Праект партала
Стасункі
14.11.2018 / 10:28
«Cёння ёсць патрабаванне быць асобай». Псіхолаг пра тое, чаму сучасная моладзь не спяшаецца жаніцца135

За апошняе дзесяцігоддзе сярэдні ўзрост мужчын, што бяруць шлюб, павялічыўся з 26 да 27,9 года, жанчын — з 23,9 да 25,8 года.

Менш за іншых спяшаюцца брацца шлюбам сталічныя мужчыны і жанчыны — сярэдні ўзрост мінскіх жаніхоў 28,5 года, а нявест — амаль 27.

Што ж адбываецца з маладымі людзьмі і чаму для сённяшняга пакалення завесці сям'ю — справа зусім не прыярытэтная. Разважае псіхолаг, дырэктарка Цэнтра паспяховых адносін Алена Дубовік.

Алена Дубовік.

«Многія заўважаюць тэндэнцыю апошніх дзесяцігоддзяў, што моладзь больш не спяшаецца жаніцца».

Сапраўды, сярэдні ўзрост дзяўчат, якія ўпершыню ўступаюць у шлюб, павялічыўся з 24,5 да 25,8 года.

«Некаторых гэта вельмі трывожыць і прымушае рабіць дрэнныя прагнозы. Услед за Еўропай і Амерыкай у нашым соцыуме таксама час сталення зрушыўся амаль на дзесяць гадоў. Для 70—80-х гадоў было нормай жаніцца ў 20—25 год. Заводзілі сем'і яшчэ студэнтамі, не маючы прафесіі і даходу. Гэта нікога не бянтэжыла. Дзяцей, народжаных у такіх шлюбах, дапамагалі выхоўваць бацькі маладых, самі яшчэ вельмі маладыя бабулі і дзядулі. Яны ж дапамагалі матэрыяльна, часцяком дзяліліся сваёй жылплошчай. Што ж здарылася? Ёсць меркаванне, што моладзь стала безадказнай, а раней, маўляў, усе былі вельмі адказнымі. Гэта занадта павярхоўнае меркаванне. Усё значна складаней».

Што было ў прыярытэце ў Савецкім Саюзе? Абавязковым было скончыць школу, атрымаць спецыяльнасць, стварыць сям’ю, нарадзіць і выхаваць дзяцей.

«Галоўным патрабаваннем да выхавання было накарміць і апрануць. Калі ты выконваеш такі жыццёвы план, значыць, гэтага дастаткова, каб лічыць, што ў вас усё ў парадку. Цяпер жа ёсць патрабаванне быць асобай».

«Гэта значыць усвядоміць сваю індывідуальнасць, быць у кантакце з ёй — толькі гэта гарантуе сапраўдную прадуктыўнасць і ў прафесіі, і ў асабістым жыцці. Гэта дае магчымасць быць не проста членам грамадства, а шчаслівым і квітнеючым чалавекам. Выхаванне прадугледжвае развіццё, разуменне, прыняцце, стварэнне спрыяльных умоў для раскрыцця патэнцыялу. Таму ўзрост прыкладна ад 20 да 30 — гэта час самапазнання, час спрабаваць, мяняць выбар і мяняцца самому, арыентавацца ў магчымасцях, сталець абдумана і адказна. Узрост уступлення ў шлюб стаў бліжэйшым да 27—32. Да гэтага часу маладыя людзі хочуць мець добрую працу, стабільны высокі даход, кар'ерны рост, жытло».

Паколькі патрабаванні да асобы строгія і персанальныя, ёсць неабходнасць больш старанна выбіраць прафесію, мэту ў жыцці, спадарожніка. Проста працаваць або ажаніцца ўжо не падыдзе, зараз гэта правальныя ўстаноўкі.

Сталенне зрабілася больш доўгім і мяккім, але патрабаванні да даросласці больш строгія. Калі ў папярэдніх пакаленнях адказнасць была больш знешняй, абапіралася на доўг і «так трэба», «каб як ва ўсіх і не сорамна», «не можа быць па-іншаму», то зараз адказнасць — гэта ўсвядомленасць, выбар, жаданне, заснаванае на ўнутраным змесце, трансфармаванае ў асабістыя мэты.

«Адказнасць стала ўнутранай і асабістай, хутчэй, перад самім сабой, перад сваёй індывідуальнасцю і запаветнай марай, сваім жыццём. Выбар магчымасцяў значна пашырыўся, з'явілася вялікая свабода выбару, настаў час багацця, разнастайнасці. Такая адказнасць больш складаная, да яе трэба быць гатовым. Таты з мамамі і бабулі ўжо не дапамогуць у гэтай адказнасці. Выбар не наканаваны, яго трэба зрабіць самому».

«Не можа быць іншага варыянта, як толькі прыняць патрабаванні часу і сучасныя тэндэнцыі. Не варта трывожыцца і дакараць дзяцей, якія ў вашым узросце яшчэ не ўзялі шлюб. Дайце ім час, падтрымайце спакойнай упэўненасцю, дазвольце знайсці сябе».

Адваротны бок медаля: сацыяльны бумеранг

«Можна казаць і пра феномен так званага сацыяльнага бумеранга. Нашы бацькі не былі больш дарослымі і адказнымі, чым мы, але ім даводзілася спраўляцца, нягледзячы на тое, што сілаў не хапала, а ўмовы былі больш суровымі. Яны былі залішне напружаныя. Таму наступнае пакаленне пры больш спрыяльных знешніх умовах можа быць залішне паслабленым.

Некаторыя маладыя людзі дазваляюць сабе не рабіць складаных выбараў, не напружвацца і не даваць рады. Ці яны адчуваюць сябе не гатовымі і разгубленымі, спалоханымі перад дарослай адказнасцю і сур'ёзнымі патрабаваннямі».

У падобных выпадках трэба больш дбайна выбудоўваць межы, не браць адказнасць за тых, хто і не спрабуе стаць больш самастойным. «Нельга рабіць нешта за дзяцей або замест іх. Бацькі, дазвольце дзецям даваць рады самім, памыляцца, захацець і ажыццявіць. Эмацыйная падтрымка нашмат больш карысная».

Каб дапамагчы маладым людзям лягчэй перажыць этап сталення, які расцягваецца на доўгі час, варта яшчэ з дзяцінства паважаць іх індывідуальнасць, беражліва адносіцца да жаданняў, даваць свабоду выбару, забяспечваць самастойны вопыт. А ў сам пераходны перыяд набрацца цярпення і чакаць, што ваш сын ці дачка абвязкова стануць сапраўднымі дарослымі людзьмі».

Наталля Тур, фота з архіва гераіні, pixabay

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура