Праект партала
Дома
09.02.2019 / 08:59
Каб сустрэць нечаканых гасцей: рэцэпт ідэальных сырных мафінаў7

У жыцці ёсць падзеі, якія можна апісаць як «благая і добрая навіна ў адным». Напрыклад, нечаканыя госці. Так, гэта вельмі класна — правесці вечар з сябрамі за цікавай гутаркай, але ў той жа час трэба хуценька прыдумаць, што паставіць на стол у якасці пачастунку. І не кажыце, што госці могуць і не есці. Я не паверу, што хтосьці з гаспадынь можа спакойна глядзець на пусты стол у такой сітуацыі.

І вось у такіх выпадках мяне ратуе рэцэпт мафінаў: прадукты тут нескладаныя, а гатуюцца яны вельмі хутка. Ідэальны перакус!

Нам спатрэбіцца:

  • 220 мл малака;
  • 3 ст. л. смятаны ці натуральнага ёгурту;
  • 4 ст. л. алею;
  • 1 яйка;
  • 260 гр. мукі;
  • 1,5 ч. л. разрыхляльніку;
  • 0,5 ч. л. солі;
  • молаты перац;

Для начыння:

  • 140 гр. сыру;
  • 5 галінак пятрушкі;
  • 2 зубчыкі часнаку;
  • 6 памідорак чэры.

Грэем духоўку да 180 градусаў. Формачкі для мафінаў трохі шмаруем алеем.

Сыр націраем на тарцы, пятрушку і часнок дробна наразаем. Можна выкарыстаць іншую зеляніну ці скарыстаць сухія травы. Памідоркі рэжам на паловы (памідоркі тут ідуць як неабявязковы дадатак, можна зрабіць без іх ці, напрыклад, замяніць на кавалкі сыру ці шынкі).

Малако змешваем са смятанай, алеем і яйкам. У сумесь дадаём прасеяную муку, разрыхляльнік, соль і перац. Усё добра перамешваем і дадаём начынку: сыр з зелянінай і часнаком. Зноўку мяшаем.

Выкладаем сумесь у формачкі для мафінаў. Майце на ўвазе, што яны вырастуць, так што выкладайце з гэтым разлікам (у мяне атрымалася 12 штук).

Зверху трохі «топім» у цеста памідорку.

Выпякаем у духоўцы 20—25 хвілін. Есці можна і гарачымі, і халоднымі. Хай вам будзе смачна!

Вольга Чарнова, фота аўтаркі

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура