Праект партала
Дома
17.11.2018 / 08:27
Хуткая і сытная страва: фрыкадэлькі з фасоляй 13

Духмяная смаката, да таго ж вельмі сытная — тое што трэба ў халодны сезон.

Як толькі тэмпература набліжаецца да нуля і з неба пачынае сыпаць ні то дождж, ні то снег, у мяне з'яўляецца моцнае жаданне залегчы ў спячку. Але зразумела, што важныя справы самі сябе не зробяць, і схавацца ад абавязкаў пад коўдрай не ўдасца. Ёсць варыянт мінімізаваць свае высілкі хаця б на кухні: гатаваць простыя, але смачныя стравы, якія не патрабуюць шмат дзеянняў. Сёння я прапаную вам варыянт стравы «усё ў адной каструлі»: тут і мяса, і грыбы, і фасоля. У выніку атрымаем духмяную смакату, да таго ж вельмі сытную — тое што трэба ў халодны сезон.

На фрыкадэлькі:

  • 3 лусты батону;
  • 500 г ялавічыны;
  • 300 г свініны;
  • 2 зубчыкі часнаку;
  • некалькі галінак пятрушкі;
  • 2 яйкі;
  • 2 ст. л. мукі;
  • алей для смажання.

Мяса пракручваем на фарш (ці адразу купляем гатовы). Батон замочваем у цёплым малацэ ці вадзе на 5 хвілін. Часнок і пятрушку дробна наразаем, дадаём да мяса. Змешваем мяса, адціснуты батон, яйкі, часнок і пятрушку, добра перамешваем.

Грэем алей на патэльні. Фармуем фрыкадэлькі, абвальваем іх у муцэ і смажым на патэльні да залатога колеру з кожнага боку. Перакладаем на папяровы ручнік, каб сышоў лішні алей.

Далей будзем змешваць наступныя інгрэдыенты:

  • 1 цыбуліна;
  • 1 ст. л. мукі;
  • 2 лаўровыя лісты;
  • 2 галоўкі гваздзікі;
  • 1 ч. л. вэнджанай папрыкі;
  • 3 ст. л воцату з чырвонага віна;
  • 100 мл чырвонага віна;
  • 120 г зялёных алівак без костак;
  • 30 г сушаных грыбоў;
  • 150 мл таматнага соку;
  • соль, перац, мускатны арэх;
  • 1 слоік кансерваванай белай фасолі;
  • алей для смажання.

Грыбы заліваем 500 мл цёплай вады. Тым часам дробна наразаем цыбулю. У рондалі грэем 2 ст. л. алею, выкладаем туды цыбулю, лаўровы ліст, гваздзіку, папрыку і смажым да празрыстасці цыбулі. Дадаём лыжку мукі і смажым яшчэ дзве хвілінкі. Грыбы наразаем, ваду з-пад грыбоў захоўваем. Уліваем да цыбулі воцат, віно, таматны сок, ваду з-пад грыбоў, дадаём грыбы і аліўкі. Чакаем, пакуль соус закіпіць, і акуратна выкладаем да яго нашыя фрыкадэлькі. Змяншаем агонь, солім, перчым, дадаём мускатны арэх па смаку, накрываем накрыўкай і тушым хвілін 40. Напрыканцы дадаём кансерваваную фасолю, даём разам паварыцца хвілінак 5.

Вольга Чарнова, фота аўтаркі

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура