Праект партала
Рост
18.10.2018 / 15:43
Філолаг з Мінска напісала дэтэктыўную аповесць на трасянцы23

Маладая мінчанка працуе ў адным з дзяржаўных выдавецтваў. Таму сваю першую дэтэктыўную аповесць «Я прыду за табой у аўгусце» напісала пад псеўданімам — Каміла Цень.

Сюжэт дэтэктыва просты.

На ўскраіне сталіцы, вечарам, у тралейбусе, звычайная кантралёрка грамадскага транспарту і адданая патрыётка сваёй краіны Зінаіда Юр’еўна правярае «талончыкі», а знаходзіць труп мужчыны. І хаця міліцыя не бачыць у здарэнні ніякага крыміналу, цікаўная і кемлівая супрацоўніца «Мінсктранса» пачынае падазраваць, што ў гісторыі ўсё не так проста…

Фота з тэлеграм-канала «Белліт»

«Наша Ніна» пагутарыла з аўтаркай незвычайнага твора.

Ніна: Каміла, чаму кніга на трасянцы?

— Трасянка — гэта мова майго дзяцінства, якое прайшло ў маленькім беларускім горадзе, і мова мінскай ускраіны, дзе я цяпер жыву. Кожны дзень я еду на працу і вяртаюся з працы і чую, як размаўляюць людзі наўкола.

Сваю дэтэктыўную аповесць я пачала пісаць на літаратурнай беларускай мове, але даволі хутка зразумела, што ў такім выглядзе твор будзе гучаць непраўдападобна і штучна. У маёй аповесці дзейнічаюць звычайныя людзі, і я хацела, каб чытачы паверылі і ім, і мне.

Але беларускую мову я люблю і добра ёй валодаю».

Ніна: Чаму дэтэктыў?

— Я з дзяцінства люблю дэтэктывы і даўно хацела паспрабаваць напісаць свой. Не ведаю, ці атрымалася ў мяне. Але беларуская літаратура чамусьці пагарджае гэтым жанрам, як і многімі іншымі. Таму я вырашыла паспрабаваць выправіць сітуацыю. Дэтэктыў — жанр для ўсіх. Усе ездзяць у грамадскім транспарце. Гэта месца, дзе сутыкаюцца людзі розных прафесій, узросту, статусу, светапоглядаў. Аўтобусы ў гадзіну пік — гэта ж проста скарб для пісьменніка. А штуршком для напісання аповесці паслужыла мая выпадковая размова з жанчынай-кантралёрам, якая аштрафавала мяне за безбілетны праезд, бо неяк я забыла дома праязны. Гэта была незвычайная жанчына з арыгінальным поглядам на жыццё.

Ніна: Дэтэктыўны жанр лічаць жанрам лёгкім. Не крыўдна, што вашу аповесць будуць чытаць якраз-такі ў тым самым грамадскім транспарце?

— Затое мяне будуць чытаць, у адрозненне ад многіх беларускіх аўтараў.

Ніна: Аповесць напісалася хутка? Вы адразу ведалі, хто забойца ці гэта прыйшло падчас працы?

— Аповесць, думаю, можна прачытаць за дзень ці два, едучы на працу або з працы. А пісала яе недзе паўгода. Абдумвала ў метро, у 21-м аўтобусе, а ўвечары пісала. Забойцу я ведала адразу і нават сядзела каля яе ў аўтобусе.

Ніна: Падчас працы над аповесцю не забыліся беларускай літаратурнай мовы?

— Не. Мае прафесійныя абавязкі звязаныя з беларускай мовай. Цяпер я абдумваю новы твор.

 Кніга існуе толькі ў электроннай версіі. Купіць можна тут.

Наталля Тур

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура