Праект партала
Густ
15.01.2019 / 15:01
Начосы, бодзі і яркі макіяж — у модзе зноў яркія 80-я. Што дастаць з мамінай шафы, каб быць у трэндзе?

Туга па змрочнай эстэтыцы 90-х больш не ў модзе — візажысты, стылісты, майстры па прычосках і фатографы па ўсім свеце цяпер актыўна ўспамінаюць яркія 80-я! Настальгія па часах маладосці нашых мам — трэнд, які набірае абароты з касмічнай хуткасцю.

Наша аўтарка Лада Балакірава распавядае, на што варта звярнуць увагу, каб быць у тэме.

Прычоскі

Апантаныя начосы, буйныя кучары, малет, пышныя чубкі і гафрэ вяртаюцца! У 80-я жанчыны не задумваліся над тым, ці шкодзяць валасам разнастайныя ўкладкі, перманент і бясконцыя слаі лаку — калі ваша прычоска не падобная да аблачынкі, вы нешта робіце не так.

Зноў у модзе аксэсуары для валасоў, асабліва ўсе віды павязак, хустак, бантаў і абручоў, а таксама аб'ёмныя гумкі (чым ярчэйшыя, тым лепшыя).

Кім натхняцца: Джаана Джэта, Кім Бейсінджэр, Брук Шылдс.

Макіяж

Забываемся пра натуральнасць і правілы рабіць акцэнт на нешта адно — проста бяром усё лепшае адразу! Блакітныя або фіялетавыя цені на ўсёй плошчы павека, растушаваныя ў шырокае неапрацаванае брыво (у СССР бровы ў гэты час, наадварот, насілі тонкімі дугамі — паглядзіце на гераінь таго ж «Службовага рамана») былі на піку папулярнасці. Макіяж вачэй таксама не абыходзіўся без занадта нафарбаваных веек. Нашы мамы любілі (за адсутнасцю альтэрнатывы) комба з іголачкі для раздзялення і «Ленінградскай» тушы. На твар, акрамя шчыльнага тону і белай пудры, наносілася велізарная колькасць ярка-ружовых, каралавых або слівовых румян (гэтая тэхніка атрымала назву «дрэйпінг» і рэгулярна вяртаецца ў моду кожныя пару гадоў). І, нарэшце, вусны — на іх мажам кідкую перламутравую памаду. Бам — і атрымліваецца дыска-дзіва!

Кім натхняцца: Грэйс Джонс, Мадонна, Ірына Алеграва.

Адзенне

80-я — адна з самых эксперыментальных эпох сучаснасці, што ў першую чаргу адбілася на вопратцы. Кожны ўбор быў заявай, а то і крыкам, стыляў існавала вялікае мноства. Напрыклад, культ ідэальнага атлетычныя цела і рост папулярнасці мадэляў як інфлюэнсераў абумоўліваў распаўсюджанасць спартыўных рэчаў: лайкра, бодзі, гольфы — усё такое. З іншага боку, усе гублялі галаву ад джынсовак-оверсайз, агрэсіўных скураных куртак і штаноў, а таксама футболак з надпісамі рознай ступені іранічнасці, многія тагачасныя іконы стылю і сёння не здаюць пазіцый (Depeche Mode, напрыклад). Жаноцкія і сэксуальныя сукенкі-камбінацыі, як на гераіні Мішэль Пфайфер у культавым «Чалавеку са шнарам», таксама нязменна рабілі фурор.

Тым не менш апісаць моду 80-х адным словам усё ж можна: плечы. Рэч лічылася супермоднай пры наяўнасці вялікіх падплечнікаў, няхай гэта будзе куртка, пінжак ці сукенку, асаблівым шыкам было зацягнуць на таліі рэмень, каб дадаткова ўзмацніць кантраст.

Сёння ў касцюмах, натхнёных 80-мі, ахвотна фарсяць міленіялы — а Кім Кардаш'ян нават думае, што яна першая прыдумала выходзіць у людзі ў веласіпедных ласінах.

Медыя

Што агульнага паміж такімі рознымі стужкамі, як «Вельмі дзіўныя справы» і «Тор: Рагнарок»? Вядома ж, зноў незабыўныя 80-я, якія натхнілі стваральнікаў! За гігантамі кшталту Netflix пацягнуліся і ўсе астатнія — напрыклад, у мінулым годзе шматлікія фатографы і аператары знялі своеасаблівыя трыб'юты наіўных і смешных партрэтаў з выпускных альбомаў (асабліва папулярныя ў Амерыцы) ці «Блакітных агеньчыкаў» (на постсавецкай прасторы). Тое ж датычыцца і музыкаў — уплыў 80-х на творчасць некаторых маладых выканаўцаў вельмі выразны (напрыклад, Бруна Марс або Grimes).

Здаецца, самы час зрабіць магнітафон гучней і як след пакапацца ў мамінай шафе ў пошуках аўтэнтычных рэчаў!

Кім натхняцца: «Тэрмінатар», «Паляўнічыя на прывідаў», «Самая абаяльная і прывабная».

Прагназуем, што гэты трэнд пратрымаецца яшчэ пару гадоў, бо час ва ўсім свеце сапраўды быў цікавы, хоць і няпросты. А вам сімпатычны стыль 80-х?

Лада Балакірава

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура