Праект партала
Стасункі
19.10.2018 / 16:14
Навукоўцы распавялі, ці білі нашы продкі дзяцей і жонак18

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка нядаўна заявіў, што «добры рэмень часам таксама карысны для дзіцяці» і патлумачыў гэта беларускімі, славянскімі традыцыямі, ды і ў цэлым выступіў супраць законапраекта аб процідзеяння хатняму гвалту. Ці білі нашы продкі дзяцей і ці асуджала гэта грамадства? А Знакамітае «Б'е — значыць любіць» у стасунках на пару — гэта было пра нас? TUT.BY спытаў у гісторыкаў і этнографаў.

«Дзяцей фізічна каралі, але жорсткасць была рэдкай з'явай»

Любоў Ракава — вядучы навуковы супрацоўнік у Цэнтры даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, доктар гістарычных навук. Фота: Вадзім Заміроўскі, TUT.BY

Доктар гістарычных навук Любоў Ракава шмат гадоў вывучае традыцыі народнай педагогікі беларусаў. І ў аснове гэтай педагогікі, кажуць этнолагі, было даволі суровае стаўленне бацькоў да дзяцей.

— І такое стаўленне, па меркаванні сялян, было не супрацьлегласцю бацькоўскай любові, а наадварот, яе доказам. Паўтаралася, што любіць дзяцей трэба душой, а не паказваючы асабліва сваіх пачуццяў. У майго дзядулі была «бярозавая каша» — так называлі лазовы дубчык, які заўсёды тырчаў у пярэднім пакоі за бэлькай. Ён трымаў у тонусе сам па сабе — зірнеш на яго і ўспомніш, для чаго ён прызначаны. Крайняй мерай было біццё дубчыкам або «махрачом» — ільняной анучай, якой выціралі стол і якая заўсёды была ў маці. Некаторыя білі рамянём са спражкай, але жорсткасць асуджалася. Даследчыкі апытвалі людзей, якія нарадзіліся яшчэ ў канцы XIX стагоддзя, — па іх расказах, жорсткасць была вельмі рэдкай з'явай, — распавядае этнолаг.

Любоў Ракава дадае, што ў сялянскім асяроддзі суровасць пакарання была звязана ў тым ліку з умовамі, у якіх жылі людзі.

— У сялян было вельмі шмат клопатаў, таму дзеці выконвалі пасільную працу ўжо гадоў з пяці — курачак пакарміць, траўкі нарваць. Калі дзіця не зрабіла працу, жывёлы і птушкі маглі застацца без корму, а наступствы маглі быць жахлівымі для ўсёй сям'і. Натуральна, прыходзячы з працы, бацькі за такую правіну каралі. Але дзеці былі розныя, як і цяпер. У народзе гэта цудоўна разумелі, казалі: «Адно дзіця паслухаецца ківа, а другое лазы».

Этнолаг адзначае, што пры гэтым у прыказках транслявалася, што прыярытэт у выхаванні — усё ж такі ўгавор: «Не біце вяроўкамі, а навучайце гаворкамі».

— А было і такое: «Як не загнеш маладое дубінку, то як устарэе — пераломіцца». Значыць, калі з маленства не навучыш — потым позна будзе.

— Нельга было біць маленькіх дзяцей, — тлумачыць Любоў Ракава. — Караючы фізічна, бацькі стараліся не біць цяжкімі прадметамі, з вялікай сілай. Наогул, толькі асобныя народы не выкарыстоўвалі фізічныя пакаранні дзяцей. Прычым гэта было распаўсюджана ва ўсіх пластах насельніцтва, а не толькі ў сялянства. Лойд Дэмоз (амерыканскі гісторык, які шмат вывучае псіхалогію сям'і і дзяцінства. — Заўвага. TUT.BY) пісаў, што вывучаў дакументы 76 сем'яў у Заходняй Еўропе і не знайшоў сярод іх ні адной, дзе б дзяцей не білі ў дзяцінстве. Захаваліся запіскі Ахоцкага — нашага шляхціца сярэдняга дастатку. Ён апісваў гісторыю, як у госці прыйшоў прадстаўнік знаці, які зрабіў падарунак хлопчыку ў сям'і. Хлопчыка пакаралі за тое, што ён прыняў падарунак з рук чужога. У другі раз хлопчыку прынёс падарунак родны дзядзька — і яго зноў збілі, бо ён адмовіўся ўспрымаць падарунак, памятаючы пра пакаранне. Ад роднага чалавека ён падарунак павінен быў прыняць. Так тады выпрацоўвалі этыкет, так ставілі межы. Шляхта перарывала шкодныя звычкі ў дзяцей, як — забараняючы забавы, гульні, стасункі з аднагодкамі, выкарыстоўваючы сродкі фізічнага пакарання — залежала ад сям'і.

Любоў Ракава дадае, што важным элементам выхавання дзяцей, мяккім і пазбаўленым гвалту былі калыханкі. У такія моманты паміж бацькамі і дзецьмі ўзнікалі важная сувязь, цёплыя стасункі.

«Б'е — значыць кахае» — не думаю, што пра нас»

Наталля Сліж — гісторык, кандыдат гістарычных навук, вывучае дакументы шляхты XVI—XVII стагоддзяў. Фота: budzma.by

Гісторык Наталля Сліж вывучае жыццё беларускай шляхты XVI—XVII стагоддзяў. Яна распавядае, што статыстыку па хатнім гвалце за гэты час вывесці немагчыма — дакументы са згадкамі пра падобныя выпадкі захаваліся ўрыўкава.

— Прыклады гвалту ў сем'ях сустракаюцца не вельмі часта, але гэта можа азначаць і тое, што не ўсё звярталіся ў суды, і тое, што проста не захаваліся дакументаў. Але ясна, што ў грамадстве да гвалту ставіліся вельмі негатыўна, калі муж або жонка маглі звярнуцца ў суд з нагоды збіцця ў сям'і, і гэтыя скаргі разглядалі. Існавала ў нас пакаранне і за забойства, і за збіццё. За забойства маці ці бацькі, мужа ці жонкі належыла пакаранне смерцю, але ў практыцы не вельмі шмат такіх спраў. З Гарадзенскага магістрата захавалася чатыры кнігі, і там знайшлася адна справа, якая апісвае, што муж забіў жонку. Але ў нас не камплект: у Віленскай кніжцы сустракаліся выпадкі як збіцця жонкі, так і мужа — было і такое. Але сказаць, што гэта было масавым, нельга.

Наталля адзначае, што ў тыя часы «каштоўнасць» чалавека вызначалася яго ўзростам і палавой прыналежнасцю.

— За забойства дзяцей, па-мойму, прызначаўся год турэмнага зняволення. Жыццё дзіцяці «шанавалася» менш, яму і ў сям'і было сваё месца. Калі дзіця не слухалася бацькоў — яго пазбаўлялі маёмасці, калі дзеці збівалі пажылых бацькоў — гэта таксама было перадумовай пакінуць іх без спадчыны.

Пры гэтым, распавядае гісторык, захаваліся інструкцыі дзеячаў ВКЛ, аднаго з Радзівілаў і Пятра Кахлеўскага, пра тое, як трэба выхоўваць дзяцей.

— І ні ў адной з іх няма парады збіваць дзяцей. Напісана, што дзеці павінны быць выхаванымі і адукаваным. У выхаванні павінна была прысутнічаць строгасць, а не ўсёдазволенасць.

— Як думаеце, уласціва было нашым продкам паняцце «б'е — значыць кахае» ў адносінах паміж мужам і жонкай?

— Не думаю. Ясна, што ў кожнай сям'і былі сваркі, але часта сустракаецца, што ў канцы жыцця муж ці жонка пакідалі «даравальныя» запісы за добрае сумеснае жыццё, і, наадварот, вельмі рэдкія запісы, што мужа ці жонку пазбавілі маёмасці за дрэннае стаўленне. У залежнасці ад стагоддзя, калі ў сям'і быў гвалт, маглі прызначыць сепарацыі — каб жонка жыла асобна ад мужа, ці маглі адразу развесці. Асабліва сепарацыя была актуальная для каталікоў.

Наталля Сліж распавядае, што ў дакументах XVII стагоддзя часам сустракаецца такая прычына разводаў, як «дрэннае сумеснае жыццё».

— Цяжка сказаць, што гэта азначае: што людзі лаяліся або біліся? Мяркуючы па судовых справах, «б'е — значыць кахае» не з'яўлялася нормай. У шляхецкім этыкеце было прынята паважлівае стаўленне да жанчыны як да чалавека, які дае працяг роду. Так, у жанчыны было менш правоў, але ў яе былі эканамічныя правы, маёмасць, а часам жонка была больш заможная за мужа. Муж не мог забраць проста так маёмасць, часам нават пісаў дакумент, што ўзяў у пазыку ў жонкі грошы. І, напрыклад, мяшчане адзначалі як праяву любові, калі муж падтрымаў жонку, вырашыў маёмасныя пытанні.

«Не біце яе дубцамі, навучайце яе слаўцамі»

Фалькларыст, этнограф, адзін са стваральнікаў Студэнцкага этнаграфічнага таварыства Аляксей Глушко падчас рэканструкцыі народнага абраду «Багач». Фота: Вадзім Заміроўскі, TUT.BY

Фалькларыст і этнограф Аляксей Глушко прапануе падзяляць пытанні фізічнага пакарання дзяцей і сямейнага гвалту, разважаючы аб традыцыйнай культуры беларусаў. Ён таксама кажа, што фізічнае пакаранне дзяцей у выхаваўчых мэтах дапушчалася і не адрознівалася жорсткасцю, а менавіта жорсткасць — асуджалася і маральна, і супольнасцю, і юрыдычна.

Сям'я, як і традыцыйнае грамадства, была іерархічнаю: на больш высокіх прыступках стаялі бацькі. Аўтарытэт бацькоў не аспрэчваўся дзіцем ніколі, самым аўтарытэтным членам сям'і быў бацька.

Этнограф тлумачыць:

— У традыцыйнай культуры лічылася, што сакральная сувязь паміж бацькамі і дзецьмі ўзнікае з нараджэння і праходзіць праз усё жыццё. Бацькі мелі права на дзяцей, і тыя знаходзіліся ў іх уладзе да жаніцьбы або замужжа, а часам і яшчэ нейкі час да адасаблення іх гаспадаркі. Бацька мог падняць руку на дзіця ў выхаваўчых мэтах, акрамя таго, гэта было яшчэ і пацвярджэннем яго іерархічнага статусу. Дзіця гартуецца, прывучаецца да фізічнай працы, вучыцца ўстойліва пераносіць цяжкасці. Калі дзіця ўступае ў падлеткавае жыццё, яно сутыкаецца з жорсткім светам і павінна ўмець пастаяць за сябе.

У фальклоры свабода, якая даецца дзецям у сям'і, — адназначна адмоўная, кажа этнограф.

— Дзяцей стараліся не распускаць, не дазваляць залішне шмат. Казалі: «Дасі дзецям волю — адбярэш долю» — то бок пакінеш без будучыні, — распавядае Аляксей Глушко. — Калі ў сям'і былі не родныя дзеці, народная педагогіка вучыла да чужых падкрэслена ставіцца лепш, чым да сваіх, таму што дзіця можа ўспрыняць больш балюча нават справядлівае пакаранне ад чужога чалавека. Казалі: «Сваё дзіця бі — шкадуй, на чужое крычы — думай».

Стасункі паміж мужамі і жонкамі рэгламентаваліся ў традыцыйным грамадстве па-іншаму, адзначае Аляксей Глушко.

— Магчымасць падняць руку на жонку не віталася, асуджалася гэта і ў фальклоры. Прызнаючы за мужам права на такія метады менавіта як выхаваўчыя, іх усё роўна прасілі пазбягаць. Напрыклад, у вясельных песнях, адрасаваных будучаму мужу і ўсяму яго роду, спявалі: «Не біце яе дубцамі, навучайце яе слаўцамі. Не біце яе вяроўкамі, навучайце яе гаворкамі». У традыцыйным грамадстве жонка была ў падначаленні ў мужа, але не была бяспраўнай: у вёсках яна магла сысці да свайго роду. Хоць ёсць у фальклоры, напрыклад у скандынаўскіх сагах і нашых купальскіх песнях, і вобраз жанчыны-асілка, жанчыны, якой нават муж пабойваецца, — адгалоскі матрыярхату.

— А часта ў беларускіх народных песнях сустракаюцца матывы таго, што муж б'е жонку, што яна пакутуе ў шлюбе?

— Часта, але я б тут статыстыку не выводзіў. Лірычная песня — гэта жанр, дзе чалавек імкнецца выліць нейкія перажыванні, асабліва моладзі прыемна паказытаць нервы. Сямейна-бытавыя песні аб няшчасным жыцці звычайна спяваліся за сталом, калі на вялікае свята да жонкі прыязджаў яе род. І тут станавіліся актуальнымі тэмы, як цяжка жыць далёка ад свайго роду. Кур'ёзны выпадак быў у Ашмянскім раёне, калі да замужняй жанчыны прыехала яе сям'я ў госці і яна пачала спяваць традыцыйную песню пра тое, як цяжка ёй жывецца, ад першай асобы. І яе свякроў і сёстры мужа паднялі скандал за сталом, плюхнулі з чаркі самагон ёй у твар. Яны ўспрынялі ўсё літаральна, таму што ўжо перасталі такія песні ўспрымаць як жанр фальклору. Матывы пакуты ў новай сям'і ў вясельнай песні выконваюць яшчэ і прафілактычную ролю. Нявесту загадзя рыхтуюць да самага горшага, што яна будзе пакутаваць у шлюбе, а прыходзіць — і аказваецца, што там не ўсё так дрэнна.

Сняжана Інанец, TUT.BY

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура