Праект партала
Навокал
30.08.2018 / 14:12
Беларускі фільм «Крышталь» — кіно пра скажоную, быццам праз крышталь, рэчаіснасць ФОТЫ 10

Сёння ў шырокі пракат выходзіць фільм беларускай рэжысёркі Дар’і Жук «Крышталь». Кіно ўжо сабрала вакол сябе дастатковую долю хайпа, ці, як казалі ў 1990-я, ажыятажу.

Сюжэт фільма такі. Жыхарка Мінска Эвеліна (Веля) марыць вырвацца ў ЗША, каб там стаць дыджэем. Каб атрымаць візу, патрабуецца стабільнае месца працы з высокім заробкам, якой у дзяўчыны, зразумела, няма. У графу «тэлефон працадаўцы» яна запісвае выпадковы нумар. Але на сумоўі ёй паведамляюць, што цягам тыдня па тым нумары патэлефануюць, каб спраўдзіць інфармацыю, якую Веля напісала ў анкеце. Гераіня збірае рэчы і едзе да гаспадароў тэлефона, якія жывуць у глыбінцы.

У правінцыялаў свае праблемы, яны рыхтуюцца да вяселля, і нават не адразу заўважаюць, што да іх у жыццё уварвалася Эвеліна, якая ні перад чым не спынецца, каб нарэшце з’ехаць у запаветны Чыкага.

Фільм атрымаўся супярэчлівым, шматгранным. Тут табе і камедыя, і гратэск, і сапраўдная драма. І ўсё гэта на фоне крышталя. Гераіня едзе ў мястэчка Крыштальны, дзе працуе завод, крышталь амаль пастаянна трапляецца ў кадры. Ён быццам нагадвае, што мары галоўнай гераіні крохкія, як крышталь, і могуць разбіцца ў любы момант.

На перадпаказе фільма ў кінатэатры «Масква» 29 жніўня

— Для мяне крышталь у фільме — гэта метафара чагосьці «псеўда», чагосьці несапраўднага, — дзеліцца думкамі выканаўца ролі Эвеліны акторка Аліна Насібуліна. — Гэта рэчаіснасць, якая толькі падаецца маёй гераіне. Калі глядзець праз крышталь, разумееш, наколькі ўсё скажаецца навокал.

Выканаўца галоўнай ролі акторка Аліна Насібуліна 

Сапраўды, чым бліжэй да фіналу, тым больш разумееш, наколькі скажаюцца вобразы герояў, якія спачатку падаваліся табе станоўчымі. Хто яны, гэтыя героі? Людзі, якія расчараваліся ў жыцці або наогул ад яго нічога не чакаюць. Людзі, якія страцілі надзею або, наадварот, жывуць толькі ёй. Людзі, якія змагаюцца за сваё месца ці тыя, што жывуць, таму што «так трэба», «як усе».

Вельмі шчымліва на гэтым фоне глядзіцца маналог вясковага міліцыянера, ролю каторага сыграў Анатоль Голуб.

Акцёр Анатоль Голуб разам з драматургам Андрэем Курэйчыкам

Віктар Марціновіч

Міліцыянеру баліць, што праз браканьераў у мясцовым возеры амаль не стала рыбы, што на світанку ўжо не навудзіш рыбу.

— Мала такіх рэжысёраў, як Даша, — кажа Анатоль Голуб. — Яна прымушала нас рэпетаваць сцэны. Збярэ нас з галоўнай гераіняй і кажа: «Пагналі!» Але працавалася мне добра. І герой мне падабаецца сваёй чалавечнасцю.

— Так, я люблю памучыць акцёраў, — падхоплівае думку Анатоля Голуба рэжысёрка Дар’я Жук. — Напрыклад, я ніколі не пішу сцэнары «пад кагосьці». Не выдаю акцёрам праязных білетаў, мне цікавей, калі яны мучаюцца на кастынгу. Тады і ролі атрымоўваюцца асэнсаванымі, напоўненымі.

Рэжысёрка карціны «Крышталь» Дар'я Жук

Здымачную групу прадставіў генеральны прадзюсар фільма Валер Дзмітрачэнка

Дзеля справядлівасці варта сказаць, што ёсць у самім фільме недакладнасці і «шурпатасці». Але яны не раздражняюць, а, наадварот, чапляюць. У герояў з глыбінкі вельмі ненатуральная «трасянка», пра якую яны часам наогул забываюцца, а ў падлетка Косціка наадварот, чыстае літаратурнае маўленне. Ну як так? Адкуль у пачатку 1990-х у глыбінцы драцэны і сучасныя сметніцы? Чаму галоўная гераіня быццам уклееная ў карціну? Настолькі яна сучасная і адрозная ад усіх.

Перад прэм'ерай у фае кінатэатра грала дыджэй

А пасля разумееш, што гэта не пра Мінск, не пра беларускую глыбінку, гэта — гратэск, перабольшанне, згустак усяго таго, што адбывалася тады, што адбываецца і цяпер.

Сцэна з вяселлем шыкоўная. І надзіманы лебедзь на «Волзе», і намаляваныя даляры на выкуп.

Вельмі парадавала сцэна, калі гераіні робяць вясельную прычоску: «Ну, Віка, паспіш акуратна, каб не разбурыла».

Дар’я Жук сказала ў інтэрв’ю, што здымала беларускае кіно пра беларусаў.

І ўсё ж, нічога з фільма не нагадала пачатак 1990-х менавіта ў Беларусі, у Мінску, бадай, акрамя песні «Песняроў» у аўтобусе і бюста Якуба Коласа на дыскатэцы. Кажуць, што ў Карлавых Варах у фільма быў іншы фінал.

«З палітычнай дэманстрацыяй, з транспарантамі «Чарнобыльскі шлях» і крыкамі «Свабоду-свабоду!», — піша ў фэйсбуку Тарас Тарналіцкі.

Фінал фільма адкрыты.

«Мая гераіня ўпёртая, — кажа Аліна Насібуліна, — і яе мара абавязкова збудзецца. Канечне, не так, як задумала яна. Не ў Амерыцы, а, магчыма, у Польшчы. Не стане яна дзіджэем, значыць, стане кімсьці іншым. Усё абавязкова збудзецца».

Галоўнае, што фільм усё ж такі вылучаны на «Оскар».

А Дар’я Жук, як прызналася яна сама, ужо ведае, хто ёй дапаможа шыкоўна выглядаць на чырвонай дарожцы.

Наталля Тур, фота Паўла Аксіновіча

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура