Праект партала
Тое-сёе
05.02.2019 / 08:50
Пенсіянерка пра тое, як у адзіночку падарожнічала па Паўднёвай Амерыцы3

Таццяне Каспяровіч на днях споўнілася 60 гадоў. Яна заўзятая падарожніца: пабывала ўжо больш чым у 20 краінах, у тым ліку ў такіх экзатычных для нас, як Перу, Чылі, Бразілія. І не па турпуцёўцы — ездзіла ў іх самастойна, ды яшчэ ў адзіночку. Не кожная беларуска ва ўзросце за 50 адважыцца на такі крок, піша Звязда

Таццяна Мікалаеўна выкладвае на стол стос фотаальбомаў са здымкамі з вандровак, больш падобных на важкія тамы — кожны таўшчынёй звыш шасці сантыметраў. У гэтых фотаальбомах — мары, уражанні, успаміны, эмоцыі, і іх вельмі шмат. Зрэшты, давайце пра ўсё па парадку…

У адзіночку па Перу

— Падарожнічаць я любіла заўсёды, — пачынае Таццяна Каспяровіч, — але актыўна ездзіць пачала толькі ў 2009 годзе, калі дзеці выраслі і сталі самастойнымі. Усе паездкі былі ў асноўным у складзе арганізаваных груп. Але мяне раздражняла, што ў іх адводзілася вельмі мала часу на агляд славутасцяў — значна менш, чым на наведванне крамаў. Ужо надакучылі гэтыя экскурсіі «галопам па еўропах», ды і бюджэт у мяне сціплы.

Паездкай на Мачу-Пікчу я «заразілася» ад свайго пляменніка, убачыўшы ў сацсетках яго фатаграфіі. Яны мяне проста заваражылі! І я вырашыла, што абавязкова там пабываю. Сярод маіх знаёмых спадарожнікаў не знайшлося, а ехаць з чужым чалавекам не хацелася. Таму вырашыла выправіцца ў адзіночку. Тым больш што я валодаю іспанскай мовай (якую, дарэчы, асвоіла самастойна).

Я доўга рыхтавалася да гэтай паездкі: узяла яшчэ адну падпрацоўку, пайшла ў спартзалу, пачала вывучаць усе звесткі аб краіне, чытаць водгукі на форуме ў інтэрнэце.

І вось ужо купленыя па акцыі авіябілеты Мінск — Амстэрдам — Ліма — Амстэрдам — Мінск, чыгуначныя квіткі па Перу, уваходны білет на Мачу-Пікчу — і ўсё гэта праз інтэрнэт. Набыта страхоўка, складзены маршрут, забраніраваны гатэлі… І з візамі ніякіх праблем: для беларусаў уезд у Перу бязвізавы, а віза ў Нідэрланды не патрэбна, калі вы не выходзіце з транзітнай зоны ў аэрапорце.

Але тут я пагутарыла з адным чалавекам, які нядаўна прыехаў адтуль. Ён расказаў, як падвергнуўся ўзброенаму разбою ў Ліме позна ўвечары. Пры ўсім тым, што ён перуанец. Аказалася, што таксіст (жанчына) была ў змове з бандытамі. Вядома, ён нагнаў на мяне страху, але я ўсё роўна вырашыла, што паеду! Многія глядзелі на мяне са здзіўленнем, нават мой дарослы сын.

Але, ведаеце, маё першае самастойнае падарожжа, і тым больш у адзіночку, аказалася самым лепшым! Усё было зусім не страшна, і ў цэлым я амаль не адхілілася ад свайго плана. І перуанцы мне спадабаліся, яны, як мне падалося, вельмі падобныя па характары на нашых вяскоўцаў — такія ж добразычлівыя, няхітрыя, простыя.

І з горнай хваробай я справілася лёгка. Так, часам трошкі вагалася зямля пад нагамі, але тут, мяркую, адбілася і перамена гадзіннага пояса: днём спаць не было калі, а ўначы не спалася — бо дома, у Беларусі, у гэты час быў дзень. Першыя дні спала толькі па дзве-тры гадзіны, а потым бегма па руінах Мачу-Пікчу — тут у любога зямля завагаецца пад нагамі! А калі адчувала, што пачынае падціскаць у скронях, піла таблетку цытрамону. Ну і, вядома, — чай і матэ з кокай, цукеркі з кокай…

У гэ­тых аль­бо­мах — ура­жан­ні з па­да­рож­жаў

Дадам, што хадзіць самастойна па руінах значна лепш, чым увесь час сачыць за гідам, каб не адстаць. Такім чынам можна ўдосталь наглядзецца, надыхацца, адчуць энергетыку гэтых мясцін. Я да гэтага часу пад уражаннем ад Мачу-Пікчу (хоць была там у 2013 годзе)! Там можна сустрэць каго заўгодна: і японскую бабулю на сагнутых ножках, гадоў пад 80, і цяжарных жанчын на апошнім месяцы. Неяк сустрэла перуанскую сям'ю з трыма дзецьмі (малодшаму шэсць месяцаў), і яны мне расказалі, што іх брат ажаніўся з беларускай і жыве ў Мінску…

У старажытнай сталіцы інкаў Куска мяне вельмі ўразіла крэпасць Саксайуаман — сваімі вялізнымі камянямі вагой да 300 тон кожны. Уявіць цяжка, як інкі іх устанаўлівалі! Два разы я праходзіла пункт 4910 метраў над узроўнем мора. Вядома, кіслароду бракавала, хацелася ўдыхнуць на поўныя грудзі, як быццам вынырнула толькі што…

Ездзіла купацца ў гарачыя крыніцы. Вада была супер, але як выйсці, калі вецер халодны? Для сябе вырашыла, што калі не захварэю пасля гэтых крыніц, то пражыву як мінімум яшчэ сто гадоў. А па дарозе ў Чывай бачыла ружовых фламінга!

Астравы Бальестас сустрэлі вясёлым гоманам птушак. Пінгвіны, коцікі, марскія львы… Адзін малы згубіў сваю маму, і так крычаў, бедны, пакуль яе не знайшоў — ну зусім як чалавечае дзіця. А яшчэ я першы раз убачыла дэльфінаў у адкрытай вадзе. Эмоцыі ад усяго гэтага проста зашкальвалі!

Я пазнаёмілася ў амстэрдамскім аэрапорце з маладой жанчынай з Латвіі, і мы ў першы дзень гулялі па Ліме разам, а потым перасекліся ў Куска яшчэ на дзень. Але потым нашы шляхі разышліся. А ў апошні дзень падарожжа пазнаёмілася з хлопцам з Венесуэлы. Яму трэба было, каб яго нехта фатаграфаваў, а мне — кампанія. Так што я яго апекавала як мама, а ён мяне ахоўваў…

У сталіцы Перу Ліме больш за ўсё ўразіла эратычная кераміка ў музеі Ларка, які прысвечаны мясцовай гісторыі, культуры і былым цывілізацыям. Я думала, што інкі былі сціплымі, аказваецца, гэта не так. Вельмі спадабалася змена варты каля Палаца ўрада. А яшчэ запомніліся жудасныя заторы…

Лічу, што ў такіх паездках чалавек спазнае сябе. Людзі ў старасці часта шкадуюць, што мала падарожнічалі і мала любілі, дык чаму б не рабіць гэта, пакуль ты яшчэ поўны сіл?

Бразілія і Чылі праз Барселону

У красавіку 2017-га я здзейсніла паездку ў Бразілію і Чылі, таксама ў адзіночку. Рыхтавацца пачала амаль за два гады. Перш за ўсё стала збіраць грошы. Вельмі марыла пабываць на востраве Вялікадня. Магчыма, пад уражаннем ад фільма «Успамін пра будучыню», які глядзела ў юнацтве, — ён моцна падзейнічаў на маё ўяўленне.

У рэшце рэшт я купіла авіябілеты праз Іспанію. Спачатку быў пералёт Мінск — Барселона, затым Барселона — Рыа. А ў перапынку паміж імі гуляла па Барселоне і з'ездзіла да Чорнай Мадоны ў Мансерат. Ляцець з перасадкай выйшла танней, і ў дадатак яшчэ атрымала шмат уражанняў ад Іспаніі. Праўда, перад гэтым, будучы ўжо на пенсіі, прыйшлося на некалькіх работах працаваць, потым трапіць у бальніцу, паменшыць свой запал і зменшыць колькасць падпрацовак. Вядома, падарожжа ў адзіночку заўсёды даражэйшае. Але, я лічу, лепш даражэй, чым з дрэнным спадарожнікам. Да таго ж шмат цікавых знаёмстваў можна завесці ў самой паездцы.

У Рыа-дэ-Жанэйра народ памяркоўны. Усе мне дапамагалі знайсці дарогу — ніякага негатыву і крыміналу не заўважыла. Хоць, вядома, па начах я не хадзіла куды не трэба. Але літаральна на другі дзень пасля прылёту ўмудрылася атрымаць траўму на пляжы: спатыкнулася на камені. Нага спухла, і мяне забралі на хуткай дапамозе. Іх муніцыпальны бясплатны шпіталь — проста жах. У кабінеце рэнтгену, у дзвярах была вялізная дзірка. Медыкі ў яе зазіралі спачатку, а потым заходзілі. Па-іспанску ніхто не гаварыў, толькі па-партугальску, хоць усе мяне разумелі. Не ведаю, дзве ці тры гадзіны я правяла ў чарзе, сярод натоўпу калек, але для мяне гэта была вечнасць. З вуліцы прывозілі пацярпелых з разбітымі галовамі, і іх аглядалі тэрмінова. Мне пашанцавала: пералому не было, толькі ўдар. На наступны дзень я змагла ўстаць і нават хадзіць. Вось такім было маё знаёмства з бразільскай медыцынай.

Потым я паляцела на востраў Вялікадня і аказалася ў поўным захапленні ад яго. Там усё было маё: і музыка, і танцы, і дух гэтага месца — усё спадабалася! Акіян вельмі прыгожы: колер пераходзіць з фіялетавага ў сіні, затым у бірузовы. З-за моцнага ветру над акіянам стаяла вясёлка.

На востраве Вялікадня я нават сустрэла хлопца з Мінска! Праўда, ён вучыўся ў Чэхіі і застаўся там жыць і працаваць. Але ўсё роўна было вельмі прыемна ўбачыць земляка так далёка ад дому. Яму сябры падарылі майку-вышыванку, па ёй я яго і вылічыла.

А яшчэ было вельмі прыемна, што мясцовыя ведаюць пра Беларусь. Калі ў бары сказала, адкуль я, пачула: «О, гэта той, хто нёс рускі сцяг у Рыа-дэ-Жанэйра на Алімпіядзе»! Было так здорава!

Дарэчы, калі я была на востраве, якраз праходзіў перапіс насельніцтва Чылі. Удзел у перапісе з'яўляўся абавязковым для ўсіх, хто знаходзіцца ў гэты дзень на тэрыторыі краіны, у тым ліку і для замежных турыстаў. Таму мне таксама прыйшлося запоўніць анкету. Ну, а сталіцу Чылі — Сант'яга я неяк хутка «прабегла». Гэта велізарны мегаполіс, у якім усе кудысьці спяшаюцца…

* * *

Хтосьці скажа: «Нішто сабе жывуць беларускія бабулі!» Я вельмі люблю маю краіну, і чым больш падарожнічаю, тым больш яе люблю. Аднак, каб жанчыне ва ўзросце ажыццявіць такое падарожжа, трэба вельмі гэтага захацець, і акрамя пенсіі мець яшчэ некалькі работ, а яшчэ — жыць сціпла. Машыны ў мяне няма, дачы няма, футра і брэндавай вопраткі таксама. Усё, што мне дораць сваякі на розныя святы, я кладу ў скарбонку — на паездку. Бо вельмі люблю падарожжы! Лічу, што яны прыносяць больш шчасця, чым матэрыяльныя даброты, даюць адчуванне свабоды…

У на­цы­я­наль­ным пе­ру­ан­скім адзен­ні.

Парады падарожнікам ад Таццяны Каспяровіч

  • Да паездкі варта рыхтавацца загадзя, адсочваць цэны на білеты. З'явілася добрая прапанова па акцыі — трэба тут жа браніраваць, каб не прапусціць.
  • У гатэлі, лічу, трэба звяртаць увагу ў першую чаргу на месцазнаходжанне і водгукі ад іншых гасцей. І яшчэ я заўсёды шукаю гатэлі са сняданкам, каб не траціць час на пошукі, дзе б перакусіць зранку. Таму што час — гэта самае каштоўнае ў паездцы.
  • З адзення трэба браць толькі самае неабходнае. І ў цэлым рэчаў — па мінімуме. У ідэале — маленькі чамаданчык, які па правілах авіякампаній праходзіць як ручная паклажа. Гэта дапаможа сэканоміць час па прылёце: не трэба чакаць, пакуль выгрузяць багаж.
  • А калі ляцець лаўкостарам, білет толькі з ручной паклажай будзе каштаваць нашмат танней.
  • У многіх краінах, у тым ліку ў Чылі і Балівіі, нягледзячы на тое, што нашы банкаўскія карткі ў асноўным дэбетавыя, трэба казаць, што гэта крэдытка. Тады касір у краме пераключыць у сябе апарат на прыём крэдыткі, і плацеж нармальна пройдзе. У адваротным выпадку беларуская картка можа не спрацаваць. А ў цэлым нашы карткі прымаюць усюды. Я расплачвалася ёй нават на востраве Вялікадня.
  • Калі едзеце ў не самую бяспечную краіну, не надзявайце залатыя ўпрыгажэнні, не «свяціцеся» дарагім тэлефонам або фотакамерай. Грошы лепш класці ў маленькую сумачку і мацаваць яе на целе пад адзеннем. Ну і, вядома, усюды ўключаць здаровы сэнс: не гуляць па начах, асабліва ў небяспечных раёнах, не размаўляць з падазронымі тыпамі і г. д.

Запісала Святлана Бусько, Звязда

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура