Праект партала
Гісторыі
11.09.2018 / 18:34
Жыхарка Слуцка паўгода ходзіць на працу, нічога не робіць і атрымлівае зарплату12

Ларыса Грыгаровіч у гэтым кабінеце праводзіць цэлы працоўны дзень. Кабінет выглядае пустым: акрамя стала, шафы ў кутку і пары пакаёвых раслін у ім нічога няма. Фота: Алена Бадзьіна.

Случчанка Ларыса Грыгаровіч паўгода ходзіць на працу і проста сядзіць у кабінеце. За гэта яна атрымлівае заробак 270 рублёў. Шэсць месяцаў жанчына просіць кіраўніка даць ёй падпрацоўку або скараціць. Але нічога пакуль не змянілася.

Ларысе Грыгаровіч 51 год, 25 гадоў яна прапрацавала сацыяльным работнікам. Працу памяняла па стане здароўя. 19 снежня 2017 года яе прынялі загадчыцай пункта пракату гарадскога стадыёна.

Па словах Ларысы Грыгаровіч, пры прыёме дырэктар сказаў, што праца ёсць зімой, а ў цёплую пару года — падпрацоўка ў білетнай касе.

«Узімку я выдавала канькі, лыжы, вяла касу, праца мне падабалася, — кажа жанчына. — Але надышла вясна, наведвальнікаў не стала. Калі адкрылася каса стадыёна, то аказалася, што там ужо працуе пенсіянерка. А мне дырэктар сказаў: «Ідзіце і сядзіце ў кабінеце».

Ларыса ўжо паўгода кожны дзень прыходзіць на працу і 7 гадзін сядзіць за пустым сталом у кабінеце, а па суботах — пяць гадзін.

«Псіхалагічна гэта вельмі цяжка і прыгнятае. Чалавек на працы павінен нешта рабіць, — кажа Ларыса Грыгаровіч. — Акрамя таго, на 270 рублёў цяжка пражыць, у мяне ёсць дачка-школьніца. Я прасіла даць падпрацоўку або скараціць. Але мне нічога не прапаноўваюць».

Ларыса Грыгаровіч сядзіць у касе пункта пракату, але ў цёплую пару года наведвальнікаў няма. За паўгода жанчына звярталася ва ўпраўленне па адукацыі, спорту і турызму Слуцкага райвыканкама, у чыім падпарадкаванні знаходзіцца стадыён, ва ўпраўленне па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне, да старшыні Савета дэпутатаў і іншыя інстанцыі.

У красавіку на прыёме старшыня Слуцкага райвыканкама сказаў яе працадаўцам: «Калі няма працы — скарачайце». Але загаду на скарачэнне так і няма.

Як патлумачыў «Кур'еру» дырэктар стадыёна Генадзь Паніч, на гэтую пасаду лепш браць супрацоўніка на сезон, што зэканоміць і бюджэтныя сродкі.

«Ларыса Грыгаровіч — добрасумленны работнік, прэтэнзій да яе няма, — кажа Андрэй Нядзелька, начальнік упраўлення па адукацыі, спорту і турызму Слуцкага райвыканкама. — У пункце пракату працы, сапраўды, больш зімой, чым летам. Ролікі, тэнісныя ракеткі, мячы не так запатрабаваныя, як канькі і лыжы, але мы збіраемся пашыраць асартымент.

Ларысе Міхайлаўне прапаноўвалася летам падпрацоўваць рэманціроўшчыцай — мыць сядзенні на стадыёне перад матчамі, але яна не пагадзілася. Іншых вакансій няма. У яе ёсць магчымасць падпрацоўваць у іншай арганізацыі, законам гэта не забаронена. Скарачаць пасаду загадчыцы пунктам пракату не плануецца. Калі не задавальняе характар працы, яна мае права скасаваць працоўны дагавор па пагадненні бакоў».

Кур'ер

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура