У інтэрнэце зараз збіраюць подпісы за распрацоўку і прыняцце ў Беларусі законапраекта па супрацьдзеянні хатняму гвалту. Пакуль закон так і не прыняты, мы нагадваем, што такое хатні гвалт, якім ён бывае, як зразумець, што вы ў небяспецы, і, самае галоўнае, куды звяртацца ў такіх выпадках.
На гэтыя пытанні адказала Вераніка Пацэпня, юрыстка беларускай арганізацыі «Цэнтр па прасоўванню правоў жанчын — Яе правы».
Хатні гвалт таму і называецца хатнім, бо адбываецца ўнутры сям'і. Ён здараецца, калі адзін член сям'і гвалтуе другога ў фізічным, псіхалагічным, эканамічным ці сэксуальным плане
Гвалт можа здзяйсняцца ў адносінах паміж мужам і жонкай, бацькамі і дзецьмі або паміж дзецьмі.
Хатні гвалт можа быць наступных відаў:
Прамое і ўскоснае ўздзеянне на ахвяру, каб прычыніць фізічную шкоду. Калі вас б’юць, штурхаюць, даюць аплявухі, тузаюць — гэта фізічны гвалт.
Калі вас кантралююць, пужаюць, пагражаюць, абражаюць, шантажыруюць — гэта псіхалагічны гвалт.
Матэрыяльны ціск, калі некаму забараняецца вучыцца ці працаваць, яго пазбаўляюць фінансаў альбо цалкам кантралююць усе пакупкі.
Гвалтоўныя дзеянні, пры якіх чалавека сілай, пагрозамі, зманам прымушаюць да якой-небудзь формы сэксуальных адносін.
Трэба адзначыць, што часцей за ўсё віды гвалту носяць комплексны характар.
Сямейны гвалт мае пэўны цыкл, які складаецца з наступных перыядаў: нарастанне напружання — акт гвалту — прымірэнне — «мядовы месяц».
Нарастанне напружання ў сям'і. Узрастае незадаволенасць у адносінах і парушаюцца зносіны паміж членамі сям'і.
Гвалтоўны інцыдэнт. Адбываецца ўспышка жорсткасці вербальнага, эмацыйнага або фізічнага характару. Суправаджаецца злосцю, спрэчкамі, абвінавачваннямі, пагрозамі, запалохваннем.
Прымірэнне. Крыўдзіцель прыносіць прабачэнні, тлумачыць прычыну жорсткасці, перакладае віну на пацярпелага, часам адмаўляе тое, што адбылося, ці пераконвае пацярпелага ў перабольшанні падзей.
Спакойны перыяд у адносінах («мядовы месяц»). Гвалтоўны інцыдэнт забыты, крыўдзіцель дараваны. Фаза называецца «мядовы месяц», таму што якасць адносін паміж партнёрамі на гэтай стадыі вяртаецца да першапачатковай.
Пасля «мядовага месяца» адносіны вяртаюцца на першую стадыю, і цыкл паўтараецца. З цягам часу кожная фаза становіцца карацей, успышкі жорсткасці пачашчаюцца і прычыняюць большую шкоду. Пацярпелы не ў стане ўрэгуляваць сітуацыю самастойна.
Наталля Тур, інфаграфіка Волі Афіцэравай