Праект партала
Стасункі
15.01.2019 / 10:13
«Дзяўчаты, якія нарадзіліся невылечна хворымі, жывуць як святыя»: Данута Бічэль пра Ніну Мацяш

Гутарка пра незвычайнага чалавека — светлай памяці Ніну Мацяш з'явілася ў газеце «Новы час».

— Данута Янаўна, у Вашым эсэ пра Ніну Мацяш ёсць такое выказванне: «Дзяўчаты, якія нарадзіліся невылечна хворымі, жывуць як святыя»… Генадзь Праневіч, разважаючы пра постаць Ніны Мацяш, выказаў думку, што Ніна Мацяш вартая прылічэння да ліку святых… Сваіх сябровак — Ніну Мацяш і Ларысу Геніюш — Вы называеце святымі…

— Гэта толькі наша прыватная думка, можна сказаць, мастацкі вобраз. Увогуле, лепей пражыць жыццё як у вершы Максіма Танка: «Простае шчасце людское»… А крыху грэшнае жыццё — дык яшчэ цікавейшае. Калі сёння пра ўсё гэта думаць, то я перакананая, што самае лепшае жыццё пражылі нашы мамы і таты, нягледзячы на войны, голад, хваробы і смерць. Гэта жыццё, пражытае ў тым месцы, у якое іх прыслаў Бог, у сваім часе, на сваёй зямлі. Усе памылкі нашых бацькоў, грахі, крыўды, па-чалавечы можна зразумець і апраўдаць розумам перад Богам і перад намі, іх дзецьмі, і перад Беларуссю. Але і Ніна вярнулася дадому, калі захварэла…

— «Ніна была паэткай болю» — так вызначылі Вы сутнасць яе паэзіі…

— Ёй балела, а яна не паказвала выгляду перад людскімі вачамі, а таму і трывала, што мела куды выліць боль: у слова, у вершы, у пераклады. У Нініных вершах можна панавыбіраць шмат радкоў пра боль і цэлыя паэмы… «Лёс мой, цяжкі камень»… Мы і не ўяўляем, які боль цярпела Ніна. Магчыма, Ніна і паэткай стала таму, што насіла гэту родавую хваробу. Прывязаная да каляскі, шмат чытала. Нехта з крытыкаў, здаецца, Бярозкін, заўважыў, што Ніна прыйшла ў літаратуру ад кнігі. Кнігі былі трамплінам, Ніна вучылася ў паэтаў свету, чытаючы іх і перакладаючы, пераствараючы на беларускую мову. Калі я першы раз трапіла ў яе кватэру, я была здзіўлена, колькі паэтаў свету ёсць у яе бібліятэцы, пра якіх я нават не чула. Ніна Мацяш выхоўвала, узмацняла, узбагачала сваю песню — і да апошніх вершаў яна дайшла вельмі адметнай, незалежнай, далікатнай і магутнай паэткай. У яе не было комплексу правінцыялкі. Я толькі збоку назірала, як яна смела выступала на літаратурных сустрэчах у Доме літаратара «пры каміне», з адпаведным паўзмрокам, дзе натоўп быў як бы адмежаваны ад паэткі, яна сабе гаварыла і чытала свае вершы, а сталічныя жанчыны плакалі наўзрыд. А яна як і не чула іх. Яна магла спяваць паміж чытаннем вершаў — без акампанемента. Неяк яна прадумвала ўвесь свой рэпертуар, а выглядала гэта як экспромт, і не збівалася, і не стамлялася, не камячыла, не разбурала той гармоніі свайго выступу, якую перад гэтым прадумала… «Паэтка болю» была прыкладам трывання. Але не будзем яе выносіць на алтар царкоўных святых, хоць бы і таму, што Беларусь падзелена на канфесіі, якія часцяком паміж сабой не сябруюць, а нашы паэты і паэткі сябравалі ўсе з усімі, нам пры саветах трэба было трымацца, каб не пераламалі нас паасобку, па ад-ным, як дубцы з веніка, зрэшты, некага выцягвалі з таго «веніка» і ўсё роўна ламалі, але большасць утрымаліся за Танка, за Брыля, за Калесніка і за Ніну Мацяш… А гэтая еднасць і была нашым шчасцем.

— Вы сказалі, што праца Нініных рук — «варыць ежу, лупіць бульбу, каб пальцы не мярцвелі, увесь час імі варушыць, перабіраць, плесці з нітак, укладаць перыйкі, лісткі, карэньчыкі, пялёсткі» — гэта «маўклівыя вершы болю»…

— І галоўнае, запаўняць сваю балесную адзіноту, ёй, якая пражыла больш жыцця прымацаванай да каляскі, да крэсла, да ложка. Я часта думаю пра гэта, калі мне баліць цела: як яна ўсю ноч не варочаецца, адна ў кватэры… Але яна мяне навучыла, як суцішваць боль у целе. Я і цяпер, бывае, угаворваю старэчае хворае цела, тую кропку болю, засяроджваючы на ёй сваю ўвагу. Магчыма, гэта ад ёгі… Я не ведаю — хто навучыў Ніну, ці яна сама такі спосаб прыдумала. А яе мастацтва… Думаю, і гэта ад таленту. Калі б яна была здаровай, яна б таксама займалася і пляценнем, і вязаннем, і вышываннем. І складаннем музыкі, і спевам. Таленавітая была ад прыроды.

— «Мела духоўныя сілы перасесці з каляскі ў крэсла паміж Ларысай Геніюш і Валодзем Калеснікам, каб яны маглі паразмаўляць праз яе хворыя плечы»; «Ніна сядала там, дзе паміж імі праходзіла лінія фронту».

— Валодзя Калеснік быў салдатам, ваяваў з фашыстамі са зброяй у руках, хто першы стрэліць, той застанецца, іншых адносінаў з ворагам Валодзя не ведаў… Эмігрантам прыходзілася ўступаць з немцамі ў перамовы, шукаць нейкія іншыя варыянты змагання… Я напісала гэта, як радок да верша, але сёння растлумачыць гэтую думку мне цяжка.

— «У кожнага з нас маецца свой алфавіт, каб ствараць паэзію», — пісала Вам пані Ніна ў лісце. Што гэта за такі «паэтычны алфавіт»?

— Натуральна, што гэта ўсе спосабы і мастацкія формы, якімі карыстаюцца паэты, каб дасягнуць патрэбнага кшталту. І тое, што ёсць у нашым распараджэнні падсвядома. Як ёсць алфавіт, то ёсць і слоўнікавы запас. У Ніны, да ўсяго, было ўменне з родных словаў ствараць яшчэ раднейшыя, свае, прыдуманыя. Ды вы, яе сяброўкі, ёй дапамагалі, у вас была такая гульня — размаўляць на мове Ніны Мацяш… Па-мойму, вы збіраецеся выдаць слоўнік мовы Ніны Мацяш, але трымаеце гэта ў сакрэце. Відаць, ваш алфавіт таксама мае свае таямніцы і, магчыма, магію, чары-мары, адкуль мне ведаць. Тут Віслава Шымборска, якую Ніна таму так добра і пераклала, што ў іх абедзвюх было гэтае ўменне ствараць свае словы, сказала б болей за мяне. Мова Ніваў — Ніўкаў і Белаазёрска мае шмат асаблівасцяў, і Ніна імі карысталася. Я таксама далёка не ўцякала ад мовы сваёй вёскі, ад мамінай мовы. Быў час, калі ўсе захапіліся слоўнікам Ластоўскага. Да мяне гэтае захапленне пранікла ў кніжачку «А на Палессі»… Тарашкевіца мне аказалася не па зубах.

— Так, сапраўды, пані Ніна ахвотна карысталася новымі словамі, і сама не баялася тварыць на аснове добра вядомых. Слоўнік такіх «самацветаў» багаты, добра было б яго выдаць, каб паказаць і багацце нашай мовы, і творчую стваральную працу пані Ніны… Вы прысвяцілі Ніне Мацяш некалькі вершаў. Там ёсць Белае і Чорнае возера, белыя і чорныя чайкі…

— А хіба ў прыродзе няма чорных чаек? Бо Чорнае возера ёсць, Ніна мне яго і паказвала. Яно, дарэчы, нават цікавейшае, чым Белае, бо пасярэдзіне возера шмат усяго — чароту, астравоў… Рыбакі там свае схоўкі ставяць… А жыццё наша гэтак жа, як азёры, — то белая паласа, то чорная… А ў некага ў жыцці толькі адзін колер. Але Ніна ўсю чарнату забельвала сваёй дабрынёй да людзей, і столькі яе ў душы мела, з усімі дзялілася і нікому не бракавала.

— У эсэ Вы прыгадваеце радкі з ліста, дзе пані Ніна расказвае сон, які прысніўся ёй перад адыходам у іншы свет. Ці прадчувалі Вы, што гэта перад Нініным адлётам?

— Не было ніякага прадчування, ніякай трывогі… І калі яна ў трубку тэлефона гаварыла пра тое, што яна ўжо пойдзе і не трэба яе адгаворваць… Што пара, напакутвалася… Я падумала, што яна прыехала з Брэста, стамілася і ёй холадна і хочацца спаць.

— Вашая «Калыханка Ніне» — гэта такое балеснае паэтычнае галашэнне… Як так напісалася?

— Такія вершы пішуцца экспромтам — з любові, з адчаю. Уся добрая паэзія ствараецца так — сэрцам. Мне Ніна была патрэбная. Чаму — была?! І цяпер яна ёсць. Толькі не патэлефануе і не скажа: «Алёў, Данусенька! Як ты там, сястрыца?» Ды гэты верш лёгка склаўся, бо створаны як галашэнне, як плач.

— Ніна любіла кветкі. Любіла, каб было прыгожа ў гарадскім дворыку. Прасіла саджаць шыпшыну-ружу, мальвы… І сама была то ружаю, то мальваю… З якімі кветкамі помніцца Вам яна?

— З кактусам. Таму што ёй было гэтак хадзіць па паркеце, як па кактусах. У яе кактусы стаялі на вокнах, цвілі… Хто верыць у прыкметы, той не трымае дома кактусы, а Ніна іх збірала ў калекцыю.

— Апошні зборнік, які пані Ніна ўкладала сама, назвала «У прыгаршчах ветру». Радок з верша пра лёгкую пярынку дзьмухаўца… Уражанне, што кожным сваім чарговым зборнікам яна развітвалася з гэтым белым светам, са сваімі чытачамі…

— Так. Кожны пражыты Нінай дзень даваўся ёй надта цяжка, але як яна адчувала хвіліны шчасця, як яна іх высока цаніла, упрыгожвала паэтычнымі вобразамі: «Два дні і ночы праляцелі, як дзве пчолкі…». І як яна змагла выкарыстаць і сваю адзіноту, і хваробу, запоўніць любоўю, пошукамі вобразаў, працай. Ёй нельга было сварыцца з людзьмі, іх крыўдзіць, бо яна была на іх руках… І гэта было цяжкае выпрабаванне, якім нельга было падзяліцца ні з кім…

— У архіве Ніны Мацяш захоўваецца такая прыгожая самаробная Вашая паштоўка: паэтычнае велікоднае яйка. Гэта такі своеасаблівы твор паэта-графікі…

— Ніна гэта рабіла яшчэ «круцей» — укладаючы сваю пёркаграфіку. Я толькі гэтае яечка і намалявала — у яйку дрэва, на якім растуць вершы. У кнізе «Хадзі на мой голас» — на вокладцы хатка з карціны Вікторыі Ільіной, а сярод фатаграфій — гэтае яечка з яблынькай, на якой спеюць вершы, і хатка, што паляцела з дымам. Ёсць у маёй празаічнай кнізе і эсэ пра паэтак «Яблынькі»… Калі я малявала для кнігі, я рабіла шмат варыянтаў, бо такі з мяне мастак… Шукала дасканалы варыянт, астатнія раздавала сяброўкам. Верш з яйка я нядаўна перапісала ў слупок, і вось што атрымалася… І паколькі мы нашы размовы прывыклі заканчваць нейкай вершаванкай, то і гэтую так скончым.

Ніна Мацяш

У Ніўках нарадзілася Нінка,
з нябёсаў дажджынка…
Найсвяцейшай Панны пярлінка…
Укрыжаванага Збаўцы слязінка…
Ерузалемскай пальмы галінка…
Вербнай нядзелі вярбінка…
Не адна балеснага шчасця хвілінка…

З белай хмары ў белыя хвалі
Бог адпускае Анёлаў-дзяўчат,
каб белыя хвалі іх калыхалі,
як бязгрэшных святых немаўлят,
каб іх ножанькі не тапталі
пчолак, коцікаў, птушанят,
каб не спаўняў над імі загад
сучасны Понцій Пілат…

Птахі на крылах іх уздымалі,
каб святлеў ад крыл далягляд…
раны духовыя ім бінтавалі,
да святасці ў райскі сад!
Хлопцы, узмоцненыя духова,
каб насілі іх на руках…
так адгаўлялі родныя словы
чыстыя сэрцы ў дзявочых грудзях!

Бог забраў Ніну ў сваю Краіну.
Беларусь мае паэтку Ніну —
не на хвіліну, часу ў нас шмат!

Паводле: Марыя Новік, «Новы час»; скрыншот з фільма Берасцейскага тэлебачання

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура