Мастачка з Гомеля Даша Бубен, якая зараз знаходзіцца ў Польшчы, далучылася да святкавання 100-годдзя з'яўлення там, у тым ліку на тэрыторыі Заходняй Беларусі, выбарчага права для жанчын.
У 1918 годзе ў шэрагу краін Еўропы ўвялі выбарчае права для жанчын. Сярод іх былі Вялікабрытанія, Аўстрыя, Германія і Польшча. З гэтай нагоды там прайшлі святкаванні і жаночыя дэманстрацыі.
Так, у Берліне з гэтай нагоды выказалася Ангела Меркель, яна акцэнтавала ўвагу на тым, што ў выбарчых органах краіны да гэтага часу мала жанчын, і іх долю трэба павялічваць.
У Польшчы ж падзею адзначалі ў самым цэнтры Варшавы, куды розныя жанчыны прыйшлі са сцягамі. Адзін з іх зрабіла Даша Бубен.
«Усё проста. На тканіне лік 100, дзе замест нулёў — жаночыя грудзі. Шылася ўсё ўручную, каб падкрэсліць сувязь з традыцыйнымі жаночымі заняткамі», — распавяла «НН» Даша.
Да ведама: дэкрэт, які сцвярджаў, што «выбаршчыкам сойма з'яўляецца кожны грамадзянін дзяржавы незалежна ад полу» і што «ў сойм могуць быць абраныя ўсе грамадзяне (грамадзянкі) дзяржавы, якія маюць актыўнае выбарчае права» 28 лістапада 1918 года падпісаў Юзаф Пілсудскі. Лічыцца, што на рашэнне паўплывала ў тым ліку яго жонка Аляксандра, якая была феміністкай.
Nina.nn.by, фотаздымак Яны Кучынскай