Праект партала
Тонус
25.08.2018 / 09:29
«Прамых поглядаў на сабе не заўважала. Мне здаецца, што цяпер гэта норма». Чаму дзяўчаты адмаўляюцца ад бюстгальтараў?40

Тры случчанкі расказалі «Кур'еру», чаму адмовіліся ад бюстгальтараў, як адчуваюць сябе без яго і як на гэта рэагуюць людзі.

Анастасія Грыненка: «Ну скажыце, гэта так цяжка зняць станік?»

Фота прадстаўлена Настассяй.

«Першы бюстгальтар з'явіўся ў мяне ў 15 гадоў — гэта быў падарунак маці. Я была рада, што стала дастаткова дарослай, каб прасіць яго. Часам насіла маміны станікі — з паралонам.

У мяне другі памер.

Зараз у паўсядзённым жыцці бюстгальтар не нашу. Надзяваю яго толькі тады, калі гэтага патрабуе адзенне. Напрыклад, вячэрняя сукенка або касцюм.

Без яго адчуваю сябе свабодна і сэксуальна. Калі ён на мне, з'яўляецца адчуванне скаванасці. Але невялікае, бо купляю дарагую бялізну за мяжой — камплект за $50-70. Імпартнае носіцца лепш, ды і якасць іншая.

Калі я без станіка, бабулі ці іншыя дарослыя могуць сказаць: «Ці не сорамна табе?» Але я не звяртаю на іх увагі. Ніколі не турбавалася тым, што пра мяне падумаюць людзі, асабліва чужыя людзі. Бо я ні пра каго з іх не думаю, дык чаму яны павінны думаць пра мяне. Я не абавязаная адпавядаць нічыім чаканням.

Наўрад ці дзяўчаты носяць бюстгальтары са зручнасці. Хутчэй за ўсё, для карэкцыі бюста, ну і нормы, прынятыя ў грамадстве, маюць не апошнюю ролю.

Случчанкі, не трэба саромецца. Рабіце ўсё, каб стаць хоць крышачку больш шчаслівымі і вольнымі. Не паспрабаваўшы, вы ніколі не даведаецеся, як гэта — не адпавядаць нормам. Ну скажыце, хіба гэта так цяжка зняць станік?»

Ірына Бранавец, 27 гадоў: «Ужо 10 гадоў хаджу без станіка»

Фота прадстаўлена Ірынай Бранавец.

«Першы бюстгальтар мне падарыла маці на маё 14-годдзе. Ён быў чорнага колеру, першага памеру і з зашпількамі спераду. Я была рада такому падарунку.

У 17 гадоў адмовілася ад станіка. Памятаю, быў гарачы дзень, і я вырашыла прагуляцца без яго. Мне спадабалася. Без бюстгальтара адчуваеш нейкую лёгкасць, а з ім — скаванасць.

Якую толькі я не купляла бялізну — усё адно некамфортна, быццам на мне нешта лішняе і яно мне перашкаджае. Спачатку саромелася хадзіць без яго, але пачуццё няёмкасці хутка развеялася, таму што мне было зручна. Вось ужо дзесяць гадоў так хаджу.

Грудзі ў мяне невялікія, таму падтрымліваць іх не трэба. Нават пасля першага дзіцяці я не адмовілася хадзіць без бюстгальтара.

Прамых поглядаў на сабе не заўважала. Мне здаецца, што цяпер гэта норма, і многія так ходзяць. Мама толькі казала, што так непрыстойна хадзіць, але ўжо прывыкла і не супраць.

Адзіны мужчына, які робіць мне кампліменты і цалкам падтрымлівае, гэта мой муж. Адкрыта не раўнуе. Наадварот, кажа, што я прыгожая, сэксуальная і мне не трэба нічога хаваць.

Цяпер прыходзіцца хадзіць у бюстгальтары, бо я ў дэкрэце і кармлю дзіця грудзьмі».

Валерыя Койка-Бялкоўская, 23 гады: «Грудзі павінны адпачываць»

«Першы топік для грудзей з'явіўся ў мяне недзе ў 13 гадоў. Станікі я чамусьці саромелася насіць, а вось з топікам было камфортна.

Сёння мой памер (другі) дазваляе мне адмовіцца ад бюстгальтара. Магу абысціся без яго, калі горача ці настрой лянівы. Вось часам прачнулася, надзела звычайную майку і пайшла на вуліцу. Узімку замест станіка адзяваю майку, а наверх — світар.

Адчуваю сябе камфортна. Навакольныя не звяртаюць увагі, бо для іх вачэй гэта незаўважна. Я не нашу празрыстыя блузкі, майкі з глыбокім выразам. Такога, каб саскі тырчалі, таксама не было. Стараюся выбіраць рэчы, каб тканіна была шчыльная або майка шырокая.

Тыя, у каго вялікія грудзі, носяць станікі для зручнасці, а тыя, у каго маленькія, таму што прывыклі ці «таму што так трэба». Дома наогул не варта іх насіць, тым больш спаць у іх, грудзі павінны адпачываць».

Што кажуць лекары

Пытанне, насіць бюстгальтар ці не насіць, выклікае шмат спрэчак сярод дзяўчат і лекараў. Ёсць меркаванні і вынікі розных даследаванняў, што не насіць станік — карысна, асабліва тым, у каго грудзі 1-2-га памеру. Яны радзей хварэюць на рак малочнай залозы, не адчуваюць дыскамфорту (нічога не душыць і не рэжа), заўважаюць, што грудзі сталі больш пругкімі.

Аднак цалкам адмовіцца ад бюстгальтара наўрад ці змогуць дзяўчаты, у якіх памер грудзей 3 і больш. Ім бялізна трэба для таго, каб падтрымліваць грудзі, інакш яны могуць абвіснуць.

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура