Праект партала
Густ
17.06.2018 / 10:41
«Каб сын з дзяцінства разумеў, якое ў нас жыццё» — Ксюша і Арцём з NaviBand расказалі, як разам з нараджэннем Мацея прайшлі праз крызіс33

Працягваем цыкл пра важныя, сімвалічныя рэчы з жыцця розных беларусаў. Сёння мы папрасілі распавесці пра сваю абраную пяцёрку Ксюшу Жук з NaviBand.

Разам з ёй, мужам, музычным партнёрам і калегам Арцёмам Лук’яненкам, і іх сынам Мацеем сустракаемся ў Лошыцкім парку.

Ксюша, Арцём і Мацей.

Папаўненне ў іх творчай сям’і здарылася 1 мая. Мацею месяц з невялікім, але ён ужо мае пашпарт і візу, каб у хуткім часе адправіцца на гастролі ў Польшчу і Галандыю, браў удзел у запісе новай песні «Маладосць у кішэні» і нават 17 гадзін запар знаходзіўся разам з маці музыкаў па-за кадрам, пакуль здымаўся кліп на яе. Добра што, спевы бацькоў і рок-музыка, што пастаянна гучыць у доме, для Мацея пакуль — найлепшыя калыханкі.

«Нам важна, каб сын з дзяцінства разумеў, якое ў нас жыццё, што мы будзем ездзіць па гастролях, каб ён прызвычаіўся да гэтага рытму», — кажа Ксюша.

Яе маленькую бацькі-акцёры, якія гралі ў аматарскім тэатры «Жывое слова», таксама пастаянна «цягалі» з сабой. Сёння маці Наталля дапамагае маладым бацькам, пакуль яны працуюць на сцэне. Паедзе яна разам з імі і на гастролі.

Праўда, да сённяшняй лёгкасці ўспрымання новага статусу прыйшлося прыйсці. Ксюша і Арцём прызнаюцца, што на апошні месяц цяжарнасці выпаў своеасаблівы творчы крызіс, калі разам з немагчымасцю выступаць, што ціснула, на галаву сыпаліся розныя нялёгкія пытанні:

«Мы згадвалі, што ўжо паспелі зрабіць, паездку на Еўрабачанне, удзел у рэкламных кампаніях і думалі, куды рухацца далей. Пасля паспрабавалі адпусціць сябе, перастаць напружвацца і адказы на пытанні знайшліся самі сабой. Цяпер у нас новы творчы этап», — расказвае Арцём. Нават пасля месяца адпачынку ад актыўных выступаў яны «заскуголілі» і з нецярплівасцю вярталіся ў строй. «Музыка — гэта сапраўдны наркотык», — кажа Ксюша.

Сёння музыкі цалкам забяспечваюць творчасцю сваё жыццё і радуюцца, што ў імя фінансавай стабільнасці больш не трэба марнаваць сілы на выкананне кавераў ці ісці на дадатковую працу. Але ім хочацца «новых вяршынь і аўдыторый». Менавіта таму ўдзельнікі NaviBand плануюць больш выступаць за мяжой. 

А цяпер пра рэчы.

Амерыканскі палароід «Імпульс»

Гэты палароід — прывітанне з 90-х гадоў — сябры падарылі нам з Арцёмам на вяселле. Ён дазваляе рабіць толькі 8 фотаздымкаў, а касеты для яго ў Беларусі не дастаць, таму мы вельмі беражліва іх расходуем. Фіксуем толькі самыя значныя моманты з жыцця.

Адзін з іх якраз з нашага вяселля. На палароід таксама быў зроблены першы здымак Мацея і захаваны на памяць год з яго нараджэння.

Кадр з вяселля маладых.

Я выкладаю нейкія фотаздымкі з сынам у інстаграм, але спадзяюся, што мая старонка не ператворыцца ў мамскі блог, я б гэтага не хацела.

Здымак УГД

А гэты здымак для мяне таксама вельмі важны: тут сыну каля 20 тыдняў. Мы хутка даведаліся пра пол дзіцяці, хаця папярэдне спрачаліся, ці трэба нам гэта. Можа, лепш дазнацца, хлопчык гэта ці дзяўчынка адразу ў радзільні? Але ў выніку вырашылі не рабіць для сябе з гэтага сакрэт.

Мы не планавалі дзіця мэтанакіравана. Мы верым, што ўсё асаблівае прыходзіць у наша жыццё нездарма: і песні, і дзеці.

Калі я зацяжарыла, мая бабуля ўсё хвалявалася, раіла: «Надзявай на сябе што-небудзь аб’ёмнае, каб не бачна было жывата». Але хавацца было немагчыма: усё ж мы пастаянна навідавоку на канцэртах. Нават калі ў мяне яшчэ быў не бачны жывот, але ўжо павялічыліся шчокі, некаторыя пачалі пытацца, ці не цяжарная я. Мы доўга думалі, як можна прыгожа распавесці пра тое, якія змены ў нас адбываюцца. І тады ў хлопцаў узнікла ідэя ўключыць гэты намёк у кліп «А дзе жывеш ты?», хаця там ужо быў гатовы крыху іншы сцэнарый.

Праграма да спектакля Яўгена Грышкаўца

Да спектакля «Вагі» мы з Арцёмам напісалі музыку. І так сталася, што мы бачылі яго ажно тры разы запар на сцэне тэатра ММАТ. Ён вельмі вясёлы: пра тое, яе мужчыны чакаць сваіх жонак, якія нараджаюць, у радзільні.

Але Яўген для нас не проста чалавек, з якім мы супрацоўнічаем. Можна сказаць, што мы сябруем, актыўна перапісваемся: дасылаем адзін аднаму фотаздымкі з адпачынкаў, дзелімся творчасцю. Так, ён адным з першых паслухаў нашу песню «Маладосць у кішэні», яму вельмі спадабалася.

Сямейны пярсцёнак

Гэты пярсцёнак з золата і рубіну на 18-годдзе мне ўручыла бабуля Надзея. Ён — сямейная рэліквія, якую, так склалася, перадаюць з пакалення ў пакаленне. Маёй бабулі ў свой час яго аддала яе маці.

Пярсцёнак для мяне вельмі дарагі, таму я амаль яго не нашу, як і ў цэлым упрыгожванні. Справа ў тым, што я іх вельмі часта губляю. Заручальны пярсцёнак з дыяментам, з якім Арцём рабіў прапанову, і той згубіла.

Бабця «Падымі ручкі»

Такі абярэг мне падараваў Алег Хаменка. Ён нам нібы дзядзя, які заўсёды падтрымлівае, сочыць за нашым развіццём, перажывае.

Гэтая бабця нагадвае, што трэба сціскаць зубы і ісці наперад. Яна падняла рукі і нібыта заклікае: «Гэй, давай працуй, наперад!». Я заўсёды нашу яе з сабой, перакладаю з адной торбы ў іншую, таму яна ўжо крыху брудная.

Бабця была са мной нават на сцэне падчас выступу на Еўрабачанні. У белай сукенцы ззаду мелася дзве кішэні: у адной ляжала каробачка ад мікрафону, а ў другой — гэты, бадай што адзін з маіх нешматлікіх, талісман.

Кацярына Карпіцкая, фота Паўла Аксіновіча

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура