Праект партала
Густ
26.07.2018 / 17:07
У фразе «Нанясіце крыху парфумы» ключавое слова — «крыху»! Парады спецыяліста5

Лета — час лёгкіх тканін, лёгкай ежы, свежых напояў і такой жа бязважкай парфумы. Кансультант па прыгажосці Святлана Тамашэвіч расказала чытачкам «Нашай Ніны», як выбіраць парфуму летам, каб яна не перашкаджала ні вам, ні людзям, якія знаходзяцца побач.

Тое, як ад чалавека пахне, нашмат больш важна за тое, у што чалавек апрануты, лічыць Святлана.

Святлана Тамашэвіч 

І сапраўды, нават у звычайнай кашулі і джынсах чалавек падасца неймаверным, калі ад яго прыемна пахне, і гэтак жа лёгка адштурхне ад сябе, калі ад яго пахне непрыемна, хаця апрануты ён у звышдарагое і ўрачыстае адзенне.

Улетку асаблівую ўвагу неабходна надаваць не толькі гігіене, але і таму, як вы наносіце на сябе пах.

Парфумеры не дзеляць пахі на летнія і зімовыя. Але мы інтуітыўна абіраем на лета лёгкія тканіны, лёгкія стравы, таму і парфума павінна быць лёгкай.

Цяжкія, усходнія, салодкія, глыбокія пахі лепш пакідаць на восень-зіму, а вясной і летам карыстацца пахамі фруктовымі, кветкавымі, свежымі, цытрусавымі.

Французы кажуць, што ад жанчыны павінна пахнуць свежасцю, чысцінёй і крыху духамі. Ключавое слова ў гэтым сказе — крыху.

Летам скура больш разгарачаная, на такой скуры пахі раскрываюцца больш хутка, сакавіта, ярка. Трэба памятаць гэта, і каб не душыць людзей, якія вас акружаюць, сваімі духамі.

І правільна будзе духі, парфумаваную ваду пакінуць у спакоі да восені. А на лета дастаць туалетную ваду, ласьён ці парфумаваны гель для душа.

Body Mist — тое, што трэба на лета

Апошнім часам папулярнасць набіраюць так званыя «бодзі місты» — дымка, вэлюм, — сродак па доглядзе скуры твару і цела з парфумаваным эфектам.

Такая дымка не толькі ахутвае цела пахучым водарам, але і даглядае скуру, дзякуючы чаму цалкам можа канкураваць з традыцыйным малачком для цела і іншымі касметычнымі сродкамі.

Дымка для цела адрозніваецца вельмі лёгкай тэкстурай, якая дазваляе гэтаму касметычнаму сродку хутка ўбірацца ў скуру, не закаркоўваючы поры і не ствараючы адчування цяжару. Яна ўвільгатняе, змякчае, асвяжае, таму смела можа быць залічаная ў шэраг карысных і практычных касметычных сродкаў.

Не будзем забываць і пра іншую ролю Body Mist — араматызуючую. Дымка агорне ваша цела лёгкім вэлюмам прыемнага паху, прычым яе можна выкарыстоўваць як самастойны парфумны сродак.

Яшчэ важна звярнуць увагу на тое, у якой колькасці вы наносіце пах. Лічыцца, што ў халоднае надвор’е пах трэба аднаўляць раз на тры гадзіны, у гарачыню радзей. Але не трэба з раніцы наносіць на сябе столькі парфумы, каб хапіла на ўвесь дзень. Лепш цягам дня аднавіць пах.

Усе ведаюць, што пах трэба наносіць на гарачыя кропкі пульсу, але летам вазьміце за правіла карыстацца спосабам, які называецца «воблака Афрадыты».

Пах два разы наносіцца ў паветра, а затым вы ныраеце ў гэта воблака, кропелькі парфумы асядаюць у вас на скуры, на валасах.

І яшчэ адна парада: паспрабуйце летам наносіць пах не на запясці і ключыцу, а пад каленкі, на шчыкалаткі. Пах будзе падымацца ўверх, і вы ўвесь дзень будзеце адчуваць сябе ў абдымках любімага водару.

Наталля Тур, фота з архіву гераіні і з сайта pixabay.com

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура