Праект партала
Стасункі
19.01.2019 / 11:10
«Непавага да побытавых патрэб дзяцей і анахранічная праграма працоўнага навучання»: маці школьніцы з Магілёва — пра слабыя месцы сучаснай школы8

«Рэйтынг школы, заснаваны на колькасці членаў БРСМ і поспехах асобна ўзятага вундэркінда-стабальніка, мае мала значэння. Але мы страшна радыя, што знайшлі школу, дзе надаецца вялікая ўвага псіхалагічнаму стану дзяцей, жорстка спыняюцца праявы булінгу і нармальна вырашаныя пабытовыя пытанні», — піша Таццяна Барысік з Магілёва, мама сямікласніцы.

Усхваляваная дачка сустракае мяне адразу ў парозе кватэры:

— Маці, а я сёння ролік пра замежную школу глядзела! Там у класе за сталамі вучні па адным сядзяць…

— А ў якой краіне? — пытаю я.

— Ды не ведаю, англамоўная нейкая, — адмахваецца дачка, відавочна, геаграфічнае становішча ў гэтым выпадку яе зусім не цікавіць, і працягвае далей аб тым, што, мусіць, уразіла найбольш.

— А яшчэ там у кожнага ёсць камера захоўвання, як у нашым «Еўраопце», і ў пачатку года ад яе ключ выдаюць!

Такая яе ўзрушанасць мне цалкам зразумелая. Даваць парады кшталту «Лепш пра вучобу думала б!» не збіраюся. Добра памятаю, як яна тужыла, калі ў класным пакоі з вешалкі для адзення (гардэробу для малодшых класаў у школе не было) скралі яе торбачку з любімымі лялькамі, прыхаванымі, каб у групе падоўжанага дня не сумаваць. Хаця здарылася тое даўно — амаль пяць гадоў таму, і ў іншай школе, яна таксама не забылася, як заплаканая беспаспяхова шукала свой скарб пад цяжкімі сціртамі чужых куртак, гронкамі торбаў і балонневых штаноў і чула ад настаўнікаў: «Шкада, канечне. Але што зробіш — у нас тут прахадны двор. Два класы вучацца — у першую і другую змены, дзверы заўжды расчыненыя, а па калідоры ўся школа ў прыбіральню ходзіць. Ты і сама вінавата — не трэба было цацкі ў школу насіць. У школе пра вучобу думаць трэба». Ні цацак, ні цацачнага злодзея, канечне, не знайшлі. Аматара размалёўваць на перапынках чужыя курткі — таксама. Зрэшты, не вельмі і шукалі.

Калі ўрэшце да нашай дзяржавы і грамадства дойдзе, што дзяцінства — гэта само жыццё, а не падрыхтоўка да яго. Дзеці маюць такое ж права на хаця б мінімальную асабістую прастору і павагу да сябе, побытавы камфорт, улік натуральных для іх узросту патрэбаў, як і дарослыя.

Як і трыццаць гадоў таму, на працягу 6—8 урокаў запар цягаюць на сабе заплечнік і дзве торбы з фізкультурнай формаю і прыладамі для ўрокаў працы, пераходзячы з кабінета ў кабінет, не маючы дзе ўсё гэта пакінуць. На перапынках тлуму больш чым на вакзале, трэба паўсюль паспець і нідзе нічога не забыцца. У выніку — нервовае напружанне, бацькоўская лаянка, бясконцыя пошукі то кедаў, то альбома для малявання па класах, спартыўных залах, у сталоўках і бібліятэках. Распранальні для ўрокаў фізкультуры абсталяваныя ў найлепшым выпадку — лаўкамі ўздоўж сцяны і крукамі на ёй, а пераапранаюцца ў ёй па два класы рознага ўзросту адначасова. Паспрабуй адваюй сабе хаця лапік у старэйшых ці дужэйшых за сябе! Спярша складзі на лаўку, пасля знайдзі пад лаўкай сваё адзенне, нікога і нічога не зачапіўшы. Слёзы, абразы, канфлікты і зноўку вечныя пошукі. Варта адзначыць: зараз дачка ўсё згубленае ў школе — абутак і адзенне — знаходзіць, чужыя рэчы ў гардэробе ніхто не псуе — дзякуй супрацоўнікам школы і адсутнасці дэфіцыту. Але гэта, як я пераканалася ўжо, — справа выпадку, не паўсюль, не ўсім, не заўжды так шанцуе!

Горш за ўсіх, бадай, даводзіцца першакласнікам. Парты ў тры рады, той жа рад крукоў на сцяне, на іх вісіць зменнае адзенне, фізкультурная форма, а то й вопратка з абуткам. Знайсці нешта ў гэтым камешніку шасцігадоваму дзіцяці немагчыма, асабістых шуфлядаў і шафаў часцей за ўсё няма. У выніку — на фізкультуру і пасля ўрокаў малеча не пераапранаецца, таму з паловы восьмай раніцы да шасці гадзін вечара поўзае пад партай, скача, малюе фарбамі і абліваецца супам на абедзе ў адзенні дзелавога стылю. Адзіны пакой — у ім дваццаць пяць жэўжыкаў. У калідоры дзяжурныя з павязкамі заклікаюць не бегаць. Гульнявога пакоя з цацкамі няма, у лепшым выпадку — невялічкі дыванок у глыбіні пакоя, на якім не пасядзіш, бо растопчуць, паліца з некамплектнымі настольнымі гульнямі. Урокі фізкультуры, як правіла, большую частку навучальнага года праходзяць у класным пакоі, чамусьці месца ў спартыўнай зале не хапае заўжды самым малым. Спальня тут жа або пад яе суседні клас абсталяваны, зрэшты, у адной са школ даводзілася бачыць ложкі для першакласнікаў нават у актавай зале. Пасцельная бялізна — бацькоўская праблема. За дзвярыма — званкі на ўрок, тупат і галёканне старшакласнікаў. На перапынках не зважаюць на дзённы сон.

Мая дачка ў свой першы год вучылася ў памяшканні колішняй вячэрняй школы, са змрочнымі маленькімі рэкрэацыямі, гардэробам, разлічаным на дарослых людзей. Перавесці? Але куды, калі паўсюль тое самае ці горай! А тут хоць з домам побач, а гэта для малых — самае галоўнае. Асабліва калі праца ў бацькоў пачынаецца а сёмай (не ўсім жа ў канторах сядзець), а не а восьмай ці пазней, дык дзіця нікуды не павязеш.

Больш-менш людскія ўмовы для першакласнікаў створаны, бадай, толькі там, дзе школе перадалі будынкі зачыненых дашкольных устаноў, альбо ў класах пры дзіцячых садках. Канешне, можна наракаць на непрыдатнасць праекту школьных будынкаў для малечы, недастатковасць фінансавання, але ж навучанне з шасцігадовага ўзросту пачалося не летась, а больш за трыццаць гадоў таму! Колькі часу яшчэ патрэбна? Стагоддзе?

Горай за ўсё, што павага да побытавых патрэб і асабістай прасторы дзіцяці не прыватная праблема нейкай адной навучальнай установы, а агульная рыса ўсёй адукацыйнай сістэмы. Хто б з дарослых людзей на вытворчасці пагадзіўся б на працоўны гардэроб без шафаў, на захоўванне спецадзення і сумкі з асабістымі рэчамі ў агульным камешніку або валачыў усё следам за сабою ўвесь працоўны дзень. А калі б у такіх умовах нечы гаманец раптам знік, ці абвінавацілі б ахвяру крадзяжу, што ўзяла з сабою на працу грошы? Хто б з чыноўнікаў захацеў наведваць спартыўны клуб без душавой, дзе людзей — як селядцоў у бочцы, кашулю павесіць няма як, за магчымасць пакласці штаны на лаўку трэба змагацца? Паехаў у санаторый са сваёю падушкаю і матрацам, засынаючы пад залівісты званок, тупат і рогат.

«Мая ж, Света, будзе пісаць навучную работу. Ёй за гэта прыбаўку ў зарплату дадуць, хутка ж да сына ехаць…» — распавядае знаёмая выхавацелька пра сваю блізкую сяброўку і надта мяне здзіўляе. Бо Света, дакладней Святлана Антонаўна, настаўніца пачатковых класаў пенсійнага веку, гаротная жонка пітушчага мужа, ніколі навуковымі доследамі не цікавілася! Аднак у далейшай размове высветляецца: «навучная работа» прызначаная для вучнёўскай навуковай канферэнцыі, а пісаць яе павінен пад Свеціным кіраўніцтвам вучань — трэцякласнік, дакладней ягоная маці («Яна сказала, у інтэрнэце знойдзе і сама ўсё зробіць. Света яму дзявяткі ставіць, ён, канешне, не дацягвае, але ж трэба каб хаця адзін выдатнік у класе быў…») Са Светай усё зразумела — грошы нікому не лішнія. З маці «вундэркінда» таксама — вучоба сына для яе ці не адзіная магчымасць самарэалізацыі. Такіх на бацькоўскіх форумах багата, яны жаляцца «как тяжело возить ребёнка по кружкам, а вечером ещё поделки для урока труда клеить». А якая карысць дзіцяці з гэтай паказушнай імпрэзы? Навучыцца змалку на чужых плячах у рай уязджаць? Наогул не зразумее куды і навошта ён прыйшоў? Як злаўчыліся тыя, хто загадвае ладзіць навуковыя канферэнцыі і пісаць рэфераты ў малодшых класах, не толькі здаць у педінстытуце экзамен па ўзроставай псіхалогіі але і працаваць, жывых дзяцей не бачыўшы? Будучых навукоўцаў нават сярод студэнтаў мала, рэферат не кожны старшакласнік напіша, што ўжо казаць пра малечу, якая чытаць толкам не навучылася! Аднаго разу дачцэ ў чацвёртым ці трэцім класе закарцела атрымаць дзясятку за творчую работу па прадмеце «Чалавек і свет». Я паддалася на яе ўгаворы. У выніку — малая запісала старонку тэксту пра Дняпро, толькі спрошчанага і пераробленага, пад маю дыктоўку, самастойна аздобіла «рэферат» малюнкам, на ўроку на пытанні настаўніцы адказала. Але ці кожны з бацькоў мае здольнасці і час такім займацца? Ды яны і не абавязаны гэта рабіць! Звычайна механічна спампоўваюць і раздрукоўваюць тое, што адшукалі. Дзіця выходзіць адказваць — нават прачытаць той рэферат не можа, але выдатную адзнаку за наяўнасць прынтара ў кватэры атрымлівае. Творчую работу настаўнік хавае ў тэчку — для справаздачы.

Дзясятку дачка тады ўсё ж атрымала, але я зараклася ўдзельнічаць у такіх справах. Для яе карысней самастойна падрыхтавацца да ўрокаў, а я школу даўно скончыла.

Зрэшты, спрабую і не магу ўявіць бацькоў мінулага стагоддзя, якія б, адрабіўшы змену на заводзе ці з фермы прыйшоўшы, — уласнаручна афармлялі б подпісамі і фотаздымкамі нейкае «партфоліа» для іх жа саміх і прызначанае, дурылі б галаву самім сабе і дзіцяці — другакласніку арфаграфічным рэжымам, пра які ў пятым класе ніхто не ўзгадае, самі падпісвалі сшыткі і запаўнялі дзённікі, каб прыгажэй было. Як жа без усяго гэтага іхныя дзеці чытаць-пісаць навучыліся! Без прымусовых платных гурткоў па пісьме і матэматыцы, якія ставяць у сярэдзіну раскладу, каб не было шанцу іх не наведваць, без удзелу ў платных алімпіядах ажно з другога класа для ўсіх вучняў без выключэння? Без друкаваных сшыткаў, не танных па кошце, якіх у пачатковых класах ці не больш як у старэйшых, лічы, па кожным прадмеце? Калі на ўроках матэматыкі ці «Чалавек і свет» яны, можа, і карысныя, дык друкаваны сшытак па «Літаратурным чытанні» хутчэй шкодзіў. Хітрыя жэўжыкі спісвалі адзін у аднаго адказы на пытанні, знаходзілі неабходныя словы ў тэксце, не чытаючы твора, і такім чынам атрымлівалі добрыя адзнакі за выкананне хатняга задання. Папытайце сталых людзей — кожны сямідзесяці-васьмідзесяці гадовы прыгадае 1—2 вершы, што ў школе вучылі, нават другагоднікі колішнія! А сённяшнія студэнты ВНУ ў свае 17—20 часцяком ніводнага не памятаюць.

Затое на бацькоўскіх сходах, куды ні ткні, — адны мамкі-сіямскія блізняты: «Мы ў школу пайшлі, у нас па матэматыцы восем, мы паступаць будзем…»

Даччына сяброўка — ліцэістка, што прыйшла да нас у госці, — паскардзілася: учора да двух ночы вышывала абрус для ўрока працы. Абураецца: «Ну, навошта мне гэты абрус? Лепш бы навучылі проста дзірку на джынсах зашыць так, каб не бачна было, доўгія штаны падкласці, зварыць што-небудзь смачнае».

Сапраўды навошта? Дзяўчынка вучыцца ў ліцэі, а не ў швейным каледжы. Цяперашнім светам у юнацтве лепш умець расстаўляць прыярытэты, каб, апынуўшыся ў патрэбны час у патрэбным месцы, не ўпусціць свайго шанцу, а не займацца ўсім патрохі і адразу па прынцыпах: можа, калі спатрэбіцца, абы па двары не бегаў. Паўсюль паспець усё роўна не атрымаецца, на стараннасці далёка не заедзеш — толькі здароўе і каштоўны час змарнуеш.

Дзяўчынка прывыкла штодня робіць урокі да гадзіны-двух, у шэсць прачынаецца на вучобу. Прычым віной таму не столькі профільныя прадметы, колькі ўсё астатняе: то абрус, то да алімпіяды па грамадазнаўстве падрыхтоўка. Ды я сама вучылася некалі ў той самай установе, толькі ў філалагічным класе — нічога не змянілася! Таксама па першым часе рабіла ўрокі да першай ночы, і прычынаю таму былі не замежная мова з беларускай літаратурай, а няпрофільныя дакладныя дысцыпліны, бо патрабаванні да ўзроўню ведаў па іх таксама выраслі, а выкладанне адрознівалася ад школьнага не заўжды ў лепшы бок. Такая стараннасць не давала плёну, адзнакі па дакладных дысцыплінах, у параўнанні са школьнымі, усё адно зрабіліся ніжэйшымі, і не толькі ў мяне. Я надта журылася, пасля вырашыла — не вытрымаю болей. Вырашыла засяродзіцца на тым, дзеля чаго я ў ліцэй прыйшла, што падабалася і атрымлівалася. Не надта пераймацца наконт матэматыкі, хіміі, заадно забіць на прафпадрыхтоўку па спецыяльнасці «рабочы па вырабе сувеніраў». Мо і не зусім правільна, але іншага выйсця я тады не бачыла, ды і тройкі-чацвёркі ў атэстаце ніхто не падлічваў.

У сучаснай ліцэісткі выбару няма: сярэдні бал атэстата, невыгоднае становішча ў параўнанні са школьнікамі. Праблемы са здароўем і поўная адсутнасць вольнага часу. Два гады наперадзе, на колькі яшчэ хопіць працаздольнасці? Балы на цэнтралізаваным тэсціраванні яна набярэ добрыя, але ці паўсюль медкамісію пройдзе?

Канешне, бываюць ліцэі, што ад школ розняцца хіба назваю. Ды і ўзровень ведаў вучня залежаць хутчэй ад настаўніка і самога вучня, чым ад тыпу навучальнай установы. Але дрэнна, што наша адукацыйная сістэма найчасцей ідзе экстэнсіўным шляхам. У пачатковай школе — забароненыя хатнія заданні для першакласнікаў, загад вывучыць табліцу множання ўлетку з бацькамі, шчэ да таго, як пра тое множанне ў класе тлумачылі, устойлівы выраз «з дзецьмі трэба сядзець» дасюль лічацца прыкметамі «моцнага» настаўніка. Хаця па сутнасці — гэта не што іншае як спіхванне ўласных абавязкаў на людзей, што ніякімі методыкамі пачатковага навучання не валодаюць ды і наогул не па гэтых справах.

У старэйшых і сярэдніх класах узровень ведаў спрабуюць палепшыць за кошт завышаных патрабаванняў і толькі павелічэння колькасці гадзін па прадмеце, змушанай канкурэнцыі між здольнымі вучнямі. Да ўдасканалення методыкі выкладання і перагляду вучэбных праграм рэдка калі справа даходзіць. Пабольшала колькасць гадзін замежнай мовы ў тыдзень, а карысці? Усё тое ж чытанне, пераклад, пераказ. А размаўляць дзеці на ёй усё роўна не размаўляюць.

Пакуль, нібы той дурань з пісанай торбаю, насіліся са зменамі ў правілах прыёму ў гімназіі — не заўважылі, як для старшакласнікаў фактычна быў уведзены шасцідзённы навучальны тыдзень, навучанне па спецыяльнасцях, якія яны не абіралі. У выніку — па суботах цэлы клас суседняй школы (ды ці толькі суседняй) авалодвае амаль зніклай прафесіяй аператара ЭВМ замест таго, каб падцягнуць свае веды да здачы ЦТ ці проста адпачыць з сям’ёю. Куды ўладкуецца такі спецыяліста ды шчэ ва ўзросце да васямнаццаці год пры сённяшняй сітуацыі на рынку працы? Што замінае атрымаць прафесійную падрыхтоўку у каледжы ці на курсах пры цэнтры занятасці на больш высокім узроўні, па самастойна абранай спецыяльнасці, якая насамрэч пракорміць? Прафесійнае навучанне ў сярэдніх школах ўводзілася двойчы, у 60-я і 80-я гады, і двойчы было адмененае. Колькі можна наступаць на тыя самыя граблі!

У дачкі, цяпер ужо сямікласніцы, шмат сяброў. Гэта 12—15-гадовыя падлеткі з розных навучальных устаноў, з разнастайнымі захапленнямі і адзнакамі ў дзённіку. Але ведаеце які школьны ўрок выклікае літаральна ва ўсіх жаданне яго наведаць? Урок працы, пад час якога вучацца гатаваць ежу! Ён неабходны і дзяўчынкам, і хлопчыкам. Тутака вучацца не толькі кухарскай справе, але і размяркоўваць бюджэт, зважаючы на кошт прадуктаў харчавання, працаваць разам і дамаўляцца між сабою. Шкада толькі, што пры наяўнасці раздзелу кулінарыі ў школьнай праграме яе па факце рэдка дзе праводзяць. То пліты няма, то умоў, то асабістага жадання настаўніка. Варта было б ўзмацніць кантроль за выкананнем праграмы па працоўным навучанні. Яшчэ лепш — прыбраць гендарны падзел, шыццё фартухоў і выразанне лобзікам грыбоў і конікаў. Вучылі б патрэбнаму ў штодзённым жыцці, замест гвалтоўнага прафнавучання па спецыяльнасцях, па каторых працаваць не давядзецца і падрыхтаваць добрых адмыслоўцаў не атрымаецца. Можа, тады моладзь, скончыўшы школу, была б падрыхтаваная да самастойнага жыцця незалежна ад балаў у атэстаце. Зразумела — грошы ў кішэні і ежа ў лядоўні самі сабою не з’явяцца, а быць нянькай пры дарослым чалавеку ніхто не абавязаны.

Хвалюе таксама сітуацыя з беларускамоўным навучаннем. Пакуль дзяржава не зацікаўленая ў павелічэнні колькасці вучняў, што па-беларуску вучацца, — рэалізаваць сваё права на адукацыю на роднай мове даволі цяжка. Зборы подпісаў і два малакамплектныя класы на ўвесь горад пагоды не робяць, гэта хутчэй спосаб заявіць аб сваёй грамадзянскай пазіцыі. Справа, пэўна, зрушылася б, каб сфера ўжытку матчынай мовы пашыралася ў школах з рускай мовай навучання, калі б у вучняў пачатковых класаў была магчымасць вучыцца па-беларуску хаця б у адной школе на кожны мікрараён. Бо не ўсіх дзяцей бацькі возяць у школу. Адсутнасць машыны, няпоўная сям’я ці пазменная праца не сведчыць пра адсутнасць патрыятызму. Беларускамоўная адукацыя павінна быць таксама даступная для вучняў сярэдніх навучальных устаноў рознага тыпу: санаторных школ, спартыўных класаў, школ з паглыбленым вывучэннем матэматыкі, музычнай ці мастацкай скіраванасці і інш.

А вось вэрхал наконт змены ў правілах прыёму ў гімназіі не хвалюе зусім. Настаўнікаў гімназій зразумець можна — баяліся ў заробку страціць ці працу згубіць. Дзівіць іншае: адкуль жа ў нас столькі людзей, ахвочых дасюль у казкі верыць? Хаця і гімназія зусім побач, вучылася дачка добра і нават дыплом пераможцы гарадской алімпіяды ў шафе ляжаў — я ў той бок і не глядзела. Навошта без дай прычыны ператвараць жыццё ў паласу перашкодаў? Гімназія, тым больш ў цэнтры горада размешчаная, заўжды была найперш установаю для дзяцей багатых прывілеяваных бацькоў і толькі пасля ўжо для ўсіх астатніх! Ці то тэсціраванне ў першым класе, ці то іспыты ў пятым, ці то набор па месцы жыхарства — таго, каго трэба ўзяць, — абавязкова ў першую чаргу возьмуць. Ці дапаможа дзіцяці са звычайнай сям’і вучоба там паступіць у ВНУ — віламі па вадзе пісана (зрэшты, апошнім часам я не ведаю ніводнага выпускніка, каторы б нікуды не паступіў), але чалавекам другога гатунку ён тамака адчуе сябе яшчэ ў маленстве, калі палова ці болей ягоных аднакласнікаў пачне прыносіць цацкі коштам у траціну матчынага заробку, і што далей — то горай. «Затое я здаровы, а яны ўсе хворыя!» — неяк сказаў адзін знаёмы гімназіст пра сваіх багатых аднакласнікаў, што заўжды маюць грошы і не шкадуюць іх на фаст-фуд. Але такая разважлівасць — рэдкасць! Ды і пра які павышаны ўзровень навучання можа весціся гаворка, калі гімназісты тыя гэтак жа ходзяць па рэпетытарах, і нават дзеля паступлення ў ліцэй платныя падрыхтоўчыя курсы наведваюць! Тыя ж выплаканыя адзнакі і даволі частыя скаргі бацькоў: «Яна ж нічога не ведае!» Ды і хіба ж сярод стабальнікаў адны выпускнікі гімназій? А заможныя і ўплывовыя ўсё роўна сваіх нашчадкаў уладкуюць добра, незалежна ад іх поспехаў у вучобе. Ці ж мне за іх перажываць і з імі раўняцца?

Школу, якую наведвае мая дачка пачынаючы з пятага класа, па сённяшнім часе можна лічыць амаль ідэальнай ужо з-за адсутнасці другой змены ў сярэдніх і старэйшых класах. Апроч таго — абавязковыя для наведвання і бясплатныя факультатыўныя заняткі па выяўленчым і дэкаратыўна-прыкладным мастацтве. Для чалавека, які з дзіцячага садка марыў толькі займацца толькі гэтым, — проста знаходка! Мусіць, я калі б нават моцна пастаралася, дык у сваім горадзе не знайшла б для дачкі лепшай школы. Яшчэ і таму, што нідзе не сустракала ад класнага кіраўніка і настаўнікаў столькі ўвагі да псіхалагічнага стану дзяцей і ўзаемаадносін у калектыве. Абразы ў бок аднагодкаў, праявы булінгу не застаюцца незаўважаныя і спыняюцца даволі жорстка. І гэта дзейнічае. За два гады дзяцінае кодла, што складалася з асобаў з няпростымі характарамі, сабраных з розных школ і класаў, ды патанала ў няспынных канфліктах, ператварылася ў дружны клас, дзе паважаюць адзін аднаго.

А гэта нашмат важней за высокі рэйтынг школы, заснаваны на колькасці БРСМ, удала праведзеным семінары, поспехах асобна ўзятага вундэркінда-стабальніка. 

Таццяна Барысік; фота Паўла Аксіновіча

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура