Проект портала
Накипело
05.10.2018 / 18:09
«На ваш кардан нічога няма». Як дзейнічаць, калі вас абражаюць у крамах7

Існуе меркаванне, што шопінг — гэта свайго роду тэрапія. Можна з задавальненнем прымяраць прыгожыя рэчы, падбіраць пад новы касцюм шалік або ў чаканні адпачынку абнаўляць свой гардэроб новымі сарафанамі і купальнікамі.

Здаецца, дзе яшчэ, як не ў крамах адзення, павінны дагаджаць. Вы выбралі гэтую краму, вы хочаце патраціць свае грошы і пайсці дадому з абноўкай і добрым настроем.

У рэчаіснасці ж выходзіць далёка не так. І пасля прагулкі па магазінах вы сядзіце засмучаная ў кавярні з сяброўкай і за кубкам кавы пытаецеся ў яе: «Я што, такая страшная?» А вам проста нахамілі ў краме.

І такіх гісторый, як аказалася, шмат.

«О, так, памятаю, як хацела прымерыць у краме модныя джынсы, — расказвае Святлана, — прадавачка глянула на мяне і сказала: «Што вы! На ваш кардан нічога няма!».

«У мяне была падобная гісторыя, — дзеліцца Ганна, — я мерала спадніцу-плісэ, у якой мой «кардан» выглядаў шырэйшым разы ў тры. Я сказала пра гэта прадавачцы, маўляў, не, не мой фасон, на што тая мне адказала: «Гэтая спадніца глядзіцца на вас у разы прыгажэй, чым той кашмар, у якім вы прыйшлі».

«Я, бывае, і не пытаюся нічога, — расказвае яшчэ адна дзяўчына Ганна, — проста заходжу, гляджу, а прадавачка з парога: «Вы на сябе глядзіце? На вас нічога няма, у нас толькі маленькія памеры».

«У мяне нармальная фігура і не вельмі добры зрок, — скардзіцца Маша, — бывае, запытаюся, колькі каштуе рэч, якая вісіць здалёк, а мне адказваюць: «Ой, ну там жа напісана».

Заснавальніца школы этыкету Аксана Зарэцкая лічыць, што хамскія адносіны да купцоў — гэта банальная невыхаванасць. Акрамя таго, на ўсёй постсавецкай прасторы існуе вялізная праблема з сервісам. 

Аксана Зарэцкая.

«Сервіс — якім мы захапляемся ў Еўропе, калі прыходзім у французскія магазіны ці італьянскія рэстараны, стаіць на трох нагах». 

Першая нага — гэта спагада да кліентаў.

«Трэба любіць сваю рабооту і сваіх кліентаў. Калі ты не любіш таго, што робіш, ты заўсёды будеш раздражнёны». 

Другая нага — гэта стандарты абслугоўвання. 

«Візуальны кантакт з пакупніком, словы вітання, спосаб прапанаваць свае паслугі — усё гэта ў прыстойных крамах, салонах, рэстаранах прапісваецца ва ўнутраных правілах. Дарэчы, да мяне ўсё часцей сталі звяртацца менавіта ўладальнікі салонаў прыгажосці, рэстаранаў, буцікоў. Сучасныя бізнэсоўцы разумеюць, што сервіс трэба выхоўваць». 

Трэцяя нага — гэта выхаванне, якое ідзе з сям'і, з культуры, з краіны. 

«Гэтаму, канечне, нам варта было б павучыцца ў французаў, у якіх ёсць такі выраз: «Art de vivre» — мастацтва жыць. У Беларусі, на жаль, кульгаюць усе тры нагі». 

Якая ж рэакцыя павінна быць у вас, калі з вамі па-хамску абышліся ў краме? 

«Ні ў якім разе не апускацца да ўзаемных папрокаў. Выкарыстоўвайце легальныя метады: кніга скаргаў, водгукі ў інтэрнэце».

Самае галоўнае пакаранне для прадаўца будзе тое, што вы сыдзіце і знясеце грошы. 

«Памятайце, што пасля вас у гэтую краму прыйдуць людзі, таму праявіце актыўную грамадзянскую пазіцыю, раскажыце пра тое, што з вамі абышліся некарэктна, кіраўніцтву крамы». 

Наталля Тур, фота на застаўцы Волі Афіцэравай

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРОЕКТ2 материала Шура-бура