Праект партала
Тонус
22.12.2018 / 07:06
Хутка стамляецеся і раздражняецеся? Праверце, можа, вас нагнала эмацыйнае выгаранне, і трэба сябе ратаваць

Усё цяжэй прачынацца па раніцах і пачынаць працу. Усё складаней засяродзіцца на сваіх абавязках і выконваць іх своечасова. Працоўны дзень расцягваецца да позняй ночы, руйнуецца звыклы лад жыцця, псуюцца адносіны з асяродкам. Тыя, хто сутыкнуўся з такой з'явай, не адразу разумеюць, што адбываецца. А назва простая: эмацыйнае выгаранне.

Як зразумець, што вы выгаралі?

Эмацыйнае выгаранне — гэта стан, калі чалавек адчувае сябе знясіленым і маральна, і інтэлектуальна, і фізічна. Людзі становяцца раздражняльнымі, крыўдлівымі. Яны апускаюць рукі пры самых маленькіх няўдачах і не ведаюць, што з гэтым рабіць.

Таму так важна разглядзець першыя званочкі ў эмацыйным фоне, прыняць прафілактычныя меры і не давесці сябе да нервовага зрыву.

Часцей за ўсё сіндром эмацыйнага выгарання звязваюць з праблемамі на працы, хоць такое псіхічнае засмучэнне можа з'явіцца і ў хатніх гаспадынь або маладых маці, а таксама ў творчых людзей. Усе гэтыя выпадкі аб'ядноўваюць адны і тыя ж прыкметы: хуткая стамляльнасць і страта цікаўнасці да абавязкаў.

Як паказваюць статыстыка, сіндром часцей за ўсё закранае тых, хто кожны дзень мае справу з людзьмі, працуе ў службах выратавання і шпіталях, выкладае ў школах і ВНУ, абслугоўвае вялікія патокі кліентаў у сэрвісах.

Фота: edinstvennaya.ua.

Штодня такія людзі сутыкаюцца з негатывам ці чужымі неадэкватнымі паводзінамі, пастаянна адчуваюць эмацыйны стрэс, які з часам толькі ўзмацняецца.

Але прычыны прафесійнага крызісу крыюцца не толькі ў частых кантактах са складаным кантынгентам людзей. Хранічная стомленасць і назапашаная незадаволенасць могуць мець і іншыя карані:

  • аднастайнасць дзеянняў;
  • напружаны рытм;
  • недастатковае заахвочванне працы (матэрыяльнае і псіхалагічнае);
  • частая незаслужаная крытыка;
  • невыразная пастаноўка задач;
  • пачуццё недаацэненасці або непатрэбнасці.

Сіндром выгарання часта сустракаецца ў людзей, якія маюць пэўныя асаблівасці характару:

  • максімалізм, жаданне рабіць усё ідэальна правільна;
  • павышаная адказнасць і схільнасць прыносіць у ахвяру ўласныя інтарэсы;
  • летуценнасць, якая часам вядзе да неадэкватнай ацэнкі сваіх магчымасцяў і здольнасцяў;
  • схільнасць да ідэалізму.

У зону рызыкі лёгка трапляюць людзі, якія злоўжываюць алкаголем, цыгарэтамі і энергетычнымі напоямі. Штучнымі стымулятарамі яны спрабуюць павысіць працаздольнасць, калі здараюцца часовыя непрыемнасці або застоі ў працы. Але шкодныя звычкі толькі пагаршаюць становішча. Арганізм высільваецца і пачынае супраціўляцца.

Фота: thedevochki.com.

Сіндром эмацыйнага выгарання можа здарыцца і ў хатняй гаспадыні. Асабліва востра гэта выяўляецца, калі жанчыне здаецца, што яе працу ніхто не шануе.

Тое ж самае часам адчуваюць людзі, вымушаныя даглядаць цяжкахворых сваякоў. Яны разумеюць, што гэта — іх абавязак. Але ўнутры назапашваецца крыўда на несправядлівы свет і пачуццё безвыходнасці.

Падобныя адчуванні з'яўляюцца ў чалавека, які не можа кінуць працу, якая надакучыла, адчуваючы адказнасць перад сям'ёй і неабходнасць яе забяспечваць.

Яшчэ адна група людзей, якая падпадае пад эмацыйнае выгаранне, — гэта пісьменнікі, мастакі, стылісты і іншыя прадстаўнікі творчых прафесій. Прычыны іх крызісу трэба шукаць у нявер’і ва ўласныя сілы. Асабліва калі іх талент не знаходзіць прызнання ў грамадстве або атрымлівае адмоўныя рэцэнзіі ад крытыкаў.

