Праект партала
Гісторыі
15.05.2018 / 14:10
«Усе ўсё ведалі». Следам за алімпійскай чэмпіёнкай Корбут былыя гімнасткі кажуць пра дамаганні трэнера65

«Я была сэкс-рабыняй», — у 1999 годзе чатырохразовая алімпійская чэмпіёнка Вольга Корбут распавяла, што трэнэр Рэнальд Кныш гвалціў яе некалькі гадоў. Амаль два дзесяцігодзьдзі гэтыя словы заставаліся без падтрымкі іншых, пра гэта расказваюць у расследаванні «Радыё Свабода» чатыры былыя вучаніцы Рэнальда Кныша..

Сэксуальныя цацкі, порначасопісы, рэгулярныя дамаганьні ў машыне, псыхалягічны гвалт — пра гэта расказваюць чатыры былыя вучаніцы Рэнальда Кныша. Сам ён называе гэта «чыстым паклёпам».

«Думала, ніколі ў жыцьці не дажыву, калі ўсе даведаюцца. Ён быў падонкам, зьдзекаваўся з нас. Думала: няўжо ён не адкажа за свае ўчынкі страшныя?» — кажа каляжанка Вольгі Корбут Галіна Часноўская, былы трэнэр, выкладчык спартовай гімнастыкі, майстар спорту СССР.

Вольга Корбут з залатым алімпійскім мэдалём на Алімпіядзе ў Мюнхене ў 1972 годзе

1960-я. «Гарэм Кныша прыехаў»

Галіне Паўлаўне Карчэўскай (Грыбок) цяпер 72-і год. Яна трэнавалася ў Рэнальда Кныша 8 гадоў, прыблізна з 1958 па 1966.

Галіна Паўлаўна Карчэўская (Грыбок) — майстар спорту, уваходзіла ў зборную СССР у спартовай гімнастыцы. Удава заслужанага трэнэра Рэспублікі Беларусь Ўладзімера Карчэўскага.

Галіна Паўлаўна Карчэўская (Грыбок) — майстар спорту, уваходзіла ў зборную СССР у спартовай гімнастыцы. Удава заслужанага трэнэра Рэспублікі Беларусь Ўладзімера Карчэўскага.

«Уявіце: у яго (Рэнальда Кныша. — РС) машына «Волга». Мы, дапусьцім, у клясе сёмай. Мне было гадоў 14. Пад шостую гадзіну ты прыходзіш (на трэніроўку. — РС), да паловы на 11-ю ён будзе трымаць. Далей душ і ўжо адзінаццаць. Дахаты ісьці — «сядайце ў машыну, я адвязу». І каго ўжо апошнюю вязе…

А я жыла на ўскрайку гораду. Ён высаджвае адну, высаджвае другую, пасьля вязе мяне. Пачынаюцца дамаганьні. Я, вядома, рукамі-нагамі (адбіваюся. — РС), я фізычна моцная была, і я з братамі старэйшымі расла ў сям’і, заўжды адчувала сябе абароненай. Вязе далей у лес, у нас адразу за горадам Чэхаўшчына. Гэта ўжо амаль поўнач. Машына спыняецца, я выскокваю ў гэты лес. Ён разварочваецца і зьяжджае.

А я панічна баялася цемры. Цемра, ноч, лес, я іду, у мяне ня тое што гусіная скура, я ўся дрыжу. Праз 20 хвілін ён вяртаецца: «Сядай, штанга». Месяцамі я выціскала гэтую штангу».

Разам з Галінай трэнавалася яе сяброўка Людміла Рабкова. Дзяўчаты дзяліліся паміж сабою тым, як паводзіць сябе трэнэр.

«Я сама мо сорак кіляграмаў ня важыла. Пяцьсот выцісканьняў! 500! Я вам пакажу», — Галіна Паўлаўна пасярод пакою сваёй кватэры ў Горадні паказвае, як «адпрацоўвала» непакорлівасьць трэнэру. — «Бярэш яе, падымаеш на плечы, выціск, назад за плечы, апускаеш і падскок — «адцягвай мысочкі». Пяцьсот! Я такое раблю ўсю трэніроўку! Тыднямі! А Рабковай — «вугалкі»».

«Вось скажыце: ён хацеў выніку ці ён хацеў уладараньня над табой? Поўнай пакоры?» — рытарычна пытаецца яна.

Раз-пораз падчас такіх «падвозаў», калі Галіна бачыла, што машына завяртае «ў лес», выскоквала зь яе на хаду.

«Дамаганьні былі да ўсіх, абавязкова. Я пачала трэнавацца з 12 гадоў, позна прыйшла ў гімнастыку. А з 15 гадоў ён стаў дамагацца», — апавядае Людміла Рабкова. — Я ўся трэслася, калі ён мяне апошняй вёз. Прыйдзеш дахаты, мама пытаецца: «Што з табой, ці не траўмавалася?». А я адказваю: «Не, проста стамілася». Калі б бацькі даведаліся, то тата мой, афіцэр, яго дакладна прыстрэліў бы».

Людміла Сяргееўна Рабкова — майстар спорту, уваходзіла ў зборную СССР у спартовай гімнастыцы.

Людміла Сяргееўна Рабкова — майстар спорту, уваходзіла ў зборную СССР у спартовай гімнастыцы.

Ужо ў 60-я гады, распавядае Людміла Сяргееўна, Кныш прывозіў з замежных паездак сэксуальныя цацкі і паказваў іх у залі.

— У Токіё (Алімпіяда там была ў 1964 годзе) ён езьдзіў як турыст, бо Ваўчэцкая (Алена Ваўчэцкая — алімпійская чэмпіёнка, вучаніца Р. Кныша. — РС) там выступала за каманду. І прывёз адтуль такія цацкі, і паказваў, і «хі-хі-хі», і «ха-ха-ха». Адчыняеш, а там выскоквае…

— Чэлес?

— Так.

— І былі іншыя дзяўчаты пры гэтым?

— Вядома, былі. І меншыя былі.

— А навошта ён гэта рабіў?

— А яго трэба спытаць. А ён скажа гэтаксама, як сказаў на Волю (Корбут. — РС). Мяне гэта абурыла.

Рэнальд Кныш з вучаніцамі: Алена Ваўчэцкая, Тамара Аляксеева, Галіна Карчэўская (Грыбок) Фота з асабістага архіву Галіны Карчэўскай

Рэнальд Кныш з вучаніцамі: Алена Ваўчэцкая, Тамара Аляксеева, Галіна Карчэўская (Грыбок) Фота з асабістага архіву Галіны Карчэўскай

Галіна і Людміла апавядаюць, што дамаганьні пачыналіся ласкава, але, сустрэўшы супраціў, трэнэр рабіўся больш агрэсіўным. «Усякія распусныя дзеяньні ў дачыненьні да дзіцяці — гэта ўжо артыкул», — упэўнена кажа Галіна Паўлаўна.

— За грудзі ён вас чапаў падчас гэтага?

— Калі б толькі… ня буду апавядаць.

— Хто захоча пра гэты бруд апавядаць… — падтрымлівае яе Людміла Сяргееўна.

— Калі б ён ня ліў бруд на Вольгу (Корбут. — РС), мы яму гэтага не прыпомнілі б.

Галіна Паўлаўна і Людміла Сяргееўна ўспамінаюць грубыя вершы, показкі, словы з сэксуальным падтэкстам, якія, кажуць яны, Кныш ужываў пры іх рэгулярна. Паўтарыць для публікацыі не пагаджаюцца.

«Я заўсёды яму казала: як вам ня сорамна, Рэнальд Іванавіч, вы ж пэдагог. А ён мне: «Галя — камсамольская дура»», — кажа Галіна Паўлаўна.

«Я вам раскажу выпадак, пасьля якога я кінула гімнастыку, — згадвае Людміла Рабкова. — Ён мне пазваніў позна ўвечары, я тады з бацькамі жыла. Такім злосным голасам кажа: «Выйдзі, трэба паразмаўляць». Я спалохалася, але мы паслухмяныя былі, гэта ж трэнэр. Села ў машыну, ён хутка так павёз мяне далёка, пад Літву. Стаў прыставаць, я ўсяляк адпіхвалася. Ён кажа: «Я магу што заўгодна з табой зрабіць, скіну цябе ў Нёман, і ніхто не даведаецца нават». Пасьля са злосьцю такой хутка паехаў назад. Рэзка машыну спыніў і выпхнуў мяне зь яе. Я ўпала, ён паехаў. Я іду па шашы і плачу горкімі сьлязьмі. Ехаў вялікі аўтобус зь Літвы, спыніўся, кіроўца кажа: «Дзяўчынка, сядай, ня плач толькі». Я зайшла ў аўтобус, стала каля дзьвярэй сьпінай да ўсіх і плачу».

Галіна Паўлаўна перакананая, што ўжо ў тыя часы пра паводзіны Рэнальда Кныша з вучаніцамі «ўсе ведалі». Былыя гімнасткі мяркуюць, што трэнэр меў сэксуальныя стасункі зь іншымі вучаніцамі, на той момант яшчэ школьніцамі.

«Сорамна такое распавядаць, — адказвае Галіна Карчэўская на пытаньне, чаму не распавядалі дарослым. — Я неяк старэйшаму брату сказала, што прыстае. Ён проста прыйшоў у залю, пасядзеў. Я прывыкла, што ў мяне абарона заўжды. А пасьля ты ўжо гэтулькі гадоў гімнастыцы прысьвяціў, і табе падабаецца. А што дзіцяці трэба? А паехаць на спаборніцтвы! У Менск упершыню паехала, цягніком, гэта ж цікава. Варта ператрываць! Масква, Лужнікі, ЦСКА, трэнаваньні ў адной залі з Латынінай (Ларыса Латыніна — савецкая гімнастка, дзевяціразовая алімпійская чэмпіёнка. — РС). Як гэта кінуць? Проста ў школу хадзіць. Таму сядзіш як на кручку».

Галіна Карчэўская (Грыбок). Фота з асабістага архіву Галіны Карчэўскай

Галіна Карчэўская (Грыбок). Фота з асабістага архіву Галіны Карчэўскай

Нягледзячы на ўсе чуткі, Галіна Карчэўская мяркуе, што для кіраўніцтва «мэдалі былі важнейшыя». У тыя ж часы Кныш трэнуе Алену Ваўчэцкую (алімпійская чэмпіёнка 1964 году) і Тамару Аляксееву. Тамара Аляксеева пазьней стане жонкай Рэнальда Кныша, у іх народзіцца дачка. Пра неардынарныя стасункі ў групе Кныша і рэўнасьць да Алены Ваўчэцкай Аляксеева наўпрост піша ў сваёй кнізе «Как создавалась знаменитость».

