Проект портала
Рост
30.12.2018 / 09:02
Женщины и песни — 16 лучших музыкальных видео года от девушек-музыкантов

Калі ў вас усё меньш вольнага часу і яго не стае нават каб паглядзець чарговую серыю супергеройскіх прыгодаў ці намінантаў на «Оскар», гэты спіс — тое, што трэба. Пакуль які-небудзь Альфонса Куарон бурчыць пра непоўнавартаснасць хатніх і мабільных экранаў (а пасля прадае правы на пракат стужкі Netflix, паспрабуй разбярыся), кліпы ўжо сталі цяперашнім і будучым мастацтва. Раней гледачы MTV ўмелі весяліцца толькі пад сексіcцкія відэа з топ-мадэлямі, цяпер яны куды больш разнастайныя, і кожны можа знайсці нешта на свой густ. Так што глядзіце, прытанцоўвайце і дзяліцеся сваімі любімымі відэа ў каментарыях. 

16. Alice Bag - 77 (Скот Стакі)

Абрыдлая праца — надта папулярны сюжэт. Узгадайма хаця б кліп з ляніўцам і крывавай бойкай за магчымасць першым пайсці дахаты, альбо гісторыю пра тое, чым абарочваюцца дзіцячыя мары ці будні падчас дэпрэсіі. Але гэты кліп, зрэжысіраваны стваральнікам культавай дзіцячай панк-перадачы, — бадай што самы драйвовы. Жанчыны бунтуюць. І не з абы якой прычыны: яны атрымліваюць меньш за мужчын за тую самую працу, і прыйшоў час нарэшце нешта змяняць. Запрошаны госць — вакалістка Garbage Шырлі Мэнсан.

15. alyona alyona — Голови (Саша Прылуцкі)

Украінская інтэрнет-сенсацыя — дзяўчына, якая адзінаасобна рэабілітуе правінцыйнасць і аляпаваты кіч. Але толькі пасля гэтага мінімалістычнага відэа стала відавочна, што яна гатовая выйсці з барыкадаў трэш-мастацтва і выказвацца ўсур'ёз. І не таму, што Алёна ўзгадвае Камю, а таму што аголенасць кліпу як найлепш адпавядае аголенасці думак, да якой яна імкнецца. Тое, што праглядаў у такога някідкага відэа не менш, трохі вяртае веру ў людзей.

14. CupcakKe - Duck Duck Goose

Не паказвайце гэтае відэа дзецям. Я сур'ёзна, наўрад ці вы гатовыя тлумачыць ім, чаму нельга атрымаць саматык на наступнае свята, калі з відэа вынікае, што яны настолькі класныя. Песня нават названая паводле дзіцячай гульні і распавядае ў тым ліку пра тое, як Капкэйк чытае дзіцячыя кніжкі падчас сэксу, але па сутнасці гэта порна-камедыя для дарослых.

13. Sløtface - Nancy Drew (Іда Невердал і Ода Ольсэн Лісгард)

Не ведаю, ці многія з нас памятаюць кніжкі пра дэтэктыўныя прыгоды дзяўчыны Нэнсі. Мне заўсёды быў больш даспадобы Томек. Але ў гэтым анімацыйным відэа бездакорная, таленавітая і прыгожая гераіня падлеткавых раманаў — увасоблены сюрэалістычны кашмар, які трэба перамагчы.

12. Celine Dion - Ashes (Дэвід Ліч)

Я так і не зразумеў захаплення Дэдпулам, яго вадаспадам пошлых жартаў і разбурэннем чацвёртай сцяны (нагадаю, такія штукі Бастэр Кітан рабіў яшчэ ў часы нямога кіно), затое калі ён выйшаў на абцасах, каб падтрымаць танцамі вялікую, але падзабытую поп-дыву падчас выступу ў пустой залі, то за чатыры хвіліны апраўдаў сваё існаванне. Хаця, канечне, галоўная зорка тут сама Селін, пра што яна і нагадвае Дэдпулу ў фінале.

11. Frankie Cosmos - Apathy (Том Шарплінг)

Голас амаль ніколі не запісваецца для відэа сінхронна, таму развасабленне, блуканне голасу — адзін з самых класічных прыёмаў. У гэтым забаўным і сумным відэа на песню Фрэнкі Космас (псеўданім Грэты Клайн) два гурты маюць аднолькавую назву, спяваюць адну і тую ж песню, і канечне ж, можа застацца толькі адзін.

 

10. Hinds - New For You (Карлота Касіальс)

Мадрыдскі гурт, удзельніцы якога, відавочна, любяць футбол, хоць і спяваюць пра каханне. Чым не ідэя для відэа — зняць, як людзі займаюццы тым, што любяць. Здорава, што ў гульцоў атрымліваецца радавацца так заразліва, нібыта сам схадзіў пагуляць з сябрамі.

 

9. Hurray For The Riff Raff - Pa'lante (Крыс Мерк)

Пра гэта даволі мала распавядалі ў навінах, але летась Пуэрта Рыка моцна пацярпела ад урагану Марыя. Праз дзевяць месяцаў многія жыхары ўсё яшчэ жылі без вады і электрычнасці. Спявачка Алінда Сегара хоць і жыве зараз у ЗША, паходзіць з пуэртарыканскай сям'і, але яна напісала не жаласлівую песню пра нягоды роднай краіны, а сапраўдны антысентыментальны гімн уменню жыць, нягледзячы ні на што.

8. Julieta Laso - Fantasmas (Лукрэцыя Мартэль)

Ні мудрагелісты сюжэт, ні непрыстойна вялікі бюджэт не неабходныя, каб стварыць трапны кантрапункт для песні. Вось і Лукрэцыя Мартэль, хоць і адна з самых адметных сучасных кінарэжысёрак, вырашае літаральна ўвасобіць змест песні (fantasmas — прывіды) аргентынскай спявачкі. Яна звяртаецца да самага класічнага спосабу — накладання вобразаў, якім карысталіся яшчэ рэжысёры фантазій кшталту Мельеса. Па праўдзе, нічога лепшага яшчэ і не прыдумалі.

 

7. Taylor Swift - Delicate (Джозеф Кан)

Тэйлар Свіфт — даволі спецыфічны феномен. У ЗША яе музыку любяць не ўсе, але асабліва чамусьці белыя расісты (вырасла на ферме, арыйка ці нешта накшталт таго). Але такія вось кліпы дапамагаюць пераадолець культурнае непаразуменне. Тым больш, працаваў над ім адзін з тытанаў музвідэа і рэжысёр аднаго з лепшых фільмаў году Джозеф Кан.

6. FKA twigs - Welcome Home (Спайк Джонс)

Помнік вынаходлівасці Таліі Барнет (FKA twigs). Я так і не разабраўся, што за прадукт хацелі прадаць з дапамогай гэтай рэкламы, памятаю толькі танец і тое, як музыка (трэк Андэрсана Пака) перастварае свет вакол танцоркі. Рэалізм самага высокага гатунку.

5. St. Vincent - Fast Slow Disco (Зеў Дынс)

Зеў Дынс часцей здымае для метал-гуртоў, можа, таму ў кліпе на гэтую дыска-песню аказалася так шмат барадатых здаравякоў у скуры і садамазахісцкай збрыі. Праўдзівая вакханалія, але вядзе рэй тут не секс, а музыка і танец. Калі б рэальныя вечарыны ў клубах былі хоць аддалена падобныя да гэтых, я б не начаваў дома.

 

4. ROSALIA - MALAMENTE (Cap.1 Augurio) (CANADA)

Песня Разаліі — сонечнае спалучэнне фламенка, поп-музыкі і R&B. Як і песня, кліп не мае пэўнага сюжэту, гэта магічны набор гукаў і вобразаў: танцы ў грузавіку, прывідная карыда ў спартзалі, байкі і скейтборды.

3. SOPHIE - Faceshopping (Сафі і Ааран Чан)

Будзьце асцярожныя, гэта відэа змяшчае міргаючыя вобразы і небяспечнае для людзей, што пакутуюць на эпілепсію. Але імаверна, што пэўны дыскамфорт яно можа выклікаць і ва ўсіх астатніх. Гэта невыпадкова, але вусцішныя трансфармацыі твару і навязлівыя тэксты-слоганы завяршаюцца зіхоткім катарсісам альбо яго ілюзіяй.

2. Sophie Hunger - Tricks (Мацільда Фін)

Мацільда Фін не любіць тлумачыць сваю працу, і мае рацыю: у яе кліпе ёсць смерць, падарожжа ў часе, гонкі (выдатна знятыя!) па ўкраінскіх лясах, дзе ўсе людзі навокал чамусьці жанчыны, і дзіўны фінал. Усё адбываецца па логіцы сну — ці музычнага відэа.

Sophie Hunger - Tricks from Pomp&Clout on Vimeo.

1. Tierra Whack - Whack World

Самы кароткі поўнафарматны альбом году, у які ўціснута столькі ідэй, што яго відэа-версія нагадвае кар'еру Дэвіда Боўі, уціснутую ў чвэрць гадзіны (і пятнаццаць песень). Калейдаскоп пачуццяў, думак і вобразаў ад 22-гадовай рэпершы, каторая выдатна дэманструе, што гэтак званая кліпавае мысленне не азначае прымітыўнасці. Хацелася б, каб будучыня была менавіта такой.

Whack World by Tierra Whack from Thibaut Duverneix on Vimeo.

Максим Карпицкий

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРОЕКТ2 материала Шура-бура