Насамрэч сіндрому эмацыйнага выгарання можа падвергнуцца любы чалавек, які не атрымлівае ўхвалы і падтрымкі, але які працягвае перагружаць сябе працай.

Эмацыйнае выгаранне «нападае» не адразу, яно мае досыць доўгі латэнтны перыяд. Спачатку чалавек адчувае, што яго энтузіязм да абавязкаў зніжаецца. Хочацца выканаць іх як хутчэй, але выходзіць наадварот — вельмі павольна. Гэта адбываецца праз страту ўмення канцэнтраваць увагу на тым, што ўжо нецікава. З'яўляецца раздражняльнасць і пачуццё стомленасці.

Сімптомы эмацыйнага выгарання ўмоўна можна падзяліць на тры групы:

Фізічныя праявы: хранічная стомленасць, слабасць і млявасць у цягліцах, частыя мігрэні, зніжэнне імунітэту, павышанае потааддзяленне, бяссоніца, галавакружэнне і пацямненне ў вачах, «ныючыя» суставы і паясніца. Сіндром часта суправаджаецца парушэннем апетыту або празмернай пражэрлівасцю, што, адпаведна, прыводзіць да прыкметнай змены вагі.

Сацыяльна-паводніцкія прыкметы: імкненне да ізаляцыі, звядзенне зносін з іншымі людзьмі да мінімуму; ухіленне ад абавязкаў і адказнасці; жаданне абвінаваціць асяроддзе ва ўласных бедах; праява злосці і зайздрасці; скаргі на жыццё і на тое, што даводзіцца працаваць «кругласутачна»; звычка выказваць змрочныя прагнозы: ад дрэннага надвор'я на бліжэйшы месяц да сусветнага калапсу.

У спробе ўцячы ад агрэсіўнай рэчаіснасці або ўзбадзёрыцца чалавек можа пачаць ужываць наркатычныя рэчывы і алкаголь. Ці есці высокакаларыйную ежу ў неабмежаваных колькасцях.

Псіхаэмацыйныя прыкметы: абыякавасць да таго, што адбываецца вакол; нявер'е ў свае сілы; крушэнне асабістых ідэалаў; страта прафесійнай матывацыі; запальчывасць і незадаволенасць блізкімі людзьмі; пастаянны дрэнны настрой.

Сіндром псіхічнага выгарання сваёй клінічнай карцінай падобны да дэпрэсіі. Чалавек перажывае глыбокія пакуты ад уяўнага адчуванні адзіноты і безвыходнасці. У такім стане цяжка нешта рабіць, на чымсьці засяродзіцца. Тым не менш, пераадолець эмацыйнае выгаранне значна лягчэй, чым дэпрэсіўны сіндром.

Фота: edinstvennaya.ua.

Што можа вам дапамагчы?

  • дыетычнае харчаванне з мінімальнай колькасцю тлушчаў, якое ўключае вітаміны, раслінную ежу і мінералы;
  • заняткі фізкультурай або, як мінімум, прагулкі на свежым паветры;
  • паўнавартасны сон не менш за восем гадзін;
  • захаванне рэжыму дня.

Псіхалагічная прафілактыка сіндрому эмацыйнага выгарання:

  • абавязковы выходны раз на тыдзень, на працягу якога можна рабіць толькі тое, што хочацца;
  • ачышчэнне галавы ад хвалюючых думак або праблем шляхам аналізу (на паперы ці ў гутарцы з уважлівым слухачом);
  • расстаноўка прыярытэтаў (у першую чаргу выконваць сапраўды важныя справы, а астатнія — па меры паспяховасці);
  • медытацыі і аўтатрэнінгі;
  • ароматэрапія.

Ахвярамі сіндрому эмацыйнага выгарання нярэдка становяцца людзі, якія маюць жорсткую, але не цалкам аб'ектыўную сістэму каштоўнасцяў, якія мяркуюць, што адзіным спосабам рэалізацыі чалавечай асобы з'яўляецца паспяховая прафесійная дзейнасць. На справе гэта не так. Жыццё значна разнастайней, і ў кожнага чалавека ёсць мноства магчымасцяў годна праявіць сябе. Чым багацейшы спектр нашых інтарэсаў, тым больш шанцаў захаваць псіхічнае і фізічнае здароўе.

Анжэла Клінцэвіч

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура