У Беларусі з’явіўся новы брэнд аксэсуараў — «Эра». Яго заснавальніца — дызайнерка Валерыя Сенатарава, якая і распавяла «НН» пра філасофію брэнда.
«Балаклавы — галоўны трэнд сезонаў 2018-2019, аднак у Беларусі іх яшчэ прадаюць мала. А гэта не проста модна — найперш балаклавы камфортныя для нашага надвор'я: яны выдатна абараняюць твар ад ветру. Я даўно думала над тым, каб заняцца вытворчасцю такіх аксэсуараў самастойна. І ў нейкі момант вырашыла: «Час прыйшоў!» — распавяла «НН» дызайнерка.
Валерыі пашанцавала: усе яе блізкія звязаныя са сферай моды і медыя, таму побач заўсёды знаходзяцца тыя, хто можа яе падтрымаць і пракансультаваць.
Назва «Эра» прыйшла ў галаву дызайнерцы нечакана і адразу ж засланіла сабой усе іншыя варыянты: «Слова «эра» моцнае, з пасылам, з выклікам і нават крыху пераклікаецца з маім імем».
Брэнд запусціўся нядаўна, зімой, таму пакуль што ўсе аксэсуары, якія яны выпускаюць, акцэнтаваныя на тое, каб зрабіць людзям цёпла і ўтульна: снуды, арыгінальныя шалікі і, канечне, балаклавы. Аднак выключна на гэтым асартыменце дызайнерка спыняцца не збіраецца. Яна прызнаецца, што галоўнае натхненне для яе — людзі, таму яна будзе пастаянна азірацца на іх патрэбы.
Усе аксэсуары ад «Эры» — ручной працы, ствараюцца на прафесійнай вязальнай машыне. Пража для іх закупаецца ў Італіі. Рэчы не вырабляюцца масавымі тыражамі, таму кожная з іх — унікальная. Але за люксавасць прыйдзецца даплаціць.
«Улічваючы колькасць штодзённых замоў, можна зрабіць выснову, што разуменне гэтага трэнда да нашай краіны дайшло. Увогуле, у нас хапае стыльных сучасных людзей, якія не адстаюць ад еўрапейцаў. Урэшце рэшт ва ўсіх ёсць магчымасць пацікавіцца апошнімі тэндэнцыямі ў інтэрнэце. Зразумела, што балаклава не з’яўляецца рэччу масавага спажывання, але ёй абавязкова павінна знайсціся месца ў гардэробе моднікаў і аматараў зімовага камфорту. Я ўпэўнена, што гэты аксэсуар з намі не на адзін сезон», — лічыць Лера.
З чым можна насіць гэты модны аксэсуар, глядзіце ў інстаграме «Эры». Сама ж дызайнерка лічыць яго ўніверсальным і спалучае з усімі вобразамі: і класічным паліто, і пухавікамі, і футрам.
Кацярына Карпіцкая