«Я, калі пачула пра Корбут, сказала: «А хто гэтага ня ведаў!» — працягвае Галіна Паўлаўна. — Мы прыяжджалі на спаборніцтвы, пра нас казалі: «Гарэм Кныша прыехаў». Адкрытым тэкстам. Уся рэспубліка! У нагах ніхто не стаяў, але чуткі былі, — кажа яна. — У мяне муж валейбаліст. Калі мы зблізіліся, ён мне адразу зрабіў прапанову. Яму ўсе спартсмэны ў горадзе казалі: «Каго ты бярэш! Гарэм Кныша!» Таму якая жанчына замужам цяпер скажа, што было нешта. Хто будзе сябе пэцкаць? Ніхто. Іх можна зразумець. І я так кажу не таму, што ў мяне муж памёр, я і пры ім магла сказаць».

1970-я: «Ну што, парасяткі, ножкі парассоўвалі»

«Самы дзікі стрэс, які ў мяне быў, — гэта калі ён (Рэнальд Кныш. — РС) пакінуў мне часопісы. Мне было 16 гадоў», — згадвае Галіна Часноўская ў тэлефоннай размове.

Галіна займалася ў Рэнальда Кныша разам з Вольгай Корбут. Яны аднагодкі. Галіна апавядае, як Кныш у аўтамабілі завёз яе ў Парэчча (у кірунку Друскенікаў. — РС), у «нейкае поле».

«Сам сышоў за два кілямэтры наперад, каб ніхто ня бачыў. Пакінуў мне гэтыя часопісы з парнаграфіяй. У іх былі дзікія рэчы. Нейкія нэгры зь дзецьмі, яны там гвалцілі іх страшна. Ён прыходзіць: «Ну што, бачыла?!» — я кажу: «Не, ня бачыла». — «Ну што ты падманваеш», — кажа».

Гэтыя здымкі дагэтуль стаяць у яе перад вачыма, распавядае Галіна.

«Тым дзецям, клянуся вам, было па 5-6 гадоў. Было, напэўна, 5 часопісаў, я адзін паглядзела, усе іншыя выкінула. Як цяпер гэта ўсё памятаю, — кажа яна. — Навошта гэта было паказваць 16-гадоваму дзіцяці? Я ня ведала аніводнага хлопца, я ні з кім не цалавалася. Гэта нельга выдумаць. Мне гэта вельмі балюча».

Зборнікі паэзіі Рэнальда Кныша

Зборнікі паэзіі Рэнальда Кныша

Галіна кажа, што сэксуальныя цацкі, часопісы Кныш паказваў вучаніцам рэгулярна, яна сама была сьведкай гэтаму. Досьвед стасункаў з трэнэрам Галіна цяпер апісвае як «зьдзек». Кажа, што ён пачаў яе дамагацца, калі ёй споўнілася 16 гадоў.

«Памятаю, скачок у нас быў абавязковы на майстра спорту. У мяне нага зьехала, я ўпала на бервяно. Дык ён падыходзіць: «Ну што, пакажы, дзе табе балюча. Пакажы, як у цябе там успухла». Ды ён хворы чалавек!» — згадваючы гэта, Галіна амаль плача.

«Выходзіў на «гаўбец» (у гімнастычнай залі. — РС): «Ну што, парасяткі, седзіце, ножкі парассоўвалі, і чаго вы чакаеце?» Ён, вядома, таленавіты, наконт трэнэрства нічога не хачу сказаць. Але як чалавек ён дзікая сволач. Садзіў нас шэсьць чалавек у машыну. Калі камусьці даваў шакаляд у пакеце, то мы ўсе ведалі, што ён яе пакіне апошняй і будзе зь ёю «забаўляцца»».

Сама яна, кажа, хавалася пасьля трэнаваньняў у дыспэтчарскай, каб ня ехаць у машыне Кныша. «Мяне адна добрая жанчына там пускала схавацца, а другая не пускала. А ён прыходзіць: «Галя, я цябе падвязу, паехалі, паехалі»», — згадвае Галіна. — Гладзіў па назе: «Якая ў цябе ножка гладкая, якая ты такая-сякая і так далей».

«Шкада, што майго бацькі няма ў жывых, ён бы вам распавёў, як ён (Кныш. — РС) а палове на дванаццатую ночы ў машыне заламіў мне рукі за сьпіну. Сказаў: «Я цябе зараз згвалчу». Запальваньня нават не выключаў. Тата вяртаўся, пабачыў, адчыніў дзьверкі машыны, і ён адразу зьехаў», — распавядае Галіна. — А мне было так сорамна, вы не ўяўляеце, як мне было дзіка сорамна перад бацькам, што я змагла сабе такое дазволіць — з гэтай скацінай сядзець у адной машыне».

На наступны дзень, кажа Галіна, Кныш выгнаў яе з трэніроўкі. «Казаў мне: «Ідзі адсюль, цябе тата чакае», — згадвае яна. — Ён быў беспакараным чалавекам! Беспакараным!»

Галіна Часноўская 30 гадоў адпрацавала на катэдры фізычнага выхаваньня Горадзенскага мэдычнага ўнівэрсытэту, яна аўтар мэтадычных дапаможнікаў.

«Я ўжо працавала трэнэрам, ён мне званіў уначы: «Ну што, аднаго выпускаеш з форткі, другога пускаеш у дзьверы? І як яны, цябе задавальняюць? Што яны там з табой робяць?» — распавядае яна. — Ён мне сапсаваў жыцьцё, усе мае пачуцьці. Сапраўдныя пачуцьці да хлопцаў, каб узяцца за руку, прайсьціся… Ён быў сволаччу апошняй. І ўсе ведалі, што ён пэдафіл».

1980-я. «У маёй сьмерці прашу вінаваціць заслужанага трэнэра Рэнальда Кныша»

7 красавіка 1981 году 17-гадовая N. выпіла 120 таблетак нітрагліцэрыну і пакінула запіску, дзе вінаваціла у сваёй сьмерці Рэнальда Кныша. Два тыдні яна правяла ў коме.

Кніга Рэнальда Кныша

З заявай аб прыцягненьні Кныша да крымінальнай адказнасьці за дамаганьне, згвалтаваньне і давядзеньне да спробы самагубства яго непаўналетняй дачкі N. зьвярнуўся яе бацька, — распавядае Мікалай Кузьміч, на той момант старэйшы сьледчы Горадзенскай абласной пракуратуры, які вёў справу.

«Да заявы ад 22 красавіка 1981 году ён прыклаў запіску, якую пакінула перад спробай самагубства ягоная дачка», — апавядае Мікалай Кузьміч. — Яе мэта магла б быць дасягнутая, бо, наколькі я памятаю з паказаньняў маці, тая вярнулася дахаты раней, знайшла дачку ў непрытомным стане, тэрмінова выклікалі хуткую дапамогу, яе накіравалі ў Гарадзенскую абласную больніцу, дзе яна знаходзілася на лячэньні ў рэанімацыйным аддзяленьні. Дыягназ — «атручваньне нітрагліцэрынам цяжкай ступені, суіцыдальная спроба».

Таксама бацька далучыў да заявы запіску, якую Рэнальд Кныш перадаў N. пасьля таго, як яна выпісалася з рэанімацыйнага аддзяленьня. У запісцы было пытаньне, чаму яна кажа пра яго такія словы.

«Сям’я дзяўчыны была паважаная ўва ўсім, бацькі цалкам станоўчыя людзі, з вышэйшай адукацыяй», — згадвае Мікалай Кузьміч.

«N. не была пэрспэктыўнай гімнасткай, — распавядае Людміла Рабкова, якая была трэнэркаю дзяўчыны. — Але выглядам вельмі эфэктная, добрая фігура. Гэта ў гімнастыцы важна. Яны ў адным пад’езьдзе жылі з Кнышом. Я мела кантакт з маці, але маці мне нічога пра гэта не казала».

Крымінальная справа была заведзеная паводле артыкулу «Давядзеньне да самагубства».

«Падчас сьледзтва N. паказала, што ў пэрыяд з 1977 па 1979 гады ў яе з Кнышом былі полавыя стасункі. Што дома ў яго знаходзіліся часопісы парнаграфічнага зьместу, зь якімі ён яе знаёміў, — кажа Мікалай Кузьміч. — Казала, што стасункі пачаліся, калі ёй было 14 гадоў».

Паводле сьледчага, дзяўчына апісвала стасункі як звычайны полавы акт. Пра згвалтаваньне, ужываньне сілы размовы не было.

Мікалай Кузьміч праводзіў ператрус у кватэры Рэнальда Кныша. Сьледчы зьвяртае ўвагу, што паміж спробай самагубства, датай паступленьня заявы і адпаведна прызначэньня ператрусу прайшло дастаткова часу.

«На момант вобшуку парнаграфічных матэрыялаў не было. Кватэра там аднапакаёвая, вялікі дыван на падлозе, я гэта добра памятаю», — згадвае Мікалай Кузьміч.

«Сэксуальныя цацкі ў кватэры былі, — кажа сьледчы. — Але ў паказаньнях N. яны не фігуравалі, таму не было падставаў далучаць іх да справы».

Сам Рэнальд Кныш падчас сьледзтва паказаньні N. зьняпраўджваў.

«Сказаў, што ў інтымнай сувязі з N. ніколі ня быў, падарункаў ёй не дарыў і ў той кватэры, дзе, як яна казала, ён зь ёй меў стасункі, ня жыў, бо аддаў кватэру іншай сям’і трэнэраў, — кажа Мікалай Кузьміч. — Ён патлумачыў таксама, што перад спробай атруціцца яна прыйшла да яго ў кватэру, сказала, што ў яе кепскі настрой — «хоць кідайся з гаўбца». Зь ягоных паказаньняў памятаю, што ён адказаў: «Кідайся, толькі не з майго». Жартуючы гэтак».

У межах справы праводзілася комплексная судова-мэдычная экспэртыза N.

«У заключэньні пазначана, што цэласнасьць дзявоцкай плявы ў N. не парушаная, але асаблівасьці яе будовы дапускаюць магчымасьць полавых стасункаў без парушэньня плявы», — кажа Мікалай Кузьміч.

«Падчас сьледзтва Кныш Рэнальд Іванавіч заявіў, шо ён ня здольны мець полавыя стасункі з жанчынамі, — кажа Мікалай Кузьміч. — У сувязі з гэтым сьледзтва прызначыла комплексную сэксапаталягічную экспэртызу. Заключэньне было такое, што ўсё ў парадку ў яго і ён можа мець кантакты. Я яго пазнаёміў з вынікамі, як і належала».

Людмілу Рабкову выклікалі ў пракуратуру двойчы. «Сьледчага цікавіў толькі гэты выпадак. А пытаньняў, ці дамагаўся Кныш нас, ён не задаваў. І я не казала», — апавядае Людміла Рабкова. — Яна нейкія грошы зьбірала ў школе і ці то згубіла, ці нехта іх выцягнуў. Яна прыйшла да яго, бо баялася нават маці сказаць. Я думаю, што так усё ў іх адбылося».

Выклікалі ў пракуратуру і Галіну Часноўскую. Яна на той момант ужо працавала трэнэрам. «Я сьледчаму адразу сказала: «Думаю, вы самі ведаеце, што было, чаго не было», — згадвае яна. Але пра дамаганьні з боку Рэнальда Кныша Галіна Часноўская тады таксама не заяўляла.

Іншых гімнастак, пацьвярджае Мікалай Кузьміч, падчас сьледзтва выклікалі.

«Калі, напрыклад, яны пацьвердзілі б словы N. ці заявілі, што зь імі было тое самае, то гэта пацьвердзіла б віну трэнэра. Але падчас сьледзтва ніхто з дапытаных гімнастак не сказаў, што Кныш іх гвалціў ці проста ўчыняў полавыя акты ці яшчэ нешта падобнае», — кажа ён.

Супярэчнасьцяў у паказаньнях N. было вельмі шмат. «Напрыклад, яна казала, што пярсьцёнак Кныш падарыў, а аднаклясьнікі — што сама купіла. Казала, што ўсё адбывалася ў кватэры, а там іншыя людзі жывуць, — тлумачыць Мікалай Кузьміч. — І заключэньне судова-мэдычнай экспэртызы не пацьвярджала згвалтаваньня».

Пра ўсё было дакладзена пракурору Беларусі Адаму Магільніцкаму. «Крымінальная справа была спыненая за недаказанасьцю яго датычнасьці да злачынства, — заключае сьледчы. — З гэтай пастановай быў азнаёмлены Рэнальд Іванавіч. Ніякіх пытаньняў у яго ня ўзьнікла».

Вядома, што Вольга Корбут падчас сьледзтва заступілася за трэнэра. Яе сястра Людміла згадвае са спасылкай на словы самой Вольгі: «Тамара Аляксеева (першая, грамадзянская жонка Кныша. — РС.) прыехала да мяне ў Маскву і папрасіла: «Воля, толькі ты можаш гэта зрабіць». Яна прыехала і хадзіла да Магільніцкага».

«У матэрыялах справы была заява Вольгі Корбут пра тое, што ў дачыненьні да яе трэнэра вядзецца расьсьледаваньне, яна ў гэта ня верыць, ён вельмі годны чалавек і ўсё такое», — пацьвярджае Мікалай Кузьміч. — Яна тады заяўляла, што ён ня мае дачыненьня да нейкіх злачынных дзеяньняў. Я добра памятаю гэты ейны ліст, напісаны ад рукі на аркушыку з вучнёўскага сшытку».

Аднак, сьцьвярджае Мікалай Кузьміч, аніякай ролі ў разьвіцьці расьсьледаваньня і спыненьні справы Вольга Корбут ня мела.

«Яна не была тут ані сьведкай, ані фігуранткай. Ніякіх яе допытаў не было, у матэрыялах справы яна ня згадвалася, ніхто яе не запрашаў», — кажа ён.

Рэнальд Кныш пра справу N. успамінае рэгулярна і нават ахвотна. Падчас першага інтэрвію праз тэлефон, не дачакаўшыся майго пытаньня, ён кажа: «А вось яшчэ пытаюцца пра гэтую N.». Вэрсія тых падзеяў у Рэнальда Кныша наступная:

«Яна таксама прыходзіла на гімнастыку, але гімнасткі зь яе не атрымалася. Яна пабачыла, што я тут жыву, стала правяраць, прыходзіць да мяне нехта ці не. Выходжу — сустракаю яе на лесьвіцы. Заходжу — тое самае. Так цягнулася паўгода ці год».

Рэнальд Кныш

Пазьней, кажа Рэнальд Кныш, дзяўчына зайшла да яго па «кніжку Пушкіна».

«А пасьля прыходзіць і вось так каленку агаляе. Я кажу: «Уцякай адсюль, каб я цябе ня бачыў. Як табе ня сорамна. Мне ўжо 50-ы год ідзе, я табе ў бацькі гаджуся». Далей, распавядае Кныш, міліцыя шукала ў яго парнаграфічную прадукцыю.

«Нічога не знайшлі. А калі яна ляжала (у шпіталі. — РС), то аказалася, што яна цнатлівая, і нічога са мной не маглі зрабіць».

Ці быў нейкі ціск на сьледчага, які расьсьледаваў справу заслужанага трэнэра і ганаровага грамадзяніна Горадні? Мікалай Кузьміч гэта абвяргае.

«Не. Кіраўніцтва зь цікавасьцю слухала пра здабытыя паказаньні, пракурор рэспублікі Адам Магільніцкі быў вельмі годны чалавек, — апавядае ён. — Стаўленьне было такое: «дзейнічайце як лічыце патрэбным, высьвятляйце ўсе абставіны справы». Ісьці з такімі супярэчлівымі паказаньнямі ў суд не было падставаў».

«Я лічу, што справа была спыненая абгрунтавана», — заключае Мікалай Кузьміч.

Абскарджваць рашэньне ня сталі ані Кныш, ані сям’я пацярпелай. Пасьля гэтага Кныш ужо ня змог працаваць трэнэрам. Ці была гэта афіцыйная, галосная ці негалосная забарона, невядома. Аднак Рэнальд Кныш амаль на дзесяць гадоў зьяжджае з Горадні, вандруе па гарадах СССР, нідзе не працуе.

«Гэтаму ёсьць цяпер слова — пэдафілія»

3 красавіка 2018 у праграме «Пусть говорят» на расейскім Першым канале Вольга Корбут наўпрост абвінавачвае Рэнальда Кныша ў гвалце. Ён удзельнічае ў запісе праз скайп-сувязь з Горадні. У залі таксама сёстры Вольгі Корбут — Людміла і Зімфіра.

«Ён нагэтулькі жахліва пра сям’ю казаў і ў кнігах увесь час піша, што нейкія дэбілы, дрань, рвань. І так далей. Гэта не ўвайшло ў праграму. Увайшлі толькі тры словы. Гэта ўзарвала Волю», — распавядае Людміла Бажко (Корбут). — Я выходзіць не хацела, я так плакала за кулісамі. Я прасіла: «Спыніце перадачу, калі ласка, адклічце яе, яна сарваная, у яе цяпер па амэрыканскім часе ноч. Яна ня спала, ня ела».

Людмила Бажко (Корбут)

Людмила Бажко (Корбут)

Людміла кажа, што пра эпізод з абінавачаньнем у згвалтаваньні ў сцэнары праграмы ім не было вядома. Усё, што адбылося, стала для іх поўнай нечаканасьцю.

«У яго такая была прымаўка — «колькі вяровачцы ні віцца, канец будзе». Калі я ўсё гэта пачула, мне так захацелася, каб гэты канец настаў, — кажа яна. — Мне было цяжка сябе стрымліваць. Мне трэба было пераламіць усё, каб Волю супакоіць, я яе ўвесь час за руку трымала. І калі я выйшла, то, ня ведаючы, што ўключаны мікрафон, сказала: «Што ты робіш?». Я казала, каб яна не зрывалася, «што ты робіш з сабою» я мела на ўвазе».

Людміла працяглы час займалася ў Рэнальда Кныша разам зь сястрой. Вольга Корбут трэнавалася ў яго з 1965-га году - зь дзесяці гадоў.

«Ён увесь час кажа: я яе не чапаў, у яе не было траўмаў, — працягвае Людміла. — Дзікія былі траўмы, дзікія. Яна ламала локаць зь пераломам падузгуза, не згіналася рука, доўга сьпіца была ўстаўленая. Траўмы ў яе былі».

«І біў ён яе, — распавядае яна далей. — Прыніжаў. Вось так, напрыклад. Ідзе разьмінка ў залі. Маленькія, сярэднія дзеці, усе гімнасткі. Уваходзіць Воля, ужо ў статусе алімпійскай чэмпіёнкі, становіцца першая. Ён ёй: «Назад! У канец строю!» » Яна кажа: «Я ня буду ў канцы стаяць, чаму? Там дзеці 5-6 гадоў». Яна яго ня слухаецца, ён яе прылюдна ў залі можа ўдарыць — па галаве, па твары — пры дзецях. І я была сьведкай, я іх разьнімала. І ў разьдзявальні разьнімала, бегла за ім, бо ведала, што ён будзе яе перасьледаваць».

Людміла кажа, што ня ведала пра стасункі паміж сястрой і трэнэрам. Маўляў, Вольга ў тыя часы амаль не бывала дома, увесь час на зборах.

«Калі прыяжджала, то вельмі рэдка і ненадоўга. Што — прыехаць і адразу такое казаць? Думаю, што тады ніхто ня змог бы сказаць. Гэтаму ёсьць цяпер слова — пэдафілія. Тады гэтага не казалі. Гэта страшна, жахліва. Вы толькі падумайце, калі ёсьць дзеці або сёстры, што такое было. Яна сказала, што некалькі гадоў гэта працягвалася. Некалькі гадоў», — са сьлязьмі вымаўляе Людміла.

Вольга Корбут падчас Алімпіяды ў Мюнхене. 1972

Вольга Корбут падчас Алімпіяды ў Мюнхене. 1972

Яна спасылаецца на словы былога мужа Вольгі Лявона Барткевіча. Маўляў, ён распавядаў, што Вольга некалькі гадоў уначы прахоплівалася і крычала: «Не чапай мяне, мне балюча».

Сама Людміла кажа, што яўных дамаганьняў да яе з боку Рэнальда Кныша не было. Згадвае толькі, як аднойчы спыніла падобную спробу ў аўтамабілі, але без падрабязнасьцяў.

«Ён прывозіў з-за мяжы вельмі шмат парнаграфіі, усялякіх сэксуальных цацак. Я сама бачыла і нават распавяду пра выпадак, — кажа Людміла Бажко. — Мы стаялі «на гаўбцы». Ён выходзіць, прыносіць такі калейдаскоп і кажа: «Ну круці». Я кручу, а там такое… Гадоў мне было 13-14. Ён не пераадзяваўся ў трэнэрскай, як нармальны чалавек. У яго была свая. Ён туды ніколі нікога не пускаў. Цацкі такія, вісюлькі. Гэта ўсё ў нас было. Але карцінак, часопісаў я не бачыла».

— Што было ў тым калейдаскопе?

— Распранаемся, апранаемся, распранаемся, апранаемся, — рукой паказвае Людміла пабачанае 50 гадоў таму ў гімнастычнай залі.

— Сцэны сэксу былі там?

— Былі, вядома.

— Паміж мужчынам і жанчынай?

— Так.

Людміла Бажко (Корбут)

Людміла Бажко (Корбут)

Людміла Рабкова кажа, што пра стасункі Кныша з Вольгай ня ведала нічога. Галіна Часноўская словы Вольгі Корбут пацьвярджае без падрабязнасьцяў. У фільме«Вольга Корбут: гімнастка, яе трэнэр, яе супернік і прэзыдэнт», які тэлевізія BBC зьняла адразу пасьля першага прызнаньня Вольгі, удзельніца алімпійскай зборнай СССР Эльвіра Саадзі пацьвярджае, што Корбут казала ёй пра стасункі з Кнышом, яшчэ калі была спартсмэнкай.

«Хай бы ён ужо маўчаў пасьля передачы, — кажа Галіна Карчэўская. — І я яму гэта раіла раней, казала: «Навошта вы абліваеце Вольгу брудам у сваіх артыкулах?». Ён жа бясконца піша, што яна такая-сякая. Я кажу: «Што вы робіце?» А ён: «Яна пра мяне такое напляла!» Я кажу: «Напляла?! Вы ведаеце, што гэта праўда, і я ведаю, што гэта праўда»».

«Гэта ўсё вельмі цяжка для нашай сям’і, — Людміла Бажко (Корбут) стрымлівае сьлёзы. — Я берагу старэйшых сясьцёр, шмат чаго ім не кажу. Нам усё гэта вельмі балюча, вельмі балюча».

Кныш: «Яны вельмі хацелі самі»

«Хочаце пагаварыць, як я згвалціў Корбут?» — Рэнальду Кнышу сёлета споўніцца 87 гадоў, і ён адразу пагаджаецца на інтэрвію. Ён жанаты са сваёй былой вучаніцай Вольгай. Яна маладзейшая на 20 гадоў і мае дзявочае прозьвішча Кныш. Рэнальд Іванавіч з гонарам распавядае, што Вольга была закаханая ў яго зь дзяцінства. Жывуць яны ў сьціплай горадзенскай хрушчоўцы.

Рэнальд Кныш

Пасьля першай заявы Вольгі Корбут яе трэнэр Рэнальд Кныш раздаў безьліч інтэрвію. Ягоная рэакцыя на абвінавачаньні за гэтыя гады не зьмянілася, нават словы тыя самыя.

«Як гэта я мог! Столькі працы, столькі думак, столькі намаганьняў! А пасьля ўзяць і перад Алімпійскімі гульнямі ўсё гэта перакрэсьліць?» — кажа ён на просьбу адрэагаваць на словы Корбут.

«Ва ўсіх алімпійскіх чэмпіёнаў такое разуменьне, як я пабачыў: чым больш яны трэнэра прынізяць, тым больш яны сябе ўзьнімуць. Калі вы чытаеце прэсу: хто алімпійскае чэмпіёнства заваюе, усе ведаюць, а хто трэнэр — у дзясяткі і сотні разоў менш згадваюць, чым таго», — ён мяркуе, што менавіта гэта рухае Корбут.

— Сястра Людміла кажа, што бачыла, як вы яе білі.

— Бачыла? Ды ну! Адзін раз пасьля Алімпійскіх гульняў! Я яе шмат упрошваў, але нічога не атрымлівалася, — Рэнальд Кныш сьцьвярджае, што даў тады плескача Корбут, бо дамовіўся з Тамарай Аляксеевай, каб Корбут стала трэнавацца «назло яму».

Даведаўшыся, што распавядаюць пра яго іншыя вучаніцы, Рэнальд Кныш хвалюецца, але рэагуе прадказальна:

— Вашыя былыя вучаніцы кажуць, што вы ў машыне дамагаліся іх, чапалі іх за розныя месцы.

— Ну лухта, ну хто ж такое выдумаў… Гэта ж яны мне сказалі: калі вы яшчэ нешта скажаце супраць Корбут, то мы заявім, што вы да нас таксама прыставалі.

— А навошта?

— А хочуць такім чынам узьняць Корбут і мяне прынізіць. І ведаеце, яны вельмі хацелі самі… Няёмка казаць. Калі ў трэнэра група, то ўсе — прыхільніцы трэнэра. Кожная стараецца заваяваць трэнэра, зрабіць трэнэра сваім… ну, стаць яго каханкай ці жонкай.

— Вось так адразу 4 чалавекі?

— Не 4 чалавекі, а ўсе! Хто ў групе — усе глядзяць, вочкі строяць. І трэнэру трэба моцна змагацца з гэтым. Бо той, хто паддаецца, распускае сябе, ані ў якім разе не рыхтуе спартсмэнак высокай клясы!»

Рэнальд Кныш

Рэнальд Кныш

Гэтаксама адмаўляе Рэнальд Кныш абвінавачаньні ў тым, што паказваў вучаніцам сэксуальныя цацкі і порначасопісы («Ды вы што!»). Каб пацьвердзіць сваю рацыю, ён апавядае пра заведзеную калісьці супраць яго крымінальную справу, пра тое, як шукалі ў яго парнаграфію, нічога не знайшлі і справу закрылі. «Вось такая хлусьня і брыдота!» — кажа ён.

«Вось і рабі чалавеку нешта добрае. Яны ў мяне амаль не займаліся. Ну трошкі. Я не ўскладаў на іх вялікіх спадзяваньняў. Кардэбалет… Я развозіў іх па горадзе. І вось плата за гэтую справу. І плата, можа быць, за тое, што ўсе вучаніцы хочуць, каб я быў вельмі блізка зь імі», — рэагуе ён на абвінавачаньні былых вучаніц.

— У вас былі сэксуальныя стасункі з Вольгай?

— Ды вы што?! Гэта такая лухта! Жах!!

— А калейдаскоп?

— Ну такое глупства. Гэта ж трэба было сабрацца, агаварыць. Давайце скажам такое, а нас тры, нам павераць.

«Яны могуць проста з салідарнасьці (з Корбут. — РС), яны ўсе падтрымліваюць дачыненьні, зьбіраюцца па сьвятах, выпіваюць разам», — кажа Вольга Кныш. Яна таксама працуе трэнэрам. Тлумачыць, што стараецца ўсіх гэтых абвінавачаньняў не заўважаць.

«Хтосьці ў памыях купаецца, а хтосці ў крынічнай вадзе. Дык вось Корбут усё адно дзе купацца, галоўнае, каб бачылі, што яна плыве», — кажа яна.

Рэнальд Кныш адну за адной разгортвае свае кнігі, чытае адтуль вершы, у тым ліку і прысьвечаны Вользе Корбут. Скардзіцца, што ягоныя кнігі «забараняюць» друкаваць і распаўсюджваць. Чаму?

«Мне сказалі, што ў гэтай кніжцы я выступаю супраць перакананьняў выбітных спартовых дзеячоў, супраць алімпійскіх чэмпіёнаў. А алімпійскія чэмпіёны — гэта ворагі зьяўленьня новых чэмпіёнаў. Яны робяць усё магчымае, каб больш у гісторыі спорту супернікаў у іх не было. У гэтым я даўно пераканаўся. А іх ставяць дапамагаць прэзыдэнту, узначальваць алімпійскія камітэты і так далей. А яны робяць усё магчымае, каб пасрэднасьць была. Пакуль алімпійскія чэмпіёны будуць узначальваць спорт, падказваць, як трэба трэнаваць, гэта адно шкодніцтва».

Рэнальд Кныш

Рэнальд Кныш

«Вы ня ганьбіце мяне, — раптам просіць Рэнальд Кныш. — Бо гэтыя хочуць мяне зганьбіць. Хочуць прынізіць. Лічыцца так, што чым больш прыніжаеш кагосьці, тым больш узьнімаеш сябе. А тут будзе, бачыце, змова паміж імі… Вось і працуй, вось і вер, вось і рабі з кагосьці штосьці. А пасьля такая ўдзячнасьць. І чым больш культурна ставісься, тым больш пахабства», — усё больш разгублена кажа ён.

«Лухтой вы займаецеся, — ужо не хавае раздражненьня Вольга Кныш. — Гэтая валтузьня нічога ня вартая. Няма чаго ў гэтым капацца».

«А ў нас нешта памянялася, думаеце? Вы наіўная»

У адрозьненьне ад Вольгі Корбут, ніводная з жанчын ня кажа, што сталася ахвярай згвалтаваньня з боку Рэнальда Кныша ці мела зь ім сэксуальныя стасункі.

«Ён ня змог са мной зрабіць тое, што хацеў. Я сябе лічу пераможцай у гэтай схватцы зь ім, — кажа Галіна Карчэўская. — Помсьціць яму не хацела. Але пачуўшы, што ён ізноў ліе бруд на Вольгу… Яна ж сказала праўду. Маленькую частку праўды».

Галіна Карчэўская і Людміла Рабкова

Галіна Карчэўская і Людміла Рабкова

Людміла Рабкова і Галіна Карчэўская дзеяньні былога трэнэра ацэньваюць салідарна.

— Дамаганьні 13-14-гадовых дзяўчатак? Нават калі гэта не сканчалася полавым актам у звычайным разуменьні гэтага слова… Тут нават дзьвюх думак быць ня можа. Я ж пэдагог, хоць і не юрыст, але разумею, што гэта абсалютны крымінал, — кажа Галіна Карчэўская.

Яна лічыць, што адказнасьць за тое, што адбывалася, трэба прыняць на сябе ўсім. «Усе ведалі. Але мэдалі найперш за ўсё. Мы за цаной не пастаім. Чуткі хадзілі. Пры жаданьні пра ўсё можна было даведацца», — кажа яна.

«Маўчаць ужо нельга. Сёньня трэба пра гэта сказаць, — мяркуе Людміла Бажко. — Але ж трэба, каб дзеці ішлі ў гімнастыку, каб вялі туды дзяцей — і дзяўчатак, і хлопчыкаў. Другое — у яго (Рэнальда Кныша. — РС) за сьпінай сям’я, што б ні казалі».

«Балюча, — кажа Галіна Часноўская. — Балюча за сваю маладосьць, за дзяцінства. За тое, што ніхто не падтрымаў, не дапамог».

«Ніхто яму нічога ня зробіць, — працягвае яна. — Будзе ён ганаровым грамадзянінам гораду. Ва ўсіх захадах удзельнічае. Паўсюль распавядае, як ён выхаваў першую алімпійскую чэмпіёнку».

— Ну вось скажам — цяпер чалавеку займець такую ганьбу. Ня ведаю, — разважае Галіна Карчэўская. — Гэта ж пляма на ўвесь спорт.

— Гэта ж яшчэ пра савецкі спорт, — кажу я.

— А ў нас нешта памянялася, думаеце? Вы наіўная.

Аляксандра Дынько, Радыё Свабода

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура