Праект партала
Тонус
14.01.2019 / 10:38
«Сімптомы нетрымання мачы адчуваюць 70% беларусак» — гутарка пра эстэтычную гінекалогію3

Карыстальнікі форумаў усё часцей абмяркоўваюць такія інтымныя працэдуры, як амаладжэнне похвы ці пластыку палавых губ. Большасць піша ананімна, бо мала хто гатовы гаварыць пра такія рэчы адкрыта, нават з самымі блізкімі.

Мы пагутарылі з акушэркай-гінеколагам медыцынскага цэнтра «Конфідэнс» Наталляй Лакотка пра тое, на якім узроўні ў Беларусі знаходзіцца эстэтычная гінекалогія. І якія з працэдур — сапраўдная неабходнасць для інтымнага і агульнага здароўя, а якія — толькі капрыз.

Наталля Лакотка, акушэрка-гінеколаг медыцынскага цэнтра «Конфідэнс».

Даведка: Наталля Лакотка працуе гінеколагам 20 год. Кандыдатка медыцынскіх навук, з 1997 года — сябра Беларускага таварыства акушэраў-гінеколагаў, з 2018-га — старшыня Таварыства эстэтычнай гінекалогіі.

«НН»: Калі тлумачыць простымі словамі, што такое эстэтычная гінекалогія? Калі яна з’явілася ў свеце і хто тут быў першапраходцам?

Наталля Лакотка: Эстэтычная гінекалогія вырашае інтымныя праблемы жаночага арганізма, не звязаныя з сур’ёзнымі праблемамі здароўя. Гэты раздзел гінекалогіі існаваў заўсёды, але ў Беларусі стаў актыўна развівацца ў апошнія 5—7 год. Цікава, што працэдуры па амаладжэнні жаночых інтымных зон былі вядомыя яшчэ да нашай эры. Праўда, метады тады былі далёкія ад сучасных. Сёння тэхналогіі інтымнага эстэтычнага амаладжэння і лячэння прыходзяць да нас з розных кантынентаў, і мы радыя выкарыстоўваць найлепшае з гэтага, укараняць у сваю практыку.

«НН»: Якія праблемы дапамагае вырашыць гінеколаг-эстэтыст?

НЛ: Асобнай спецыяльнасці «гінеколаг-эстэтыст» не існуе. Усе акушэры-гінеколагі — спецыялісты ў галіне акушэрства і гінекалогіі. Проста ў залежнасці ад месца працы і здольнасцяў мы становімся альбо больш акушэрамі, альбо больш гінеколагамі. Калі доктар-гінеколаг захапляецца пластычнай хірургіяй, лазернымі і іншымі метадамі лячэння, то, можна сказаць, ён займаецца ў тым ліку эстэтычнай гінекалогіяй. То бок усе акушэры-гінеколагі сутыкаюцца з эстэтычнымі пытаннямі ў гінекалогіі, але ва ўсіх дактароў ёсць розныя магчымасці ў вырашэнні гэтых праблем. Ёсць і рознае стаўленне да гэтых пытанняў.

Напрыклад, пацыентка вельмі саромеецца, але ўсё ж адважваецца прызнацца свайму доктару, што яе турбуе знешні выгляд геніталіяў. Адзін доктар можа ёй безапеляцыйна сказаць: «Ды ўсё ў вас нармальна, не прыдумляйце праблем». Другі ж далікатна і цярпліва паспрабуе высветліць: «Давайце разбяромся, што вам не падабаецца, што б вы хацелі выправіць, чаму вам гэта замінае, ці гатовыя вы на працэдуры і аперацыі…» Вось у гэтых падыходах гінеколагі могуць адрознівацца. А нязручных, асабiстых, сакрэтных, дзіўных, на думку пацыентак, пытанняў звычайна нямала. Часам задаць іх яны не адважваюцца гадамі і не могуць атрымаць якасную эстэтычную інтымную дапамогу.

«НН»: Ці былі ў вашай практыцы аперацыі-капрызы, якія людзям відавочна непатрэбныя?

НЛ: У любой сферы нашага жыцця існуюць крайнасці, гінекалогія тут не выключэнне. Напрыклад, просьба пацыенткі, што ўжо нараджала, вярнуць ёй цноту.

У жанчын заўсёды, на іх думку, ёсць важкія аргументы, каб пайсці на гэтую аперацыю. Але доктар можа адмовіць у такой аперацыі як праз тэхнічную немагчымасць яе выканаць, так і праз свае перакананні.

«НН»: Раскажыце, як праходзяць самыя папулярныя аперацыі?

НЛ: Трэба разумець, што аперацыя — гэта ў любым выпадку медыцынскае ўмяшанне. Яно заўсёды адбываецца ў сценах медыцынскай установы, і за яго адказвае доктар. Таму папулярныя аперацыі — не значыць простыя, яны таксама патрабуюць сур’ёзнай падрыхтоўкі. Акрамя таго, трэба ўлічваць, што на эстэтычную аперацыю да нас прыходзіць здаровая жанчына, а пасля ёй даводзіцца трываць пэўныя нязручнасці ў сувязі са швамі, болямі, перавязкамі.

Калі казаць пра працэдуры, якія найбольш запатрабаваныя ў сферы эстэтычнай гінекалогіі, то гэта пластыка малых палавых губ, карэкцыя пасляродавых шнараў, звужэнне похвы.

«НН: Каму звычайна патрабуецца пластыка палавых губ? Што яна дае?

НЛ: У першую чаргу звяртаюцца дзяўчаты і жанчыны, якія адчуваюць эстэтычны і фізічны дыскамфорт праз вялікія ці, наадварот, маленькія вялікія і малыя палавыя губы.

Нікога ўжо не здзіўляюць працэдуры і пластычныя аперацыі па павелічэнні вуснаў на твары, малочных залоз, ягадзіц, таму няма нічога дзіўнага, што жанчыны сталі не менш патрабавальнымі і да знешняга выгляду сваіх інтымных зон.

Робяць яны гэта выключна для сябе: каб не адчуваць нязручнасці падчас нашэння бялізны, заняткаў актыўным спортам, для сэксуальнага камфорту.

«НН»: Няўжо для кагосьці сапраўды існуе стандарт палавых губ, іх ідэальны выгляд, да якога трэба імкнуцца?

НЛ: Вам, як нікому, вядома, што стандарты прыгажосці даводзяць да нас СМІ. Не выключэннем стала і інтымная сфера. Але, акрамя гэтага, існуе медыцынская класіфікацыя велічыні малых палавых губ. Калі іх памер перавышае пэўнае значэнне, то падставы да аперацыі ёсць (у кагосьці гэта нават лічыцца страхавым выпадкам). Калі памер меншы за «стандартнае» значэнне, аперацыя лічыцца чыста эстэтычнай, і пацыенткі яе аплачваюць як свой капрыз. У некаторых афрыканскіх краінах да гэтага часу праводзіцца рытуальнае абразанне малых палавых губ, але гэтае калечанне не мае нічога агульнага з медыцынай, большасць дактароў асуджае такую практыку.

«НН»: Якім чынам праходзіць амаладжэнне похвы?

НЛ: Гэта зборнае паняцце, якое, можа, і гучыць як модны заклік, аднак уключае ў сябе аднаўленне пасля звычайных родаў, прафілактыку апушчанай похвы і звязаных з гэтым ускладненняў, а таксама дазваляе пазбегнуць сур’ёзных гінекалагічных аперацый у будучыні.

«НН»: Якімі лазерамі праводзіцца амаладжэнне? Наколькі яны бяспечныя? Ці могуць лазеры паскорыць развіццё анкалогіі?

НЛ: У нашым цэнтры, напрыклад, інтымнае амаладжэнне праводзіцца на інавацыйным лазерным абсталяванні з выкарыстаннем Піксель СО2 — тэхналогіі ізраільскай фірмы «Альма лазер», якая дазваляе без боляў вярнуць пацыентцы адчуванне камфорту і ўпэўненасці ў сваім інтымным здароўі. Гэта не толькі бяспечна, але з мінулага года нават рэкамендуецца Міністэрствам аховы здароўя да шырокага ўжывання ў лячэнні нетрымання мачы, звязанага з апушчэннем сценак маткі, лячэннем змяненняў інтымнай зоны ў жанчын у сувязі з надыходам клімаксу і многіх іншых станаў і захворванняў.

Любы метад мае свае паказанні і супрацьпаказанні, якімі дактары заўжды кіруюцца, што дазваляе звесці да мінімуму рызыкі, у тым ліку — узнікненне анкалогіі. Лазернае ўздзеянне ў інтымнай сферы адбываецца малаінвазіўна (без пашкоджання тканак). Эфект амаладжэння, падцяжкі дасягаецца за кошт стымуляцыі біяхімічных працэсаў у тканках гэтай зоны.

Усе даступныя ў гінекалогіі лазерныя метады на сёння добра вывучаныя і актыўна выкарыстоўваюцца ва ўсім свеце.

Што тычыцца лазернага інтымнага амаладжэння пасля родаў, то яно ў многіх краінах абавязковае для рэабілітацыі ўжо праз 2 месяцы пасля нараджэння дзіцяці. Працэдура не мае супрацьпаказанняў нават для кормячых маці.

«НН»: Для каго забароненыя падобныя аперацыі? З якімі хваробамі іх нельга рабіць ні ў якім разе?

НЛ: Адзначу, што лазернае СО2 лячэнне — адзін з метадаў, што дапамагае маладым жанчынам, якія перанеслі гарманальна залежны рак грудзей і пакутуюць ад заўчаснага клімаксу і атрафічных з‘яў у похве і вульве. Сёння існуе куды больш магчымасцяў палепшыць якасць іх інтымнага жыцця. Гэта не толькі лазерныя метады лячэння, але і выкарыстанне прэпаратаў гіалуронавай кіслаты.

Вядома, пацыенткі з цяжкімі хранічнымі захворваннямі не будуць атрымліваць гэта лячэнне, усе намаганні дактароў будуць скіраваныя на прадухіленне ўскладненняў сур’ёзных захворванняў (гепатыт, цукровы дыябет, парушэнне згортвання крыві, анкалагічныя захворванні на стадыі лячэння і іншыя).

«НН»: Наколькі ў Беларусі запатрабаваная гіменапластыка? Чаму беларускі хочуць аднавіць цноту? Яны робяць гэта хутчэй для сябе ці дзеля мужчын?

НЛ: Гэта досыць рэдкая аперацыя ў нашым рэгіёне, аднак некалькі разоў на год да нас у клініку звяртаюцца пацыенткі з гэтым пытаннем. Просяць яе зрабіць жанчыны, каб выправіць мінулае ці каб абараніць сябе ў будучыні. Для некаторых пацыентак гэта пэўны паварот лёсу. Вядома, доктар заўсёды паставіцца да гэтай далікатнай сітуацыі з увагай, паспрабуе дапамагчы словам. Але часам прыходзіцца дапамагаць і аперацыяй.

«НН»: Колькі па часе арганізм жанчыны аднаўляецца пасля такіх аперацый?

НЛ: Эстэтычныя працэдуры добрыя тым, што пасля іх практычна не трэба аднаўляцца, а вось аперацыі прадугледжваюць некаторыя абмежаванні ад трох дзён да месяца.

«НН»: Філеры для твару і для інтымнай пластыкі маюць падобны склад? Ці сапраўды яны могуць павысіць адчувальнасць падчас сэксу?

НЛ: Філеры (прэпараты гіалуронавай кіслаты, якія ўтвараюць аб’ём) прыйшлі ў гінекалогію з касметалогіі. Так, усе яны складаюцца з гіалуронавай кіслаты плюс невялікай колькасці іншых рэчываў. Аднак для гінекалогіі выкарыстоўваюцца спецыяльна падабраныя філеры, больш устойлівыя да механічных і тэмпературных уздзеянняў.

Уколы прэпаратамі гіалуронавай кіслаты дазваляюць вырашыць мноства праблем у інтымнай сферы: ад лячэння стрэсавага нетрымання мачы і карэкцыі шнаравых дэфармацый пасля родаў да лячэння сэксуальных дысфункцый. Уколы з гіалуронавай кіслатой пасля абязбольвання робяцца ў розныя інтымныя зоны. Лячэбны эфект захоўваецца на 1—1,5 года.

«НН»: Шмат чытала на медыцынскіх сайтах пра папулярнасць у некаторых груп насельніцтва адбельвання анусу, ці робіце вы такую працэдуру? Як самі ставіцеся да яе і да таго, што жанчыны, мяркуючы па каментарыях на форумах, гатовыя мазаць сябе то лімонным сокам, то спецыяльным крэмамі, каб адбяліць анус?

НЛ: Так, пажаданні часам гучаць, але на адбельванне любых участкаў скуры пацыенткі звяртаюцца, як правіла, да касметолагаў. Яны маюць тут вялікі досвед. У гінеколагаў часцей пытаюцца пра адбельванне скуры палавых губ, міжножжа.

Існуюць розныя метады адбельвання скуры, у тым ліку і ў жаночай інтымнай сферы, але тут лепш абысціся без лімоннага соку! Ёсць спецыяльная касметыка (крэмы, пілінгі), ёсць лазерны метад. У сваёй практыцы я выконваю працэдуру адбельвання ў комплексным амаладжэнні інтымнай зоны з выкарыстаннем СО2 лазера. Павінна адзначыць, што гэта не самая папулярная паслуга сярод маіх пацыентак.

«НН»: Ці можна рабіць нейкія практыкаванні ці яшчэ нешта, каб загадзя паклапаціцца пра сваё інтымнае здароўе? Каб у будучыні праблем з выпадзеннем маткі ці з нетрыманнем мачы, напрыклад, не было.

НЛ: Адсутнасць своечасовай фізічнай рэабілітацыі пасля родаў, працяглы хранічны кашаль, запоры, лішняя вага, падняцце цяжкасцяў — асноўныя прычыны апушчэння маткі ў будучыні. Улічваючы, што сімптомы нетрымання мачы праз апушчаныя сценкі маткі адчуваюць да 70% усіх беларускіх жанчын, то прафілактыка актуальная з маладосці.

Безумоўна, заўсёды ёсць альтэрнатыўныя метады прафілактыкі і лячэння. У дадзеным выпадку мы рэкамендуем пацыенткам пачынаць з простых крокаў. Напрыклад, не насіць цяжар перад сабой (і наогул — не трымаць у руках больш за 3 кілаграмы), сачыць за вагой, своечасова лячыць кашаль і запоры. Нядрэнна паспрабаваць працяглы час пазаймацца гімнастыкай для цягліц тазавага дна, у тым ліку з выкарыстаннем трэнажораў для похвы. Калі гэтых простых правіл будзе недастаткова — звярнуцца па іншыя метады лячэння.

На жаль, толькі каля 30% жанчын звяртаюцца да дактароў са скаргамі на нетрыманне мачы, а яшчэ менш — атрымліваюць комплекснае лячэнне, якое вядзе да выздараўлення.

Думаю, інфармацыя пра гэта дазволіць некаторым жанчынам прызнаць, што такая сітуацыя не з’яўляецца нормай, што не трэба трываць, а лепш хутчэй звярнуцца да доктара-гінеколага ці ўролага.

«НН»: Як вы ўвогуле ацэньваеце інтымнае здароўе беларусак? Ці пагоршылася яно за апошнія гады? На якія хваробы мы сталі пакутаваць часцей і што з гэтым рабіць?

НЛ: У залежнасці ад узросту, жыццёвай сітуацыі актуальнасць тых ці іншых пытанняў у інтымнай сферы ўзмацняецца або слабее. Але ўсё больш нас, дактароў, турбуе прафілактыка і ранняе выяўленне анкалагічных захворванняў і ахова рэпрадуктыўнага здароўя нашых жанчын.

Кожная пятая пара ў краіне бясплодная, а гэта і інфекцыі, і перапыненне цяжарнасці, і нездаровы лад жыцця, і сэксуальныя дысфункцыі.

Адказ на пытанне «Што рабіць?» складаны і адначасова просты: трэба берагчы здароўе з маладосці, не грэбаваць парадамі дактароў па прафілактыцы хваробаў, у тым ліку ў інтымнай сферы. Звяртайцеся да медыкаў, выконваеце рэкамендацыі і будзьце здаровыя!

Чытайце таксама:

Пластычны хірург: У першыя дні студзеня аперацый заўважна больш

Гутарыла Кацярына Карпіцкая, фоты Волі Афіцэравай

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура