Праект партала
Дома
02.06.2018 / 10:18
Ваш ратаўнік у гарачае надвор'е: найсмачнейшы халаднік РЭЦЭПТ26

Нашы продкі пакінулі нам прыўкрасны спосаб перажыць спёку: халодныя супы! Калі нічога іншага есці не хочацца, а падсілкавацца трэба, яны зойдуць за мілую душу.

Колькі сябе памятаю, як толькі тэмпература падымалася вышэй за 20 градусаў, у нашай сям’і гатаваліся халаднікі: з бураком, з бацвіння, са шчаўя і крапівы. Але самы мой улюблёны варыянт — халаднік з бураком і кефірам. Гатуецца вельмі проста, насычае і ахалоджвае!

Складнікі на 4 порцыі:

  • 500 гр. бурака;
  • 4 шклянкі кефіру (не вельмі тлустага);
  • 1 шклянка вады;
  • 4 яйкі;
  • 1 агурок;
  • зялёная цыбуля;
  • кроп;
  • 4 ст. л. смятаны;
  • соль;
  • воцат.

Буракі зварыць ці запячы. Асабіста я больш люблю запякаць: падаецца, што бурак тады мае больш насычаны смак і колер. Для запякання дастаткова капнуць алеем на бурак, загарнуць яго ў фольгу і пакінуць у духоўцы на гадзіну пры тэмпературы ў 180 градусаў (можна пакласці скруткі з бураком у духоўку, пакуль там выпякаецца нешта іншае, каб ашчадзіць час).

Гатовыя ахалоджаныя буракі трэба пацерці на тарцы. Заліваем іх кефірам і вадой (можаце дадаць больш вады, але мне падабаецца менавіта густы, кефірны халаднік). Солім, дадаём воцат па смаку.

У талерку крышым агурок, зялёную цыбулю, кроп (калі ёсць жаданне, можна пакрышыць радыску), кладзём яйка. Заліваем бураком з кефірам, запраўляем смятанай. Прыўкрасна ідзе і з запечанай бульбай, і з чорным хлебам.

Смачна есці!

Вольга Чарнова

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура