Праект партала
Дома
01.09.2018 / 08:51
Незвычайнае ў звычайным: РЭЦЭПТ пасты з рыкотай і шпінатам 8

Паспрабуйце ўвесці ў гугл-перакладчыку назву «рыкота», і ён перакладзе яго з італьянскай мовы як тварог. Таму год 10 таму, калі я ўпершыню пачула пра соус да макарон з рыкотай-тварагом, мой апетыт неяк пагас. Але ўпэўненасць у тым, што ў італьянскай кухні няма нясмачных страў, усё ж падштурхнуў мяне пакаштаваць pasta con ricotta. На маю радасць, страва аказалася вельмі смачная!

Праз нейкі час я усё ж даведалася, што ніякі гэта быў не тварог, а традыцыйны італьянскі свежы сыр. Рыкота гатуецца з сыроваткі пераварваннем (што і знайшло адлюстраванне ў самой назве ricotta — «перавараная») і выкарыстоўваецца для гатавання як салёных, так і салодкіх страў.

Ніжэй вы знойдзеце рэцэпт соусу для макароны з традыцыйным спалучэннем смакаў рыкота-шпінат. Смачна есці!

На 4 порцыі:

  • 400 г макароны;
  • 250 г рыкоты;
  • 200 г вяршкоў, 20%;
  • 3 зубчыкі часнаку;
  • 200 г шпінату (свежы ці замарожаны);
  • галінка чабору;
  • соль-перац;
  • аліўкавы алей;
  • кедравыя арэхі і пармезан да смаку.

Макарону варым у салёнай вадзе. У гэты час гатуем соус. Дробна наразаем шпінат і часнок. Рыкоту змешваем з вяршкамі. На патэльні разаграваем алей, дадаём часнок, дамо трохі падсмажыцца. Далей дадаём шпінат, накрываем патэльню накрыўкай і пакідаем на хвілін 5 на сярэднім агні. Калі мы пабачылі, што шпінат згатаваўся (стаў мяккі і пацямнеў), дадаём рыкоту з вяршкамі. Солім і перчым, дадаём лісцікі чабору. Даём соусу закіпець, памешваючы. Калі соус стаў занадта густы, можна дадаць некалькі сталовых лыжак вады з-пад макароны.

Соус змешваем з макаронамі, пасыпаем пармезанам ці іншым вашым упадабаным цёртым сырам і кедравымі арэшкамі да смаку.

Фота: aseasyasapplepie.com.

Вольга Чарнова

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура