Праект партала
Густ
27.05.2018 / 12:24
«Маленькая чорная сукенка» ад Guerlain і машынкі: пяць любімых рэчаў спявачкі Паліны Рэспублікі11

У новай рубрыцы «Пяць рэчаў» знаёмім вас з любімымі, часам лёсавызначальнымі рэчамі беларусаў/к. Без іх яны слаба ўяўляюць сваё жыццё, бо з імі звязаныя шмат важных падзей і эмоцый.

Сёння пра тое, што дакладна будзе або ў яе торбе, або ў кішэнях, расказвае спявачка Паліна Рэспубліка.

Паліна Рэспубліка.

— Я працую над новым альбомам, які мушу выдаць восенню. Працэс ідзе больш павольна, чым хацелася б, бо я паставіла задачу зрабіць усё сама: ад напісання музыкі да запісу і звядзення. Я хачу зразумець спецыфіку ўсіх этапаў, бо толькі тады песні становяцца нечым большым: гэта ўжо мастацкія творы пра тое, што ты думаеш і адчуваеш. Першы трэк ад мяне новай пад імем Palina ужо можна паслухаць: я прысвяціла яго Іосіфу Бродскаму.

Калі разглядаць перыяды пасля нараджэння сына і да яго, то жыццё, вядома, змянілася. Але не таму, што з’явіўся Сцяпан. Проста разам з гэтым паралельна ў мяне скончыўся і пэўны перыяд у творчасці. Акрамя таго, я атрымала дыплом. Карацей, жыццё стала іншым. Спачатку было цяжка, але ў выніку я бачу, што мы са Сцяпанам адзін на аднаго добра ўплываем. Ён дазволіў зрабіць мой рытм больш арганічным.

Я хачу працягваць займацца музыкай. Як мінімум, паспрабаваць. Але мне цікавыя і іншыя творчыя штукі кшталту відэа ці графікі. Я пераключаюся на іх, калі трэба змяніць від дзейнасці, і такім чынам з новых крыніц чэрпаю дадатковую энергію. Па графіку з 9.00 да 18.00 сёння я не змагла б працаваць, гэта дакладна: усё ж у мяне ёсць зарэзерваваны час на сям’ю і на заняткі музыкай. З працай у офісе гэта спалучыць цяжка.

Пяць любімых рэчаў актрысы Купалаўскага: «Заўсёды нашу з сабой болт: ёсць прыкмета, што гэта да паспяховасці»

Паходная клавіятура

Я набыла гэтую мідзі-клавіятуру восенню, калі трэба было ехаць у Швейцарыю. Цягнуць туды свой традыцыйны 9-кілаграмовы інструмент было б вельмі нязручна.

Цяпер яна са мной заўсёды, як і комп: падключаешся — і можна пісаць музыку ў любым месцы. Нават у ложку, калі паклала малога спаць. Апошнім часам уся новая музыка нараджаецца менавіта на гэтай клавіятуры.

Любімы пах

Духі ад Guerlain «Маленькая чорная сукенка» — апошні пах з тых, што мяне захапіў. Ён вішнёвы. Цікава, што любоў з ім адбылася яшчэ год пяць таму, і толькі гэтай зімой духі мне падарыла сяброўка.

Яны не танныя. Класу «Шанэль». Але мой сын пра гэта дакладна не ведае: нядаўна я застала яго за тым, як ён мыў імі балконныя дзверы.

Я даўно фанацею ад пахаў. Памятаю, раней магла пачуць нейкі на вуліцы, а пасля шукаць яго, каб набыць.

Духі захоўваюць у сабе час. Таму я не карыстаюся тымі, якія былі ў мяне, напрыклад, у 9-м класе. Яны пра той час. А сёння — іншы.

Кніжка-настаўнік

Гэта выданне — пра гісторыю новай музыкі праз імёны музыкаў. Тэксты змяшчаюцца ў фармаце інтэрв’ю.

З дапамогай гэтай кніжкі я адкрыла для сябе шмат цікавых біяграфій і вынесла з яе думкі, што змянілі мой музычны светапогляд. Яна як настаўнік, якога заўсёды можна захапіць з сабой.

Пасля кожнай гутаркі тут надрукаваныя спасылкі на розныя іншыя матэрыялы. І я стараюся дадаткова гугліць пра невядомых мне людзей.

А кветкі, якія ў ёй схаваныя, гэта толькі малая частка з тых, што я засушыла. Я не ствараю ікебана. Проста выкарыстоўваю іх у мэйкапе на канцэртах. І гэтых кветак у мяне ўжо насушана столькі, што хапіла б на салідны час для штодзённых выступаў цэлага хору.

Кімано-трансформер, дыванок для ёгі і іншыя любімыя рэчы Кацярыны Саковіч

Цацачныя машынкі

Машынак у нас дома назбіралася каля сотні. І куды б я ні паехала, яны амаль заўсёды са мной у кішэні: каб, калі будзе неабходнасць, сына можна было імі заняць.

Я іх прывожу Сцяпану з гастроляў сама, і радуюся больш за яго, калі нехта дорыць нам — атрымліваю ад іх эстэтычнае задавальненне. Акрамя гэтага, мой бацька быў гоншчыкам, займаўся аўтамабільным спортам, таму машынкі ў нейкім сэнсе сімвал яго.

Любімыя завушніцы

Я не фанат упрыгожанняў і касметыкі. Мне гэта нецікава. Пашанцавала, што сяброўка можа на канцэрты і мэйкап зрабіць, і нешта з завушніц пазычыць.

Тыя, што на мне — адзіныя, што маю цяпер Я прывезла іх са Львова, дзе апошнія гады бываю вельмі часта. З крамы «Щось Цікаве», што на плошчы Рынак. Гэта ў цэнтры і з аднаго боку там турыстычны калапс, але менавіта ў дворыку старога дома, дзе прадаюцца гэтыя вырабы, вельмі спакойна. У Львове нас многія ведаюць, таму кожны раз вяртаешся туды як дадому.

Дзякуем кавярні Stories за месца, прадстаўленае для фотаздымак.

Кацярына Карпіцкая, фота Волі Афіцэравай

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура