Праект партала
Тонус
03.10.2018 / 14:43
«Падчас заняткаў у жанчын здараюцца аргазмы». Хто і як мацуе ў Мінску інтымныя цягліцы27

Калі ўпершыню прыходзіш на заняткі па вумфіце, інструктарка Вольга Дзелаева расказвае пра тое, што на Усходзе ёсць прымаўка: «Ідэальны стан для жанчыны: у галаве пуста, у сэрцы шчасліва, унізе сэксуальна». І ўсе заняткі пабудаваныя па гэтым прынцыпе: напоўніць жанчыну сэксуальнай энергіяй.

Даведка:

Вумфіт — гэта комплекс практыкаванняў, скіраваных на развіццё інтымных цягліц і ўмацаванне цягліц тазавага дна.

Інструктарка па вумфіце Вольга Дзелаева ў сваім працоўным кабінеце.

Сёння ў Мінску навучыцца вумфіту і развіць інтымныя цягліцы можна толькі ў некалькіх сертыфікаваных інструктараў, сярод якіх і Вольга Дзелаева, якая займаецца вумфітам ужо восем гадоў. 

А пачыналася ўсё з асабістай гісторыі.

«У 20 гадоў я нарадзіла сына. Я хоць і медык па адукацыі, і ведала, як усё павінна прайсці, але мае роды аказаліся цяжкімі. Каб аднавіцца пасля іх, я рабіла практыкаванні Кегеля, шукала патрэбную інфармацыю ў розных часопісах. Так выпадкова трапіла на методыку расійскага вынаходніка Уладзіміра Мураніўскага. Даведалася, што ў Расіі працуе школа па вумбілдынгу, якую заснаваў Мураніўскі. Ездзіла ў Маскву на заняткі. Хацела навучыцца толькі для сябе, але вось ужо восем гадоў вяду ў Мінску курсы».

Першапачатковая задача вумфіту — дапамагчы жанчыне хутка аднавіцца пасля родаў. Але, як паказвае практыка, калі ім займацца да цяжарнасці, то роды праходзяць больш лёгка.

«Ну і прыемны бонус — паляпшаецца кровазварот. А моцныя інтымныя цягліцы — гэта моцнае інтымнае жыццё».

У методыцы, якую распрацаваў Уладзімір Мураніўскі і па якой выкладае Вольга Дзелаева, ёсць чатыры асноўныя напрамкі.

Вумфіт — інтымны фітнэс для ўмацавання вагінальнага канала і цягліц тазавага дна. Вумбілдынг накіраваны на пабудову і развіццё вагінальных цягліц, якімі жанчына можа кіраваць свядома.

Тут трэба патлумачыць, што слова «вум» паходзіць не ад англійскага «жанчына». Гэта абрэвіятура, якая расшыфроўваецца як цягліцы, якія кіруюцца вагінальна.

Імбілдынг — гэта развіццё інтымных цягліц мужчыны з дапамогай цягліц жанчыны пры занятках сэксам. Жанчына сваімі трэніраванымі цягліцамі трэніруе цягліцы мужчыны, што дазваляе яму даўжэй захоўваць маладосць. І нарэшце рымбілдынг — развіццё рэктальных цягліц мужчыны.

На пытанне, ці звяртаюцца да Вольгі мужчыны з просьбай правесці трэнінг, Вольга смяецца:

«Мне муж не дазваляе весці мужчынскія групы».

«Калі кліентка просіць, я выходжу з памяшкання»

Кліенткам Вольгі ў асноўным ад 25 да 45 гадоў. Аднак апошнім часам цікавасць да заняткаў вумфітам праяўляюць і жанчыны пасля 45.

«У асноўным такіх жанчын да мяне прыводзяць праблемы з тым, што з узростам цягліцы слабеюць, і ў іх пачынаецца нетрыманне. Гэта вялікая праблема: кожная трэцяя жанчына мае такія праблемы».

Вольга традыцыйна пачынае заняткі з тэорыі. На макетах расказвае, як пабудаваныя цягліцы і з якімі з іх падчас трэніровак давядзецца працаваць.

Дарэчы, акрамя прафесійных медыцынскіх макетаў у арсенале Вольгі і шмат такіх, якія яна замаўляе ў інтымных крамах.

Перад пачаткам курсу вучаніцы абавязкова наведваюць гінеколага, потым ім падбіраецца адпаведная нагрузка. «У прынцыпе, супрацьпаказанняў не шмат. Асноўнае з іх — цяжарнасць і некаторыя віды міём».

На працягу курса вядзецца анкета: фіксуюцца зыходныя дадзеныя, запісваюцца хатнія вынікі, распісваюцца новыя практыкаванні.

Практычная частка заняткаў адбываецца дома ў вучаніцы. Вольга толькі карэктуе і дае парады, як рабіць тое ці іншае практыкаванне. Калі ёсць патрэба, паказвае яго на занятках.

«На заняткі да мяне прыходзяць раз на тыдзень або радзей. Я падказваю дзяўчатам, як правільна рабіць практыкаванне, карэктую нейкія памылкі. Заняткі доўжацца гадзіны 2-3».

Важна, што трэнажоры выкарыстоўваюцца індывідуальна, кожная з вучаніц можа забраць іх і дамоў.

Адзін з трэнажораў.

«Калі жанчына скаваная, я заводжу з ёй размову, пры неабходнасці выходжу, каб яна магла без збянтэжанасці ўвесці трэнажор. Практыкаванні прыемныя, падчас заняткаў здараюцца аргазмы. Я лічу, што гэта выдатна».

Курс вумфіту разлічаны на месяц-паўтара.

«Гэтага часу дастаткова, каб жанчына зразумела, якім чынам трэба трэніраваць цягліцы, падцягваць іх, расслабляць. Пасля курса вумфіту ідзе ўжо вумбілдынг. Там жанчыны вучацца і трымаць груз інтымнымі цягліцамі, і страляць шарык, і ўцягваць яго ў сябе».

Трэнажор, які ўводзіцца ўнутр і намампоўваецца. Пасля яго трэба «выпхнуць».

У цэлым, расказвае Вольга, беларускі дастаткова сціплыя і сарамлівыя. Дзяўчаты з Украіны і Расіі могуць рабіць сэлфі з трэнажорамі, з макетамі падчас заняткаў, беларускі ж сарамліва адводзяць позірк.

«Некаторыя жанчыны прыходзяць да мяне таемна ад мужоў, кажуць, што хочуць здзівіць іх пасля. Прыходзяць да мяне і медыйныя персоны. Такія жанчыны па зразумелых прычынах абіраюць індывідуальныя заняткі».

Вольга расказвае, што заняткі па вумфіце і вумбілдынгу карысныя не толькі жанчынам, у якіх ёсць пэўныя праблемы са здароўем, ці тым, хто хоча падрыхтавацца да лёгкіх родаў. Асабліва на іх варта звярнуць увагу тым жанчынам, якія пэўны перыяд жывуць без палавога партнёра.

Грузавы трэнажор.

«Многія жанчыны і без вумфіту жывуць шчасліва і гарманічна». Каментар гінеколага

Доктарка-гінеколаг медыцынскага цэнтра «Арс Валеа» Наталля Новікава упэўненая: калі здаровая жанчына выконвае практыкаванні для ўмацавання цягліц тазавага дна, то ад гэтага ніякай шкоды не будзе.

«Адзінае, што трэба разумець: панацэі не існуе. І калі ёсць пэўныя праблемы са здароўем, то адной гімнастыкай тут не дапаможаш», — тлумачыць яна.

Што тычыцца менавіта вумфіту і вумбілдынгу доктарка каментуе:

«Падобныя практыкаванні, практыкі і методыкі вядомыя даўно. Імі карысталіся гейшы. Сёння можна знайсці практыкаванні ад самых простых, якія можна выконваць дома, да спецыяльна распрацаваных курсаў і пабудаваных методык, якія імкнуцца прадаць людзям. Калі ў вас ёсць час займацца гэтым і грошы, то калі ласка». 

Галоўнае, адзначае доктарка, каб гэтыя методыкі не былі агрэсіўнымі і праводзіліся толькі пад наглядам сертыфікаваных спецыялістаў.

«Практыкаванні, якія паляпшаюць крываток, вянозны адток, стымулююць функцыі арганізма тых цягліц, якія па сваёй сутнасці амаль заўсёды застаюцца бяздзейнымі, пойдуць толькі на карысць. Іншая справа, ці варта падымаць грузы або неяк па-іншаму агрэсіўна ўздзейнічаць на цягліцы. Многія жанчыны і без вумбілдынгу жывуць гарманічна і шчасліва».

Наталля Тур, фота аўтаркі

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура