Праект партала
Дома
16.06.2018 / 10:23
Пераадкрыйце для сябе кабачок: свежы летні пірог РЭЦЭПТ 3

Я заўсёды лічыла кабачок прымітыўнай гароднінай. Што з яго згатуеш, акрамя аладак? Але апошнім часам ён пачаў раскрывацца для мяне як інгрэдыент, які вельмі добра сябруе з іншымі прадуктамі і надае стравам свежасць.

Сёння падзялюся з вамі рэцэптам пірага з кабачком і сырам фета. Так, мы будзем ужываць яшчэ шмат розных інгрэдыентаў, але менавіта яны дапамагаюць кабачку раскрыцца. Вы можаце апусціць некаторыя складнікі (напрыклад, не рабіць крышыва), але раю вам паспрабаваць зрабіць першы раз менавіта па гэтым рэцэпце. Асаблівы смак тут надае лімонная цэдра. Смачна есці!

Пясочнае цеста:

  • 100 гр. масла;
  • 200 гр. мукі;
  • 1 яйка;
  • 1/4 ч. л. солі.

Халоднае масла нарэзаць кавалкамі, дадаць муку і соль, змяшаць. Дадаць узбітае яйка і сталовую лыжку халоднай вады і вымесіць гладкае цеста. Абгарнуць плёнкай і пакінуць у халадзільніку на паўгадзіны.

Раскачаць цеста, пакласці ў вышмараваную маслам форму. Пры гэтай колькасці інгрэдыентаў пасуе форма дыяметрам 26 см. Патыкаць цеста відэльцам, запякайце без начынкі хвілін 10 пры 180 градусах (можна выкласці пергамент з фасоллю ці гарохам на цеста, каб яно не змяніла сваёй формы).

Заліўка для пірага:

  • 250 гр. нятлустай смятаны;
  • 2 яйкі;
  • соль, перац;

Змяшаць смятану з яйкамі, дадаць соль і перац на смак. Такія складнікі цеста і заліўкі можна выкарыстоўваць для любога салёнага начыння (грыбы, цыбуля, брокалі і г. д.).

Крышыва з пармезану:

  • 25 гр. масла;
  • 25 гр. мукі;
  • 25 гр. пармезану (ці іншага цвёрдага сыру).

Нацерці пармезан, змяшаць з мукой і маслам, каб атрымалася крышыва.

Начынка:

  • 1 кабачок (300—400 гр.)
  • 100 гр. сыру фета;
  • 1 зубчык часнаку;
  • цэдра 1 лімона;
  • 2 ст. л. алею.

Кабачок нацерці на буйной тарцы, прамакнуць папяровым ручніком, каб прыбраць залішнюю вільгаць. Нарэзаны часнык і цэдру падсмажыць на алеі, дадаць кабачок і амаль адразу прыняць з агню. Сумесь астудзіць і дадаць фету, размятую відэльцам.

На выпечанае цеста пакласці начынку, дадаць заліўку. Запякаць 20 хвілін пры 160 градусах. Пасыпаць крышывам і пакінуць у духоўцы яшчэ на 10 хвілін, павысіўшы тэмпературу да 180.

Вольга Чарнова

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура