Проект портала
Истории
15.12.2018 / 21:25
Преподаватель йоги переехала в деревню и хочет высадить десятки тысяч реликтовых деревьев, чтобы они стали еще одним символом страны20

Ульяна Ашурка раней працавала на тэлебачанні, потым доўгі час была міжнароднай мадэллю, але амаль год таму пераехала ў маленькую вёску ў Віцебскай вобласці, дзе разам са сваім аднадумцам, сябрам і суседам, фатографам Аляксандрам Жарнасекам, займаецца справай свайго жыцця — стварае першы ў Беларусі лабірынт-пітомнік для 10 тысяч гінкга.

Ульяна ў сваёй вясковай хаце.

Паразмаўлялі з дзяўчынай, навошта ёй гэта ўсё, а таксама пра моду на экалогію, жыццё ў вёсцы і самае старое дрэва ў свеце.

Даведка: Гінкга — рэліктавая расліна, лічыцца жывым выкапнем, актыўна прарастала на зямлі яшчэ ў сярэдзіне юрскага перыяду. Пасля ледніку на планеце захавалася каля 50 самых старажытных відаў дрэў, і адна з іх якраз — гінкга білоба. Дрэва расце пераважна на Усходзе — у Кітаі і Японіі, але сёння набывае папулярнасць у іншых рэгіёнах: па-першае, гінкга вельмі ўстойлівае да любога надвор’я, а па-другое — валодае карыснымі ўласцівасцямі.

Гінкга восенню.

— Я была мадэллю, вандравала па свеце, добра зарабляла, але спыніла актыўную дзейнасць у гэтай сферы дзеля таго, каб займацца больш карыснымі рэчамі для мяне асабіста і для іншых таксама. Ужо больш 7 год мой асноўны від дзейнасці — гэта выкладанне ёгі, ёгатэрапія. Я дапамагаю людзям прайсці той шлях, які прайшла сама: ад хворага чалавека, які дрэнна харчаваўся, шмат працаваў, ужываў алкаголь, выратоўваўся лекамі, не каштаваў сваё здароўе, быў апантаны спакусамі сучаснага жыцця, да чалавека, які мае спакой ўнутры і можа самастойна дасягнуць выдатнага стану здароўя і высокай якасці жыцця.

Мае вучні прыязджаюць да мяне ў вёску, дзе я праводжу для іх рэтрыты (ёгічная практыка аскезы і медытацыі). І прытым, што я не прапагандую ім свой лад жыцця (усё ж кожнаму трэба прыйсці да чагосьці новага асэнсавана), людзі, якія згодныя адмовіцца на нейкі тэрмін ад сваіх дрэнных звычак, у выніку нашых заняткаў становяцца здаравейшымі і больш кемлівымі, пачынаюць заўважаць не толькі сябе, але і навакольны свет, іншых істотаў і іх патрэбы, задаюць сабе экалагічныя пытанні і шукаюць на іх адказы.

У адным фільме я знайшла цікавае апісанне, якое, я лічу, добра апісвае і мой від дзейнасці зараз — архітэктар матывацый. Я таксама магла б сябе так назваць, бо сваім прыкладам і ўчынкамі дапамагаю іншым рухацца па шляху самаразвіцця; павялічваць эмпатыю, паляпшаць якасць жыцця і мець досыць энергіі на добрыя ўчынкі. Гэта не значыць, што ўсе мае вучні кідаюць працу і пераязджаюць у вёску, як зрабіла я. У кожнага свой вобраз шчасця — для кагосьці гэта проста пазбаўленне ад няспынных боляў у спіне, і ў гэтым, як мінімум, я сапраўды магу дапамагчы.

Тое, што я пераехала ў вёску для многіх знаёмых і сяброў — шок. Яны пытаюцца: і што тут рабіць? Насамрэч, тут можна шмат чаго рабіць.

Напрыклад, прачнуцца і пайсці гуляць у лес. У горадзе мне было шкада кожнага дню, што не быў пражыты на прыродзе. Пасля прагулкі сярод дрэваў у адзіноце вяртаешся вельмі напоўненым. Лес можа многаму навучыць: яўна прадэманстраваць, што чалавек — вельмі слабая істота: нам так шмат неабходна, мы жывем поруч са шматлікай колькасцю прыладаў і няздольныя выжываць без сваіх мыліцаў, як іншыя жывёлы, у натуральных умовах. Такі досвед дапамагае мне няспынна развівацца, станавіцца мацнейшай, больш устойлівай да розных умоў жыцця, імкнуцца да суперздольнасцяў. Якраз у вёсцы я маю магчымасць трэніравацца, працаваць з целам і розумам і адмовіцца ад непатрэбных рэчаў, навязаных грамадствам мадэляў паводзін. Напрыклад, пра тое, што жыць трэба абавязкова сярод людзей, у соцыуме. Калі шчыра, за 35 гадоў я не бачыла сярод сваіх знаёмых гараджан шмат вельмі шчаслівых і гарманічных прыкладаў.

У мяне ў вёсцы шыкоўныя ўмовы, насамрэч: свой сад, асобны дом для мяне і чатырох катоў і воля. Душ, прыбіральня, кухня, печка — рэканструкцыя старой хаты не заняла шмат часу, і цяпер у будынку ёсць ўсё, што мне неабходна.

Хутка з’явіцца і другі паверх для гасцей. Саша, мой сябар, які паклікаў жыць на тэрыторыі яго сядзібы і прапанаваў мне з катамі заняць асобны будынак, у будучыні хоча аснасціць усе хаты (сваю, маю і гасцявую) сонечнымі панэлямі, паставіць у сядзібе вятрак і перайсці на экалагічную энергію.

Ужо адзінаццаць гадоў я жыву без маёй матулі. На жаль, яна не ўбачыла, як і дзе я сёння. Яна таксама любіла прыроду і хацела праводзіць больш часу на зямлі. Я ўпэўненая, яна была б тут шчаслівая разам са мной. Канечне, не ўсе сваякі разумеюць мой выбар. Мой канцэпт жыцця правакуе канфлікт з пунктам гледжання тых людзей, каму важна жыць у дабрабыце, камфорце і мець тыя магчымасці, што даюць горад і грамадства. Але нічога не перашкаджае мне і маім сваякамі абыходзіць спрэчныя моманты пры сустрэчах. Я досыць дарослая і самастойная, каб будаваць сваю ўласную будучыню, як разумею. І што б родныя ні казалі, навязаць мне іншае ўспрыманне свету не атрымаецца.

Часам тата, як і многія іншыя бацькі, задае мне пытанне пра ўнукаў: калі ж яны ў яго нарэшце з’явяцца. Я шчыра адказваю, што ніколі.

Тады ён засмучаецца, канечне, расчароўваецца, але ж гэта яго эмоцыі, я не магу іх змяніць, як і зрабіць яго шчаслівым, проста нарадзіўшы дзіцяці. Бо шчасце — гэта асабістая адказнасць і няспынная праца пэўнага чалавека, а не абавязковая прыстасаванне да тых, хто побач з ім (дзяцей, каханых, сяброў, любімцаў).

Я не называю сябе будысткай, але мне блізкія прынцыпы гэтай філасофіі, яны падаюцца мне вельмі гуманным, разумнымі і натуральнымі.

Вывучаючы будызм, я даведалася, што старажытныя манахі саджалі дрэва гінкга на святых месцах, ля манастыроў, бо лічылі, што яго лісцікі сімвалізуюць два пачаткі, інь і ян, з’яўляюцца сімвалам мудрасці і трываласці. Каля шасці гадоў таму я таксама зацікавілася гэтым дрэвам і вырашыла яго пасадзіць.

Чым больш я дазнавалася пра ўнікальныя якасці гінкга, тым больш ўсведамлялася і ў ягонай экалагічнай каштоўнасці.

Гэта дрэва можа жыць тысячу год, і ніякія хваробы і паразіты, а таксама змены клімату яму не страшныя. Яно вельмі карыснае для экасістэмы: дзякуючы свайму густому лісцю, гінкга лепш іншых ачышчае паветра, а таксама дае харчаванне і прытулак жывёлам. Гінкга перажылі дыназаўраў пасля лядніку, выжылі на Хірасіме ва ўмовах радыяктыўнага атручвання. І мне здаецца, гэта вельмі карысна і важна — усім разам захоўваць рэдкі від, старэйшы за дыназаўраў. 

Комментарий ученого о гинкго в Беларуси

Насенне гінкга.

Спачатку цягам год пяці я і Саша збіралі насенне гінкга для сябе і сяброў, прывозілі іх з кожнай вандроўкі, заказвалі, дзе толькі маглі, і садзілі на сваім надзеле зямлі. Сёння ў мяне растуць дрэвы з Японіі, Германіі, ЗША, Кітая, Украіны, Польшчы. Мы ўпэўніліся, што гэтыя рэлікты выдатна адчуваюць сябе ў нашых кліматычных умовах, і вырашылі, што патрэбна высаджваць іх яшчэ больш. Усё ж навукоўцы сцвярджаюць, што адзінкавыя ўласныя пасадкі лесу не ўратуюць экалогію.

Каб сапраўды дапамагаць прыродзе аднаўляцца, чалавек павінен высаджваць дрэвы сотнямі тысяч. Як гэта робяць ў Бутане, дзе забаронена знішчаць раслінны і жывёльны свет, а дзяржаўныя святы адзначаюцца не салютамі і парадамі, а супольнай пасадкай дрэў. І я мару пра такую традыцыю на маёй радной зямлі.

Посмотреть эту публикацию в Instagram

Знакомьтесь - это молодое дерево гинкго - восточный символ вечной жизни. Оно начало свой путь в тысячелетия 2 года назад, будучи маленьким орешком, что я подняла с асфальта в очаровательном Берлине. Так и осталось бы это семя не взросшим умирать среди городского бетона, если бы не мои руки загребущие и глаза, постоянно высматривающие гинкго в каждом уголке. Моя мечта, чтобы гинкго росли по всей планете, как это было 250 миллионов лет назад. И сегодня самое древнее дерево на Планете способно стать деревом будущего, настолько оно уникально и жизнеспособно. Потому уже сегодня я с друзьями сажу @ginkgolabyrinth лабиринт-питомник из реликтов. Мы задумали этот проект как социально-экологический и хотим привлечь к нему как можно больше внимания и участников. На начальном этапе, как этому маленькому дереву гинкго нужны питательные вещества, солнце и вода, так и проекту необходимы художники-иллюстраторы, веб-дизайнеры, программист, юрист, пиар-специалисты, медиа-персоны, звезды и администраторы соцсетей. Если хоть что-то из этого про вас, при этом вы любите деревья и хотите, чтобы их было больше на планете - пишите - посадим вместе реликтовый лес! #реликтовыйлес #гинкго #деревожизни #садимлес #гинкголабиринт #ginkgo #ginkgolabyrinth #treeoflife #ecology

Публикация от Ulyana Ashurko (@ulyanaashurko)

Калі ў нас з Сашам з’явілася фінансавая магчымасць набыць больш зямлі і насення, мы вырашылі, што створым у Беларусі лабірынт-гадавальнік з гінкга. Каб надаць нашай справе сімбалізму і зацікавіць як мага больш людзей, мы хочам высаджвацца дрэвы ў форме бясконцага, вечнага вузла, які адлюстроўвае ўзаемасувязь ўсіх з'яў і істот ў Сусвеце. Такі лес абавязкова павінен атрымацца.

Вясной мы прарасцілі каля 5 тысяч насення. Праўда, не ўсё ўзышло. Узімку яно знаходзілася ў зямлі на стратыфікацыі, прызвычайвалася да халадоў. Пасля насенне ляжала на сонцы ў вільгаці, пакуль не прарасло, а цяпер больш за тры тысячы саджанцаў знаходзяцца ў збанах у цяпліцы. Чакаюць вясны, каб пачаць расці ў гадавальніку. Ў гэтым годзе мы зробім тое ж самае яшчэ з 10000 насення гінкга. Мы набылі новы ўраджай на падарункі нашым спонсарам і на новыя саджанцы для лабірынту. Бачыце, пасадзіць самім цэлы лес рэальна, проста трэба рабіць, а не марыць. Я і Саша вельмі любім дрэвы і таму, акрамя гінкга, мы вырошчваем яшчэ арэхі і самыя розныя хваёвыя. Хутка ўся наша сядзіба будзе стаяць у лесе.

Ульяна і яе сябра Аляксандр Жарнасек.

Каб зрабіць наш унікальны гадавальнік для гінкга, дзе кожны зможа не набыць, а ўзяць сваё каліва і пасадзіць на сваёй зямлі, патрабуецца шмат рук і фінансавых сродкаў: наняць сельскагаспадарчую тэхніку, закупіць чарназём, кустоўе, якое будзе выконваць функцыю жывой агароджы, зрабіць сістэму палівання для цэлага гектара.

Мы ўдзячныя за любую дапамогу і на праект спрабавалі збіраць грошы на Талацэ, атрымалася 935 рублёў з 4 тысяч. Зараз мы рыхтуем новыя краўдфандынгавыя кампаніі, якія таксама дапамогуць распаўсюдзіць насенне гінкга.

Але мы гатовыя, што наш праект не будзе такім папулярным, як, напрыклад, збор сродкаў на кнігу па дыеталогіі альбо выпрацоўка новай калекцыі адзення. На жаль, мы жывём у час спажывання і праблемамі экалогіі цікавіцца меншасць. Саджаць дрэвы — гэта пахвальная справа ў нашым грамадстве, але рэальнасць такая, што людзі больш вырубаюць, чым саджаюць. Таму нам неабходна дапамога ўсіх, хто любіць лясы, прыроду і клапаціцца пра экалогію і нашу планету. Да нас звярнулася некалькі арганізацый з іншых краін (Казахстану, Расіі (Сочы), Кабардзіна-Балкарыі) з прапановамі стварыць там у будучыні філіялы нашага гінкга-лабірынта. Але першае, што нам хочацца зрабіць, гэта паклапаціцца пра родную зямлю.

І калі мы не збяром дастатковую колькасць грошай, мы ўсё адно самі высадзім лабірынт з 10 тысяч дрэваў. І гінкга будзе жыць тут і станавіцца народным дрэвам. За свой кошт арганізуем пітомнік, дзе кожны жадаючы беларус зможа ўзяць сабе насенне ці саджанец і сам пасадзіць найстарэйшае дрэва на планеце. У нас ужо хапае паслядоўнікаў.

Так, адзін наш таварыш па нашым прыкладзе ў якасці хобі вырошчваў гінкга сотнямі. А цяпер з іх і іншых дрэваў робіць у Расіі запаведнік. Я лічу, Беларусь нічым не горшае месца, каб мець свой рэліктавы лес.

Праект з лабірынтам асабіста для мяне — спроба хоць крыху аддаць пазыку прыродзе. Магчымасць быць карыснай, а не толькі прыносіць шкоду ў якасці чалавека. Так я магу дапамагаць жывым істотам, якія знойдуць у дрэвах харчаванне, дом, умовы для будучыні. Гэта глабальна, але рэальна.

Цяпер я здзяйсняю сваю мару, займаюся справай свайго жыцця. Калі ў мяне пытаюцца, што падарыць мне на нейкае свята, я кажу: «Лепшым падарункам будзе, калі вы пасадзіце ў сябе гінкга».

Я сапраўды лічу, што гінкга выдатны падарунак. На Усходзе яго насенне падносілі імператарам ў знак пажаданняў доўга і шчасліва жыць. Па такім прыкладзе я прэзентавала два маленькія дрэвы сябрам на вяселле. Лісце гінкга крыху нагадвае сэрца, і для мяне ў гэтым круты сімвалізм: няхай каханне гэтай новай сям'і жыве гэтаксама доўга, як і дрэва, тысячы год!

Мы ўсё для гэтага робім, каб наш праект стаў папулярным ў Беларусі, а гінкга, магчыма, яшчэ адным сімвалам нашай краіны. Пагадзіцеся, нам не хапае такіх вось добрых сімвалаў: пра любоў, вечнасць і жыццяздольнасць.

Канечне, гінкга не расце так хутка, як яблыня: каб пачаць плоданосіць, дрэву патрабуецца 30 год. Але мне здаецца, неабавязкова пастаянна думаць толькі пра сябе. Можна закласці фундамент дома, дзе будзеш жыць не ты, але твае дзеці і ўнукі. Гэта ж так моцна кранае! Калі дрэва, якое пасадзіў твой дзед, жыве тысячы год і становіцца дрэвам цэлага роду, такім парталам часу.

Да ведама: праект Сашы і Ульяны мае патрэбу ў валанцёрах, дапамагчы можна любым чынам: напрыклад, рабіць SMM альбо арт. Далучыцца да каманды праекта, можна напісаўшы стваральнікам асабіста. Усе кантакты вы знойдзеце на сайце.

Катерина Карпицкая, фото из архивов героини

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРОЕКТ2 материала Шура-бура