Проект портала
Рост
07.06.2018 / 18:24
Главное — о новом феминистском романе Юлии Шаровой6

Пісьменніца Юлія Шарова на краўдфандынг-платформе «Вулей» пачала збор грошай на выданне свайго новага рамана «Вяртанне Ліліт», першыя чарнавікі якога з’явіліся яшчэ ў 2013 годзе. На 250 старонках будзе расказвацца пра сучасны Мінск з яго ўніверсамам «Цэнтральны», Акрэсціна і новымі героямі пакалення — блогерамі.

Для Юліі гэта другі буйны раман. За першы, «Don Giovanni, або Памілаваны свавольнік», у 2013 годзе пісьменніца стала лаўрэаткай прэміі «Дэбют» імя М. Багдановіча. І калі галоўным героем дэбютнай кнігі быў мужчына Дон Жуан, то сусвет новага выдання круціцца вакол жанчыны Ліліт, «першай жонкі Адама, якая пакінула Рай і не прыжылася ў Пекле. За гэта Бог і Д’ябал змусілі яе падпісаць угоду, паводле якой Ліліт мусіць бясконца ўвасабляцца ў зямных жанчын і жыць сярод людзей. Пабадзяўшыся па свеце, яна ўрэшце трапляе ў сучасны Мінск…».

Убачыўшы ў анатацыі да кнігі такія цікавыя вобразы, як газета «Наша Нядоля», блогерка Галя, карты Таро і анёл-праграміст, мы вырашылі распытаць у аўтаркі пра тое, наколькі свет яе выдання блізкі да рэалізму.

«Ніна»: Мінулы раман на 600 старонак вы пісалі 10 год. Новы выйшаў карацейшым і «хутчэйшым». Але ўсё адно: як вы размяжоўвалі пісьменніцкую працу з іншымі абавязкамі?

Юлія Шарова: 21 чэрвеня 2017 года я завітала на кніжны кірмаш і набыла там паганскае таро. Была акурат Літа, паганскае свята летняга сонцастаяння, дужа містычны дзень. Я вярнулася дадому і адчула жаданне сесці і перагледзeць чарнавікі новага рамана, якія мела недзе з 2013 года. І спакваля ўцягнулася ў напісанне.

Юля Шарова.

Як многія сучасныя людзі, я маю нешта кшталту сіндрому дэфіцыту ўвагі, таму завісаю на вялікіх аб’ёмах працы. Калі ж рабіць справу дробнымі кавалачкамі і ўвесь час пераключацца на нешта іншае, то працэс будзе рухацца.

Я вырашыла пісаць кароткія раздзелы, чаргаваць сюжэт з рознымі ўстаўкамі (зацемкі з блогаў, інфармацыя з крымінальнай хронікі, запісы з журналу тэлефанаванняў або ўрыўкі з аповесці, якую стварае адзін з персанажаў рамана). Калі пішаш тэкст маленькімі блокамі, штодня бачыш нейкі вынік. Гэта выдатна стымулюе рухацца далей. У выніку першы цэльны чарнавік быў гатовы недзе напачатку лістапада. Пазней я яго рэдагавала і мела ўжо другі, вычышчаны чарнавік на пачатку снежня.

«Ніна»: Урыўкі з «Don Giovanni, або Памілаваны свавольнік» вы першапачаткова адмыслова шыфравалі пад мужчынскім імем. Новы ж пачалі рэкламаваць у фэйсбуку адразу, калі ён яшчэ не быў гатовы. Дзяліліся ўсімі падрабязнасцямі пісьменніцкай кухні. Містыфікацыя не працуе, працуе актыўная самарэклама?

ЮШ: Першы раман існаваў у двух варыянтах. Спачатку я даслала рукапіс на конкурс ПЭН-цэнтра для маладых літаратараў і падпісалася мужчынскім псеўданімам. Мне было 26 год, і я меркавала, што гэта цікавая гульня. Потым я той варыянт схавала ад усіх і ў 2010-2011-м цалкам перапісала і ўвайшла ў літаратуру пад уласным імем. Прэмію «Дэбют» я атрымала як Юлія Шарова, які сэнс мудраваць з псеўданімамі? Сам факт атрымання такой прэміі дазваляе сказаць: так, я пісьменніца, цяпер я пішу новы раман, вось можаце пачытаць урывак.

Дарэчы, сёлета я выдам першы раман у новай рэдакцыі, ён будзе даступны ў электронным выглядзе.

«Ніна»: Каму ў сучасным свеце патрэбныя карты таро і астралагічныя прагнозы, пра якія вы пішаце ў «Вяртанні Ліліт»?

ЮШ: Я не сацыёлаг, каб адказваць на такія пытанні. У сучасным свеце такія людзі дакладна ёсць, у тым ліку ў Беларусі.

«Ніна»: Ужо цяпер, нават не чытаючы кніжку, у апісанні да яе многія бачаць сябе. Вы гатовыя рэагаваць на крыўды ў сувязі з гэтым? І які ў вашай кнізе працэнт персанажаў, спісаных з рэальных людзей?

ЮШ: У рэалістычнай літаратуры (а рэалізм я шаную і да яго прыёмаў звяртаюся) ёсць такі прынцып мастацкай тыпізацыі. То бок, у адным героі праглядаюцца рысы розных людзей, а жыццёвыя акалічнасці, у якія персанаж трапляе, вынікаюць з логікі ягонага характару, нават калі ў рэчаіснасці з прататыпамі нічога падобнага не здаралася. Калі спісваць героя з аднаго сараўднага чалавека, такога эфекту можа не быць.

Мне цікавы феномен сеціўных Багіняў, я чытаю многіх, вядомых і не вельмі. Гэта выдатная тэрапія: назіранні за Багінямі дапамагаюць хуценька стрэсці зіхоткі німб з уласнага чала і вярнуцца з нябёсаў на зямлю. У вобразе Галі Плавінскай чытачы ўжо цяпер знаходзяць рысы розных жанчын. І гэта правільна. Тое ж самае з «Нашай Нядоляй» — кожны носіць сваю НН у думках і ў сэрцы.

«Ніна»: Як вы вызначаеце жанр кнігі?

ЮШ: Хацелася б назваць гэта феміністычным раманам з элементамі магічнага рэалізму і сацыяльнай сатыры, але раптам будзе няправільна. Няхай з тэрміналогіяй разбіраюцца спецыялісты.

«Ніна»: Чаму ваша кніга, акрамя іншага, пра жаночыя праблемы? Якія эпізоды з жыцця беларусак там будуць усплываць, і чаму яны важныя для вас?

ЮШ: Хатні гвалт, таксічныя стасункі маці і дачок, нездаровыя стасункі з мужчынамі, якія баішся разарваць, праблема эканамічнай залежнасці ад мужчыны, неабароненасць жанчыны з маленькім дзіцём…

Я даволі часта сутыкаюся з жанчынамі, якіх жыццё заганяе ў кут. Часам я бачу ў іх сябе імаверную: што было б са мной, калі б я на тым ці іншым этапе сваёй біяграфіі засталася «добрай дзяўчынкай». Я жывая, здаровая, маю свабоду манеўраў, бо мне пашэнціла. А іншым — не. Вось у дачыненні да іх хочацца аднавіць нейкую справядлівасць.

«Ніна»: Вы пазначылі, што гэта кніжка «для дзяўчынак». Што здарыцца з мужчынам, які прачытае яе?

ЮШ: Не проста «для дзяўчынак», а «для добрых дзяўчынак». А што здарыцца з мужчынамі, мне і самой цікава. Іх, дарэчы, на дадзены момант болей сярод замоўцаў кнігі.

«Ніна»: Чаму вы збіраеце на платформе менавіта 1200 рублёў на выданне? Гэтага дастаткова для ўсіх выдаткаў?

ЮШ: Разлікі вяліся для мінімальнага накладу, траціну якога гатовае надрукаваць сваім коштам выдавецтва «Янушкевіч». Таму сума збіраецца на дзве траціны накладу, плюс аплата паслугаў карэктара. Калі грошай збярэцца болей, наклад будзе павялічаны (пакуль разлічваем на 300 асобнікаў), а сабекошт кнігі — зніжаны. На жыццё з гэтых грошай я не вазьму ніводнай капейкі. Мне ёсць з чаго жыць, але выданне кнігі сваім коштам ды яшчэ і вялікім накладам я пакуль не магу сабе дазволіць.

«Ніна»: Ужо маюцца задумы на будучыя кнігі?

ЮШ: Так. У прыватнасці пра цмока, які вылупіўся з яйка. Толькі яго не мужчына прыгрэў, а жанчына. Што з гэтага атрымалася, я пакуль сама не ведаю. Рана ці позна прыдумаю. Мажліва, набуду таро цмокаў — і сюжэт сам сабой прыйдзе.

Гутарыла Кацярына Карпіцкая

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРОЕКТ2 материала Шура-бура