раёна. Гісторыя пачалася яшчэ ў кастрычніку мінулага года, а судовыя разбіральніцтвы не завяршыліся і сёння.

«Мне выпадкова трапілася відэа, на якім малады сабачка сядзіць у металічным барабане ад сельскагаспадарчай тэхнікі, — прыгадвае Вольга. — Сабака худы, замучаны. Паехалі мы ў Пухавіцкі раён, напісалі заяву ў міліцыю на гаспадара. Уяўляеце, гаспадар — малады мужчына, працуе міліцыянерам. Ён адказны за ізалятары часовага ўтрымання. Але калі ён сваім гадаванцам стварыў такія ўмовы, то страшна ўявіць, як ён працуе з людзьмі».

«Мясцовыя расказалі нам, — працягвае Вольга, — што ў яго папярэдняга сабакі пасля палявання адняліся заднія лапы. Дык той сабачка поўзаў па вёсцы на пярэдніх, пакуль яго не пераехала машына. А сабачку, што жыла ў барабане, нам так і не аддалі. Больш за тое, гаспадар напісаў на нас заяву быццам за вымагальніцтва. Вось судзімся да гэтага. Хаця па нашым пазове суд прызначыў яму самы вялікі магчымы штраф па гэтым артыкуле, здаецца, 13 базавых».

Пасля тэнісу надышоў перыяд бруду. Не ўсе з нашай кампаніі сёння жывыя

«Я даволі рана пачала зарабляць самастойна. І з першых заробкаў пачала дапамагаць дзіцячым дамам. Гэта нармальна. Дапамагаць людзям. Я пра гэта амаль не расказваю», узгадвае Вольга.

Перад Новым годам яна зноў жа ў сваім інстаграме прапанавала падпісчыкам наведаць дзіцячы дом у Івянцы.

«Адгукнулася столькі людзей! Мне напісала дзяўчына з ІТ-кампаніі, яны ўзялі ў дзетак іх лісты да Дзеда Мароза і выканалі іх усе жаданні. Гэта было так шчымліва», — успамінае Вольга.

І зноў пачынае плакаць.

«Вельмі цяжка прыязджаць да дзетак-інвалідаў, вельмі шкада, што свет такі несправядлівы, — працягвае Вольга. — Але я заўсёды імкнуся сама перадаць ім падарункі, сустрэцца асабіста. На жаль, падману шмат. Бывае, што не даходзіць дапамога да дзяцей. Балюча бачыць дырэктараў такіх устаноў, якія, шчыра кажучы, зажэрліся. І ім не патрэбныя госці, візіцёры. Маўляў, пастаўце падарункі і едзьце адсюль».

Нягледзячы на несправядлівасць, на недахопы ў беларускім заканадаўстве, Вольга прызнаецца, што іншай краіны для жыцця, акрамя Беларусі, сабе не ўяўляе:

«Мне прапаноўвалі застацца ў Англіі, гуляць у тэніс за гэту краіну. Магла б застацца ў Амерыцы, але гэта зусім не мая краіна. Зараз мы з мужам жывём на дзве краіны, але кінуць усё і паехаць да яго ў Маскву, — нават не ідзе такой гаворкі. Мне камфортна ў Беларусі. Тут мой дом, мае бацькі, мая праца любімая, справы, сябры. Я аднойчы, пасля тэнісу, пачынала з нуля. Больш так не хачу».

Вольга прыгадвае час, калі завяршыла кар’еру тэнісісткі, з жахам:

«Вельмі цяжкі для мяне перыяд, калі я дазналася пра ўсё «хараство» начнога жыцця. Я так скажу: не ўсе з нашай той кампашкі сёння жывыя. І я ўдзячная лёсу і людзям, якія выцягнулі мяне з таго бруду».

Тэніс — гэта від спорту вельмі самотных людзей

«Аднойчы ты прачынаешся раніцай і разумееш, што ты больш нікому не патрэбны: ні краіне, чый гонар ты адстойваў у спаборніцтвах, ні журналістам і фатографам, — расказвае Вольга. — Гэта звонку здаецца, што тэніс — вельмі гламурны спорт. А насамрэч, гэта спорт вельмі самотных людзей: з году ў год адныя і тыя ж турніры, адны корты, адны пералёты. Добра, калі з табой ездзіць світа, а калі ты ўвесь час адзін?»

З Мінску Вольга Барабаншчыкава з’ехала, калі ёй было ўсяго дзесяць гадоў:

«Я жыла як цыганя: Польшча, Бельгія, Англія, Амерыка… Я размаўляла па-руску з акцэнтам, думала на англійскай мове. Але сваё мінскае дзяцінства ўспамінаю з цеплынёй».

Вольга расказвае, што яе аднакласнікі нават біліся за права несці партфель Вольгі са школы.

«Я пацанкай расла. Гаражы, балоты — усё з хлопчыкамі бегала. Ці думала тады, што буду спяваць? Наўрад ці, хаця я вырасла ў музычнай сям’і», — узгадвае Вольга.

Тата Вольгі граў на гітары, спяваў, у яго была свая музычная група. Быў час, калі тату Вольгі запрашалі да сябе ці то «Верасы», ці то «Песняры», але паміж гастролямі, папулярнасцю і сям'ёй, ён выбраў родных.

Таму, напэўна, гэта было не зусім выпадковасцю, калі дачка-спартсменка запела. Усё пачалося з песні «Не паверу».

У кожнага сваё кіно

«Я па-ранейшаму выступаю, сумую па сцэне, — расказвае Вольга. — Не так часта, вядома. Усё ж на першым месцы ў мяне Аэліта. Ці мару яшчэ раз стаць матуляй? Не ведаю, я цяпер настолькі эмацыйна напоўненая і ўсё гэта настолькі свежыя ўражанні мацярынства, што я баюся не даць рады яшчэ аднаму дзіцяці. Хаця думкі пра дзіця, пра ўсынаўленне ў мяне ёсць. Магчыма, калі Літуся крыху падрасце, я адважуся на гэта. Жыццё пакажа. А пакуль у Літусі ёсць пяцёра калматых сяброў».

Цяпер Вольга мае свой брэнд адзення, працуе радыёвядучай.

На пытанне, як спраўляецца з усім, адказвае, што ёй вельмі пашанцавала з няняй для дзіцяці… І з робатам-пыласосам.

«У плане чысціні — я крыху педант. Але вы самі разумееце, што ў доме, дзе жыве пяцёра сабак і сямімесячнае дзіця — чысціня — гэта мара», — смяецца Вольга.

Муж Вольгі жыве асобна, у Маскве. Аляксей Селіваненка — віцэ-прэзідэнт Еўрапейскай тэніснай асацыяцыі і дырэктар турніру «Кубак Крамля».

«Мы бачымся не часта, — кажа Вольга. — Канечне, я сумую па ім. Але, напэўна, не змагла б ужо так, каб чалавек штодзень мільгаў перад вачыма. А так за 12 год, што мы разам, ні разу не павысілі адзін на аднаго голасу. Я не ведаю, правільна так жыць ці не, у кожнага сваё кіно».

Наталля Тур, фота Волі Афіцэравай

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура