Праект партала
Тонус
18.12.2018 / 12:46
Пластычны хірург: У першыя дні студзеня аперацый заўважна больш

«Пластычная хірургія — гэта кампраміс», — лічыць доктар медыцынскага цэнтра «Конфідэнс» Алег Стасевіч, які больш за 20 гадоў дапамагае людзям удасканальваць сябе.

Алег Стасевіч.

«Кампраміс, бо калі хочаш вялікія грудзі, то мусіш думаць пра тое, як гэта адаб’ецца на хрыбетніку, — развівае думку Алег Стасевіч. — Калі хочаш, каб твар быў падцягнутым і выглядаў маладым, то мусіш разумець, што застануцца шнары (і яны заўважныя, трэба толькі ведаць, куды глядзець). І так можна казаць пра любую пластычную аперацыю».

Большасць пацыентаў, якія звяртаюцца да пластычных хірургаў, імкнуцца пазбавіцца прыкмет узросту. Шмат хто хоча скарэктаваць форму грудзей, носу ці вушэй. Але як адзначае доктар, вялікая цікавасць ёсць таксама да карэкцыі контуру рук, ног, карэкцыі інтымнай вобласці, да ліпасакцыі.

«Часцяком пацыенты прыходзяць дамаўляцца пра ліпасакцыю, але не да канца разумеюць, што гэта, — адзначае пластычны хірург. — Ліпасакцыя не дапаможа пахудзець, гэта няправільная думка. Ліпасакцыя дапамагае змяніць контур цела. Напрыклад, калі ў пацыента фігура тыпу «яблык», то пасля ліпасакцыі яна стане нібы «пясочны гадзіннік»», — тлумачыць Алег Стасевіч.

Пластычная хірургія — не вырашэнне псіхалагічных праблем

Сёння медыцына дазваляе прызначаць аперацыю літаральна на наступны дзень пасля першай кансультацыі. Аднак здараецца, што пацыент у апошні момант перадумвае.

«Я заўсёды кажу, што пластычная хірургія — гэта не выйсце для людзей з псіхалагічнымі праблемамі. Пацыенты ж здараюцца розныя, бывае, патрабуюць кардынальна змяніць аблічча. Але гэта немагчыма, бо адна з галоўных умоў любой пластычнай аперацыі на твары — каб пацыент быў пазнавальным пасля ўмяшання, — распавядае хірург. — Бывае, пацыент застаецца незадаволены вынікам. Гэта адбываецца тады, калі з нейкіх прычын доктар і пацыент зразумелі адно аднаго па-рознаму, не прыйшлі да адзінага меркавання пра вынік аперацыі».

«Бывае, хтосьці перадумвае рабіць аперацыю проста ў дзень, на які яна была прызначана. Чаму? Хто ведае? Былі ў маёй практыцы пацыенты, якія адмаўляліся ад аперацыі праз тое, што раніцай ім перабег дарогу кот. Расказвалі пра выпадкі, калі пацыент не пагаджаўся аперавацца ў доктара, бо ён неяк не так пахне». 

Штогод на пачатку студзеня, калі ўся краіна яшчэ дагульвае навагоднія святы, у пластычных хірургаў звычайна асабліва гарачая пара — кліентаў шмат як ніколі.

«Але я думаю, што гэта звязана не з тым, што ўсе імкнуцца пачаць новае жыццё, а з тым, што першыя тыдні новага года звычайна непрацоўныя. Вось і хочуць людзі нешта падправіць у знешнасці. Сацыяльныя гарантыі не распаўсюджваюцца на эстэтычныя аперацыі, а значыць, даведка пра непрацаздольнасць не выдаецца. У сярэднім за тыдзень можна аднавіцца практычна пасля любой пластычнай аперацыі і вярнуцца да офіснай працы», — распавядае доктар.

Як правіла, на 15 кліентак-жанчын у яго прыпадае адзін пацыент-мужчына.

«Мужчыны звяртаюцца з тых жа прычын, што і жанчыны — хочуць выглядаць маладзей і эстэтычней. Прыходзяць і вядомыя людзі, куды ж без гэтага».

Алег Стасевіч.

Некаторыя кліенты Алега Стасевіча становяцца сталымі. І з’ява гэтая не такая і рэдкая.

«Ці вазьмуся я рабіць чарговую аперацыю, залежыць ад фізічных магчымасцяў пацыента і здаровага сэнсу. Натуральна, лепш не рабіць умяшанняў на розных частках цела адначасова. Аднак здараецца, што не закранаць розных частак цела немагчыма проста тэхналагічна. Напрыклад, пры карэкцыі носу ў некаторых выпадках неабходна скарыстаць у якасці крыніцы пластычнага матэрыялу храстковыя часткі вушных ракавін ці рэбраў. А пры перасадках уласнай тлушчавай тканіны (ліпафілінг) у адной частцы цела выконваецца ліпасакцыя, а ў другой, уласна, ліпафілінг».

Цэны ў беларускіх клініках пластычнай хірургіі адны з самых нізкіх у Еўропе і ва ўсім свеце наогул, сцвярджае доктар. Да іх у цэнтр, напрыклад, прыязджаюць «медыцынскія турысты» з самых розных краін: ад Польшчы і Расіі да Новай Зеландыі і ЗША.

Добры доктар той, хто можа выслухаць і паспачуваць

Пластычны хірург — свайго роду псіхолаг.

«Канечне, людзі прыходзяць з вельмі асабістымі гісторыямі. І ты павінен не проста іх выслухаць, але і паспачуваць, і прапанаваць рашэнне. Пра лекараў наогул часам кажуць «добры доктар» — дык вось гэта характарыстыка часцяком не мае дачынення да нейкіх прафесійных навыкаў або майстэрства. Гэта пра тое, што добры доктар выслухае і суцешыць. Часам я стамляюся ад гэтага, але любіць сваю прафесію не перастаю». 

Наталля Тур, фота Волі Афіцэравай

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура